Саксафон - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Саксафон
Саксафон
Дзесьці на белым свеце яшчэ дагэтуль у старажытных таемных сховішчах схаваны зямныя скарбы. І гэта не толькі золата і каштоўнасці. Парой губляюцца на шматлікія гады вельмі патрэбныя і важныя для чалавецтва прадметы.      Выдатны музычны інструмент – Саксафон, калісьці створаны ўмелым майстрам, таксама быў згублены і забыты на доўгія гады. А адшукаў яго зусім выпадкова ў напаўразбураным замку адзін цікаўны чалавек, скрыпач, музыкант вялікага сімфанічнага аркестра. Разам з сям'ёй: жонкай, дачкой і сынам гэты чалавек падарожнічаў па свеце. На экскурсіі ў старадаўнім замку, праходзячы праз велізарную залу, тонкі музычны слых гэтага чалавека ўлавіў нечы ціхі голас, вельмі падобны на гучанне кларнета. Калі скрыпач падышоў бліжэй, ён зразумеў, што загадкавы голас утоены ў сцяне замка. Разам з экскурсаводам яны адшукалі ў сцяне сховішча, у якім доўгі час захоўваўся невядомы музычны інструмент. Хто і навошта паклаў яго туды, было не зразумела.
     Яркі бліскучы, падобны на выгнутую трубу старадаўні духавы інструмент, нарэшце, патрапіў у патрэбныя рукі. Але як на ім іграць, і ці зможа ён гучаць так, як гучаў раней, шмат гадоў назад? Ніхто гэтага не ведаў. Ды і сам інструмент, змучаны доўгай няволяй, вельмі баяўся, што яго голас не будзе гучаць так, як калісьці гучаў. Але калі Саксафон вынеслі з цемры старога замка на белы свет, і ён убачыў незвычайна яркую чароўную прыгажосць прыроды, яго душа схамянулася, і ён заспяваў таксама, як і раней.
     – Дык, ты ж сапраўдны скарб! – зразумеў скрыпач. – Я пакажу цябе сваім сябрам музыкантам. Твой звонкі меладычны голас упрыгожыць гучанне нашага аркестра. Цябе палюбяць. Знойдзецца музыкант, хто абавязкова пасябруе з табой на ўсё жыццё.
     Так і выйшла. Саксафон спадабаўся ўсім. Малады музыкант сімфанічнага аркестра ўзяў інструмент у рукі, пагладзіў яго зіхатлівае выгнутае цела, дакрануўся да бліскучых клапанаў і зайграў. Саксафон заспяваў далікатна, ласкава, натхнёна!
     – Хто ж так доўга хаваў ад усіх нас гэты цуд! – усклікнулі музыканты аркестра.
     Але Саксафон прамаўчаў. Ён не хацеў успамінаць мінулае жыццё ў цемры і холадзе за сцяной старажытнага замка. У той тайнік яго калісьці схаваў нядбайны малады Прынц, які паленаваўся вывучаць нотную грамату і вучыцца іграць на музычным інструменце, таму і сказаў бацьку Каралю, што выпадкова ўтапіў Саксафон у глыбокім возеры.
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.07.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100