Доўгачаканая Вясна ў паўночнай тундры - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Доўгачаканая Вясна ў паўночнай тундры
Доўгачаканая Вясна ў паўночнай тундры
Круглы год на Зямлі пануюць зіма і лета, восень і вясна. Гэтыя чараўніцы любяць сяліцца ва ўсіх кутках нашай планеты, толькі ў розную пару года. Калі на поўначы пануе зіма, на поўдні надвор'ем кіруе лета, а праз паўгода ўсё будзе наадварот. Аднак бываюць і выключэнні з гэтых правілаў. Напрыклад, на экватар, у сярэдзіну Зямлі, марозная зіма наогул ніколі не заглядвае. Там заўсёды цёпла.      А вось на Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі адзін раз у год прыходзіць марозная і вельмі доўгая зіма. Тэмпература паветра ў гэтую пару года там можа дасягаць сямідзесяці градусаў марозу, а зіма будзе доўжыцца сем месяцаў. Гэта вельмі доўга! Паўночны полюс, які называюць Арктыкай, падчас зімы апускаецца ў цемру, настае палярная ноч, таму што сонейка нават зусім не ўзыходзіць на неба.
     Лета ж на полюсах Зямлі кароткае і прахалоднае. У гэты час сонейка наадварот не сыходзіць за гарызонт, таму настае працяглы палярны дзень. Але сонечныя прамяні толькі адлюстроўваюцца ад яркай ледзяной паверхні леднікоў, як ад велізарных люстэркаў. Вельмі тоўстыя леднікі, якія пакрываюць полюсы Зямлі, за кароткае лета не паспяваюць растаць.
     Хто ж зможа жыць у такіх умовах? Аказваецца, ёсць такія жывёлы. Гэта белыя мядзведзі. Марознай і вельмі доўгай палярнай ноччу белая мядзведзіца часта хаваецца ў ледзяную бярлогу і жыве ў ёй разам з маленькімі медзведзянятамі, сваімі дзецьмі, якія толькі-толькі нарадзіліся на свет. Медзведзяняты хутка растуць. Яны чакаюць, калі, нарэшце, на небе з'явіцца сонейка. Тады мама павядзе іх купацца ў моры! І хоць вада ў ім ледзяная, тоўсты цёплы кажушок сагрэе малышоў.
     Крыху далей ад полюсаў Зямлі, дзе няма леднікоў, але не растуць дрэвы, размешчана тундра. Дрэвы на гэтай халоднай зямлі не могуць вырасці, таму што яна за кароткае палярнае лета не адтае на тую глыбіню, на якую трэба прарасці караням дрэў. Але затое нават за такое нядоўгае халоднае лета ў тундры расцвітае мноства яркіх кветак, спеюць ягады марошкі, чарніц, брусніц. Пералётныя птушкі, якія не любяць вялікую спякоту, прылятаюць сюды з паўднёвых куткоў Зямлі, каб вывесці і выгадаваць птушанят. Птушкам падабаецца, што ў гэты час смачных ягад, мошак і чарвячкоў у тундры звышдастаткова. Але пасля кароткага лета ў тундры гэтак жа, як і на полюсах Зямлі, хутка настае марозная і доўгая зіма. Усю зіму працягваецца цёмная палярная ноч.
     Хто прыдумаў такое непрыемнае надвор'е ў запалярным месцы Зямлі, не вядома. Качэўнікі, якія жывуць на поўначы, у тундры, памятаюць гісторыю пра першую, самую доўгую і халодную зіму. Гэту гісторыю праўдзівую, а можа і выдуманую кімсьці, калісьці распавялі людзям іх сябры, паўночныя алені, а аленям – буйныя вятры-сіверы...
     
     У тыя даўнія часы ў тундры выдалася неверагодна халодная Зіма. Тэмпература паветра дасягала васьмідзесяці градусаў марозу і нават апускалася ніжэй. Белыя мядзведзіцы ў заснежаных бярлогах прыкрывалі сваімі касматымі тоўстымі лапамі маленькіх медзведзянятаў. Палярныя ваўкі і пясцы таксама пахаваліся пад снег у норах. Паўночным аленям і ездавым сабакам было складаней абараняцца ад лютага холаду. Качэўнікі, якія апынуліся ў тундры ў такі моцны мароз, хавалі сваіх ездавых сабак у пераносныя хаты – юрты. Аленям жа даводзілася штосьці прыдумляць, каб не акалець ад холаду. Яны збіваліся разам і сагравалі адно аднаго сваімі целамі.
