Гармонія гукаў (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гармонія гукаў (казка)
Гармонія гукаў (казка)
У адным Касцёле даўным-даўно пасяліўся цудоўны інструмент па імені Арган. Калі Музыка дакранаўся да яго клавіш, у той жа момант з металічных трубачак рознай вышыні і таўшчыні, якія стаялі ўздоўж царкоўнай сцяны, даносіўся незвычайны, то звонкі, то прыглушаны, то тоненькі, а то басісты гук. Адначасовае гучанне вялікай колькасці трубачак стварала штосьці падобнае на ігру духавога аркестра. Толькі гэтыя гукі былі нашмат зладжанымі і гарманічнымі.      Касцёл палюбіў Музыку Аргана. Пад яго акампанемент спяваў царкоўны хор. Здавалася, што светлыя і натхнёныя гукі Аргана разам з галасамі спевакоў ляцяць угару да нябёсаў і Бога.
     Аднойчы Касцёл наведалі дзве Скрыпачкі, Альт і Віяланчэль. Яны размясціліся бліжэй да старадаўняга інструмента і зайгралі. Скрыпкі, Альт і Віяланчэль былі даўно знаёмыя адно з адным, часта збіраліся разам, каб нацешыцца выдатнай Музыкай. Яны інтуітыўна адчувалі, як ім трэба гучаць у той ці іншы момант. А злучыўшыся разам, іх чыстыя і меладычныя галасы сталі падобныя на далікатную і ласкавую песню чатырох неразлучных сяброў. Скрыпачкі, Альт і Віяланчэль натхнёна спявалі пра Каханне!
     Арган апынуўся адным дарослым мужчынам у гэтым юным калектыве. Але ён не схібіў, а вельмі тактычна і высакародна прапанаваў Скрыпачкам, Альту і Віяланчэлі свой удзел. Стары Арган зайграў у такт з імі, як бы падтрымліваючы і дапаўняючы іх галасы.
     Касцёл, пачуўшы гэтую Музыку, быў здзіўлены зладжанасцю і гарманічнасцю музычных гукаў і з падзякай прыняў іх.
     "Якое шчасце, што ў Музыцы можна дасягнуць такога паразумення! О, Божа! Дапамажы ж грэшным людзям навучыцца з высакароднасцю і любоўю разумець адно аднаго", – прамовіў сам сабе невялікі старэнькі Касцёл.
     З гэтай думкай ён званіў ў свае меладычныя званы, накіраваўшы позірк у неабсяжнае неба.
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.07.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100