Вандраванне Гноміка з Гусямі па Енісеі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вандраванне Гноміка з Гусямі па Енісеі
Вандраванне Гноміка з Гусямі па Енісеі
Якая велізарная наша Зямля! Колькі цудоўных дзіўных па прыгажосці і зусім яшчэ нязведаных месцаў утойваецца на нашай планеце! Хто скажа, колькі розных звяроў і птушак жыве ў тайговых сібірскіх краях? Але тое, што ў гэтыя глухія месцы прыязджае шмат дапытлівых вандроўнікаў, можна не сумнявацца. Усе яны вельмі адважныя і моцныя духам людзі, бо не баяцца суровага сібірскага надвор'я.      Сёння я хачу распавесці вам, мае дарагія чытачы, адну гісторыю, падобную на казку, якую мне аднойчы паведаў адзін з такіх вандроўнікаў. А яму хто б, вы думалі, яе распавёў? Ніколі не здагадаецеся. Гэта быў маленькі лясны Гномік.
     Яго наш вандроўнік аднойчы сустрэў у сібірскай тайзе, на схілах Саянскіх гор, калі спыніўся на начлег на беразе Енісея, адной з самых вялікіх рэк Сібіры. Вядома ж, вы ведаеце, што ў Сібіры цякуць тры вялікія паўнаводныя ракі – Об, Енісей і Лена. Усе гэтыя рэкі бяруць пачатак у гарах, дзе іх плыні хуткія і вельмі моцныя. Па дарозе ў іх уцякае шмат прытокаў, а калі рэкі выбіраюцца са скалістых цяснін на раўніну, то робяцца падобнымі на сапраўдныя моры, настолькі шырокімі становяцца іх рэчышчы. У канцы дарогі Об, Енісей і Лена ўліваюцца ў Паўночны Ледавіты акіян. Ён любіць іх, сваіх родных дзяцей, і прымае ў велізарны акіянскі дом.
     Маленькі Гномік пасяліўся ў хатцы з кедравых шышак, якую ён змайстраваў сябе ў тайзе на схіле гары ля самага вытоку Енісея. Ён часта прыходзіў на стромкі бераг бурлівай ракі і любаваўся яго хуткай плынню. “Гэта рака цячэ на Поўнач, але ж там нашмат халадней, чым тут, навошта Енісей імкнецца туды?”, – разважаў Гномік. Аднойчы ў сонечны восеньскі дзянёк, седзячы на беразе ракі, Гномік спытаў у гусей, чырвонаваллёвых казарак, якія ляцелі з Поўначы на зімоўку ў паўднёвыя краіны і па дарозе спыніліся на адпачынак на беразе Енісея:
     – Скажыце, куды цячэ Енісей?
     – У паўночную тундру! Гэта вельмі далёка! І там цяпер ужо даволі холадна, – адказалі птушкі.
     Казаркі прыляталі ў сібірскую тундру кожны год у пачатку лета. У гэты час зямля ў тых краях ужо паспявала адтаць ад снегу і пакрыцца цудоўным зялёным дываном з духмянай травы і моху. Птушкі будавалі гнёзды на зямлі, выседжвалі з яек птушанят, кармілі і гадавалі іх, а ўвосень ужо з маладым патомствам ляцелі з тундры зімаваць на Поўдзень.
     – Калі ласка, вазьміце мяне з сабой, калі зноў паляціце ў тундру будучай вясной, – папрасіў гусей дапытлівы Гномік.
     – Добра, мы абавязкова возьмем цябе, рыхтуйся да вандравання, – адказаў Важак гусінай чарады.
     Калі вясновай парой казаркі зноў прыляцелі ў Саяны, Гномік ужо чакаў іх. Шчаслівы, ён усеўся на спіну да Важака, і чарада птушак адправілася ў далёкае вандраванне.
     
     Вось аповед Гноміка пра гэтае займальнае падарожжа:
     "Наш пералёт працягваўся шмат дзён. Гусі ляцелі над лясамі, гарамі, рэкамі і азёрамі. Яны неслі мяне па чарзе на сваіх крылах. Усю дарогу побач з намі знаходзіўся Енісей. Гусі арыентаваліся на яго. А Енісей быў гэтаму рад. Ён размаўляў, шумеў, жартаваў і нават спяваў нам свае песні. Так, так! Вы не паверыце! Рэкі таксама ўмеюць спяваць і гаварыць па-свойму. Мы разумелі мову Енісея.
     Гэта вельмі моцная і мужная рака. У пачатку сваёй дарогі, у гарах, Енісей яшчэ не шырокі, але хуткі і гарэзлівы, як дзіця. Ён нясецца з вышыні ўніз, шуміць і рассыпае пырскі па баках. Выбіраючыся на раўніну, рака становіцца ледзь спакайнейшай і злучаецца з прытокамі. Іх шмат, і ўсе яны – яго сябры, таму што аддаюць яму сваю ваду, не шкадуючы ні кропелькі. І тады Енісей становіцца яшчэ больш мацнейшым і шырэйшым. Вось так ён дабіраецца да акіяна. У канцы дарогі Енісей ужо настолькі шырокі, што нават птушкам цяжка яго пераляцець.