     Адна сям'я Белай Курапаткі ў гэты год не змагла паляцець на зімоўку ў цяплейшыя паўднёвыя мясціны Зямлі. Увосень моцна захварэў іх малодшы сынок Ушасцік. Бацькі, мама з татам, як маглі, ратавалі яго. Неўзабаве ў тундру прыйшла вельмі халодная зіма. Лютыя ледзяныя вятры наскрозь прадзімалі бязмежную раўніну тундры. Добра, што мама, тата і двое птушанят, якія падраслі за лета, паспелі схавацца пад снегам у самаробнай хатцы-будане. Яны з нецярпеннем чакалі з'яўлення на небе свайго выратавальніка – Сонейка. Птушкі разумелі, калі яно ўзыдзе, растане снег і лёд, сагрэецца зямля, і будзе цяплей. Больш за ўсіх Сонейка чакаў Ушасцік.
     – Мама! Калі я ўбачу на небе Сонейка? – часта пытаў ён. – Я так чакаю яго!
     Птушаня добра запомніла мінулае лета. Тады ўся палярная тундра была пакрыта каляровым дываном з бэзавых званочкаў і белых пушысцікаў. Такую назву птушаняты далі незвычайным, вельмі прыгожым кветкам.
     – Ужо хутка, сынок! – супакойвала малога Белая Курапатка.
     Але праходзіў тыдзень, за ім – іншы, а Сонейка на небе так і не з'яўлялася. Ушасцік глядзеў на белы свет праз маленькую дзірачку ў засыпаным снегам даху іх зімовай хаткі і бачыў цёмна-шэрае неба. А на ім цудоўнымі ізумруднымі фарбамі пералівалася паўночнае ззянне. І хоць яно было вельмі прыгожае, сагрэць змёрзлую зямлю не магло.
     Птушаня журылася. Яно разумела, што Зіма і цёмная палярная Ноч не жадаюць сыходзіць з яго роднай тундры. Вось толькі чаму? Мама казала, што час Зімы ўжо прайшоў, і што ў тундру павінна прыйсці Вясна, а разам з ёй светлы палярны Дзень!
     Як высветлілася пазней, віноўнікам неверагодна халоднай Зімы ў тундры быў люты Мароз. Ён скаваў усю зямлю, быццам атуліў яе ледзяным панцырам. У дадатак, гэты злоснік дазволіў лётаць па тундры ледзяным паўночным вятрам-сіверам. Са страшным выццём і свістам гэтыя свавольнікі насіліся ля самай зямлі, палохаючы ўсё жывое, абяцаючы замарозіць кожнага, хто сустрэнецца на іх шляху!
     У гэты час спадарыня Вясна стаяла на парозе тундры, але ніяк не вырашалася туды ўвайсці. Як угаварыць страшэнны ашалелы Мароз сысці з гінучай зямлі, яна не ведала, бо ён не пашкадуе, замарозіць пералётных птушак. Далікатныя сэрцайкі цеплалюбівых птушачак акалеюць, не вытрымаўшы і гадзіны ў такім холадзе! Малюсенькія цельцы пералётных птушачак ператворацца ў лядзякі. А ўсім вядома, што толькі гэтыя звонкагалосыя птушкі сваімі радаснымі песнямі здольныя паклікаць выйсці з-за гарызонту на неба гарачае Сонейка...
     Так і не дачакаўшыся спадарыні Вясны і яе пеўчых птушак, жыхары палярнай тундры вырашылі самі клікаць і будзіць Сонейка. Людзі цёпла апрануліся і выйшлі са сваіх юрт. Яны распалілі кастры, пачалі вадзіць вакол іх карагоды і спяваць вясёлыя песні. Маладыя дзяўчыны і хлопцы звонкімі галасамі прасілі Сонейка ўзысці на неба. Іх адданыя сябры, ездавыя сабакі, гучна гаўкалі, па-сабачаму дапамагаючы гаспадарам. Неўзабаве ваўкі, белыя мядзведзі, пясцы, мышы-лемінгі і паўночныя алені ўключыліся ў такую патрэбную ўсім жыхарам тундры справу – гуканне-зазыванне Сонейка. Нават дзеці Белай Курапаткі вызірнулі са сваёй снежнай хованкі, пачуўшы галасы людзей і звяроў. Птушаняты пішчалі і гучна крычалі, падняўшы свае дзюбкі ўгару да неба!
