Кветкі іншапланецянам - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Кветкі іншапланецянам
Кветкі іншапланецянам
На далёкай планеце, пра якую людзі зусім нічога не ведалі, шмат гадоў прымалі сігналы з Зямлі. Як гэта атрымлівалася, для зямлян вялікі сакрэт. Але факт застаецца фактам. Жыхары той далёкай планеты даведаліся, што на Зямлі растуць дзіўныя па прыгажосці расліны. Больш за ўсяго іх уразіла разнастайнасць нашых кветак. Навукоўцы незнаёмай нам планеты высвятлілі, што і ў іх таксама магчыма вырасціць такія кветкі, толькі неабходна здабыць насенне. Як жа гэта зрабіць? Застаецца толькі ляцець…      У палёт адправіўся малады іншапланецянін. Яго карабель за некалькі гадоў даляцеў да нашай планеты. Ніхто на Зямлі не ведаў пра яго прылёт. Ніякія радары не распазналі яго, ды і простым вокам такі карабель было цяжка заўважыць, таму што ён аказаўся маленькім, як пчолка. Перад палётам касманаўта разам з караблём паменшылі ў сотні разоў. Для гэтага былі прычыны, бо такі карабель ляціць хутчэй, ды і на незнаёмай планеце ў яго будзе менш праблем.
     Усё на Зямлі для юнака было вельмі цікавым. Сама планета – як цудоўны зялёна-блакітны шар, а на ёй столькі разнастайных раслін, горы, акіяны, рэкі, моры, раўніны, лясы і азёры. Першым, хто сустрэўся на шляху іншапланецяніна, была кветка Эдэльвейсу.
     О! Гэта дзіўная кветка! Яна, быццам выдатная белая зорачка-маяк, выпраменьвала светлавую энергію і прыцягнула да сябе касмічны карабель. Кветка расла амаль на вяршыні гары, куды карабель прызямліўся. Цікава, што "беласнежны маячок" першым павітаў іншапланецяніна. Аказваецца, як і ўсе кветкі на Зямлі, ён валодаў здольнасцю разумець іншапланетную мову сігналаў і жэстаў. Эдэльвейс паказаў юнаку, куды яму далей ляцець, і дзе растуць самыя прыгожыя кветкі на Зямлі.
     - Вунь яна! Гэта цёплая і вільготная зялёная даліна на беразе акіяна, - распавяла разумная кветка. – Ляці да яе!
     Такіх яркіх фарбаў і цудоўных водараў іншапланецянін нідзе і ніколі раней не сустракаў! Ён зусім разгубіўся і не ведаў, што яму рабіць далей. Юнак глядзеў на казачныя кветкі і не мог наглядзецца, зачараваны іх прыгажосцю. Казачна прыгожая белая Лілея зразумела яго думкі і павіталася з ім:
     – Добры дзень, дарагі невядомы госць! Навошта ты прыляцеў да нас?
     – Я прыляцеў за насеннем. Калі ласка, дайце мне трохі вашага кветкавага насення. Мы хочам пасадзіць яго на сваёй планеце. Тады ў нас вырастуць такія ж цудоўныя кветкі, што растуць у вас!
     – А ты ўпэўнены, што не загубіш насенне? Што яно не змерзне і не засохне на тваёй планеце? Кветкавае насенне – нашы дзеці! – спытала Лілея.
     – Вядома! Я ўпэўнены ў гэтым! Мы будзем даглядаць вашы кветкі і гадаваць іх, як маленькіх дзяцей!
     – Добра! Тады ляці да нашай Феі кветак. Яна адзіная, хто распараджаецца насеннем і ведае, дзе і як яго трэба садзіць. А жыве Фея вунь на тым кусце пунсовай ружы! – сказала Лілея і паказала юнаку дарогу.