     Вясной, як і ўсе паўночныя рэкі, Енісей пачынае адтаваць ад лёду і разліваецца па навакольным лугам. Так было і падчас нашага пералёту. Мае гусі не паляцелі да берага Паўночнага Ледавітага акіяна. Там, каля самога акіяна, вельмі халодная зямля, а птушкі могуць будаваць гнёзды толькі на цёплай зямлі, каб не застудзіць маленькіх птушанят. І не толькі наша чарада казарак ляцела ў тундру, разам з намі ляцелі чароды качак і гагачоў.
     Далёка наперадзе ад нас, на Поўнач ляцела сапраўдная чараўніца Вясна. Птушкі не бачылі яе, але там, дзе яна пралятала, ажывалі дрэвы і зелянела трава, адтавалі рэкі і азёры.
     Было цікава назіраць за тым, што рабілася ўнізе, – працягваў Гномік свой аповед. – Мы бачылі, як бурая мядзведзіца вылазіла з бярлогі і выводзіла на святло маленькіх медзведзянят, як па дрэвах скакала вавёрка, зрываючы кедравыя шышкі з галінак, і несла арэшкі ў дупло маленькім ваверчанятам. З верхавіны высокай елкі за намі назірала кудлатая расамаха, падобная на медзведзяня. Аднойчы хітрая ліса падкралася да гусей, калі мы спыніліся на начлег на беразе тайговага возера. Яна ледзь не з'ела самую маладую казарку, дачушку адной гускі. Але яе бацька, адважны гусак, заўважыў лісу, сыкнуў, грозна замахаў крыламі перад самым носам лісы і адагнаў нягодніцу.
     Толькі праз месяц, у пачатку чэрвеня, мы дабраліся да месца. Усе птушкі разляцеліся па абшарах тундры і пачалі будаваць гнёзды ля берагоў невялікіх азёр і рачулак. Улетку ў тундры шмат святла, таму што ўначы сонца не сыходзіць за гарызонт. Гэтая пара завецца палярным днём.
     Я жыў у маленькай хатцы, зробленай з моху і галінак, недалёка ад гнязда Важака гусінай чарады. У тундры мы сустрэлі Белую Саву. Яна – палярніца, і амаль увесь час жыве ў тундры, толькі на зіму адлятае далей на Поўдзень у тайговыя лясы, каб атуліцца ад злых і вельмі халодных ветраў-сівераў. Гусі не баяцца Саву, яны селяцца побач і сябруюць з ёю. Белая Сава паляўнічая, але ніколі не чапае сваіх суседзяў. Наадварот, яна абараняе іх гнёзды ад ворагаў, іншых драпежных птушак і звяроў.
     Я і не заўважыў, як прабегла кароткае паўночнае лета, – працягваў распавядаць Гномік. – Побач з намі жыла сям'я Белай Курапаткі. Гэта карэнныя жыхары тундры, мудрыя і спакойныя птушкі. Я пасябраваў з імі. Курапатка-маці паведала мне пра цудоўнае паўночнае ззянне, якое зімой падчас палярнай ночы асвятляе ўсё неба. А яшчэ яна распавяла мне пра Дзядулю Мароза, які жыве зусім недалёка ад іх.
     А калі надышоў жнівень, ва ўсіх гусак з нашай чарады падраслі і навучыліся лятаць птушаняты. І тады Важак скамандаваў рыхтавацца да адлёту на Поўдзень. Я развітаўся з сям'ёй Курапаткі, – сказаў Гномік, – і мы адправіліся ў зваротную дарогу. Услед за намі з тундры на Поўдзень накіраваліся чароды качак, гусей, гагачоў і кулікоў.
     Па дарозе назад мы таксама рабілі прыпынкі. Неяк на паляне ў лесе я збіраў чарніцы, і да мяне падышоў Лось. Вы ведаеце, якія ў яго прыгожыя рогі! Яны мне падабаюцца нават больш, чым рогі паўночных аленяў. Лось жыве ў тайговых лясах. Ён баіцца людзей і не падыходзіць да іх блізка. Лось не адразу заўважыў мяне, бо я маленькі, а Лось наогул дрэнна бачыць, затое добра чуе ўсе гукі і шоргаты. Калі затрашчалі галінкі ў мяне пад нагамі, ён мяне і заўважыў. Я спытаў, што гэта ён еў, і здзівіўся, таму што Лось жаваў траву скрыпень. Для яго гэта такі ж ласунак, як для людзей цукеркі. А потым мы зноў адправіліся ў дарогу. Гусі спяшаліся. Яны данеслі мяне дадому, а самі паляцелі далей у кірунку да Каспійскага мора. Надышла восень, і халады ішлі за намі па пятах".
     – Гэта ўсё, пра што мне распавёў Гномік, – сказаў вандроўнік. – А яшчэ я прывёз з сібірскай тайгі мяшочак кедравых арэшкаў. Іх па маёй просьбе сабрала адна выдатная сібірская Вавёрачка з прыгожым пухнатым хвастом. Яна скакала па кедры і выцягвала з шышак арэшкі, а потым убачыла мяне. Я паказаў ёй свой капялюш, маўляў, збяры мне сюды, калі ласка, арэшкаў. І Вавёрка зразумела. Яна насыпала мне арэхаў у капялюш прама з дрэва. Мабыць, я ёй таксама спадабаўся, раз яна так зрабіла.
     Пасля вандроўнік дастаў свой мяшочак з кедравымі арэшкамі і пачаставаў мяне. Я падзякавала яму за цікавы аповед і паабяцала, што запішу гэту цікавую гісторыю для сваіх чытачоў.
     
      Гэтая казка на рускай мове
3.08.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100