     Нарэшце, адбылося тое, што даўно павінна было адбыцца. Сонейка прачнулася і выплыла з-за гарызонту на неба. Па заледзянелай зямлі паляцелі яго залатыя, напоўненыя святлом і цяплом прамяні. Яны асвятлілі і сагрэлі ўсё навокал! У палярнай тундры пачаўся доўгачаканы светлы палярны Дзень!
     Саслабеламу і панікламу Марозу прыйшлося збірацца на адпачынак у самую крайнюю, цяпер ужо паўднёвую кропку Зямлі. Зіма таксама паляцела шукаць сабе новае часовае месца жыхарства.
     А потым прыляцелі напалоханыя лютым Марозам пералётныя птушкі. Вясна доўга прасіла прабачэння ў жыхараў тундры за сваё спазненне.
     – Я не магла прыйсці раней, – апраўдвалася яна. – Тады б загінулі ўсе цеплалюбівыя пералётныя птушкі, якія заўсёды ляцяць разам са мной у вашы мясціны...
     У той памятны год спазніўшаяся Вясна паспрабавала хутчэй размаляваць палярную тундру каляровымі фарбамі. Блакітныя незабудкі, сінія званочкі, жоўтыя палярныя макі, ярка-чырвоная талакнянка парасцвіталі ва ўсіх куточках гэтай не аблашчанай прыродай зямлі. Усе жыхары тундры цешыліся Вясной. Птушкі, звяры, расліны, людзі сагрэліся пад сонечнымі прамянямі і хуценька ўзяліся выконваць свае справы. Пералётныя птушкі будавалі гнёзды на адталай зямлі, рыхтуючыся выседжваць і гадаваць птушанят. Напрыклад: чайкі, кулікі, гусі, качкі, гагары, белыя лебедзі зручна ўладкаваліся поруч дробных азёр і балот велізарнай паўночнай тундры, а недалёка ад іх у імху пабудавалі гняздзечкі снегіры і крыжадзюбы.
     Знаёмая нам сям'я Белай Курапаткі раней за ўсіх птушак узялася за работу. Бацькі пабудавалі вялікае гняздо для сябе, а побач – будавалі сабе гняздзечкі іх дзеці. Няхай і яны прывыкаюць да дарослага самастойнага жыцця.
     Вось толькі Палярная Сава вярнулася ў родныя мясціны пазней за ўсіх пералётных птушак. Аказваецца, яна заблудзілася. Так, гэта таксама бывае. Летась, увосень, дапытлівая птушка вырашыла ляцець на паўднёвы захад Зямлі, у мясціны, дзе яшчэ ніколі не зімавала. А там, у лясным краі, яна ледзь не загінула ў лапах хітрай Рысі. Сава вырвалася з кіпцюроў драпежніцы, але яе крыло доўга балела.
     – Прывітанне, суседка! – крыкнула Сава Курапатцы, прызямліўшыся побач з ёй.
     – Ах, гэта ты, Соўка! З вяртаннем цябе на радзіму! – узрадавалася Курапатка. – Я хвалявалася, ці не знікла ты ў далёкіх чужых краях.
     – Так і ёсць, я ледзь не загінула, – прызналася Сава і распавяла сяброўцы пра сваё няшчасце.
     – Тут ужо цябе ніхто не кране! – запэўніла яе Курапатка. – У тундры ты – гаспадыня.
     Калі дамой вярнулася Сава, Белай Курапатцы з яе сям’ёй стала неяк спакайней. Вядома, што сяброўка не дасць нікому ў крыўду ні сябе, ні суседзяў. Тут, у тундры, Саве ўсё знаёма да дробязяў. І яна ведае, як сябе паводзіць з ліхадзеямі.
     Але цяпер ніхто нікога не збіраўся крыўдзіць. Гэта так, бо ва ўсіх жыхароў тундры ў гэты час года мноства асабістых клопатаў. Няўжо можна камусьці шкодзіць, калі вакол такая вясновая прыгажосць? Уся тундра пераліваецца яркімі фарбамі велізарнага дывана з вясновай травы і кветак!
     І вось ужо ўслед за званочкамі і макамі, арктычным рамонкам і незабудкамі парасцвіталі кусцікі чарніц, дурніц, марошкі і журавін. У хуткім часе палярны Дзень падорыць птушкам, звярам і людзям сустрэчу з цёплым палярным Летам. А яно пачастуе ўсіх – дарослых жыхароў тундры і падрастаючых малышоў – сакавітымі вельмі смачнымі ягадкамі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.08.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100