     У адным з сотняў яркіх пунсовых бутонаў руж, якія раслі на велізарным кусце і вельмі прыемна пахлі, жыла маленькая Фея кветак. Яна была адзінай дачкой кветак, якія раслі ў зялёнай даліне. Фея ўмела лятаць і была падобная на маленькую дзяўчынку з перламутравымі крылцамі. Побач з кустом у прыгожай аранжавай скрыначцы яна захоўвала насенне кветак і дакладна ведала, у які час яго трэба высаджваць у зямлю.
     Фея кветак здзівілася, калі ўбачыла незвычайнага госця. Але неўзабаве яна разгаварылася з ім і пагадзілася даць яму трошкі насення ад самых прыгожых кветак. Яна растлумачыла юнаку, дзе і калі яго трэба высадзіць, да так, каб кветкі раслі прыгожымі і не хварэлі. Іншапланецянін уважліва слухаў і абяцаў выконваць усё ў дакладнасці, як казала Фея.
     Некалькі дзён на Зямлі для юнака праляцелі вельмі хутка. Фея кветак пасяліла яго ў такім жа цудоўным бутоне пунсовай ружы, у якім жыла сама. У вольны час яна лятала з ім на яго караблі ўздоўж узбярэжжа, паказваючы і распавядаючы юнаку пра жыццё на Зямлі. А калі надышоў час адлёту іншапланецяніна на сваю планету, ён зразумеў, што закахаўся ў выдатную дзяўчыну, Фею кветак, і не зможа так проста растацца з ёю!
     Юнак пачаў клікаць яе за сабой, але Фея рашуча адмовілася, хоць юны іншапланецянін ёй таксама вельмі спадабаўся.
     – Як жа я змагу пакінуць сваіх родных? Тут усе мяне ведаюць, і я ім вельмі патрэбна. Кветкі спадзяюцца на мяне, бо я высаджваю іх насенне ў зямлю і даглядаю яго. Але я абавязкова палячу з табой на вяршыню гары і праводжу цябе ў дарогу.
     – А як жа ты потым спусцішся ўніз? Гэта так высока і вельмі далёка адгэтуль!
     – У мяне ёсць крылцы. Я апрану іх і змагу ляцець, як матылёк. А калі мне будзе цяжка спускацца з гары, птушкі абавязкова дапамогуць, бо яны – мае сябры.
     У прызначаную гадзіну юнак-іншапланецянін, развітаўшыся з усімі кветкамі ў даліне руж, паляцеў з Феяй кветак у сваім маленькім касмічным караблі на вяршыню гары. А там ён пазнаёміў Фею з беласнежнай кветкай, падобнай на зорачку.
     Вы, напэўна, здагадаліся, што гэта была тая самая кветка Эдэльвейсу, якая першай сустрэла іншапланецяніна на Зямлі. Гэта незвычайная кветка-маячок расла вельмі блізка да неба і таму была здольная не толькі выпраменьваць светлавую энергію, а яшчэ прымаць з космасу радыёхвалі і расшыфроўваць іх.
     Неўзабаве камічны карабель панёс іншапланецяніна ў далёкую дарогу да яго роднай планеты. Фея кветак пажадала яму шчаслівай дарогі, затым спусцілася ўніз у даліну пунсовых руж і зноў узялася за сваю работу...
     
     З таго часу кветка Эдэльвейсу стала сапраўдным касмічным паштальёнам. Яна рэгулярна прымае сігналы з той самай далёкай планеты і перадае іх Феі кветак. Цяпер маленькая дзяўчына з добрымі вачамі і чулым сэрцам ведае ўсё-ўсё пра свайго каханага – як ён жыве, як растуць пунсовыя ружы на яго планеце, і калі ён ізноў прыляціць да яе ў госці на Зямлю.
     А для нас, людзей, усё гэта яшчэ пакуль знаходзіцца пад вялікім сакрэтам. Аднак, калі–небудзь гэты сакрэт раскрыецца, і мы будзем ведаць усё аб іншапланецянах, аб іх вандраваннях на Зямлю і пра тое, што робіцца на далёкіх яшчэ нязведаных намі планетах.
     
      Гэты аповед на рускай мове
22.08.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100