Шчаслівы выпадак (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчаслівы выпадак (казка)
Шчаслівы выпадак (казка)
     Дзесьці ў свеце ёсць далёкая краіна.
     Там жыве мая надзея сінявокая.
     Песня.
     
Ёсць на Зямлі вельмі прыгожае месца ля берага сіняга акіяна. Там амаль да самага мора падступаюць высокія горы, верхавіны якіх накрыты бліскучымі леднікамі. У падножжа гэтых гор раскінулася зялёная вельмі цёплая даліна. На ёй калісьці ў даўнія часы пасяліліся людзі. Яны пабудавалі прыгожы горад і далі яму цудоўную назву – Шчаслівы. Але жыхары горада не лічаць, што яны заўсёды бываюць шчаслівымі. У іх жыцці здараюцца ўсякія моманты. Бывае, чалавек адчувае сябе шчаслівым, а бывае, што і не. Як кажуць, усё наша жыццё залежыць ад рознага роду выпадкаў. Неяк я праязджала праз гэты горад і выпадковы спадарожнік, з якім мне давялося пазнаёміцца на вакзале, распавёў адну цікавую гісторыю, якая адбылася з двума жыхарамі гэтага горада.      Калі гэта было, мне не вядома, але, відаць, ужо даўно. Жылі тут маладыя хлопец і дзяўчына. Яны не ведалі адзін аднаго. Цікавыя і таленавітыя маладыя людзі чамусьці не маглі знайсці сваю палавінку. Ні ў аднаго, ні ў другога не было сапраўднага адданага сябра, з якім можна было б звязаць свой лёс. Дзяўчына малявала цудоўныя карціны, на якіх было шмат сонечнага святла і цяпла, а хлопец ствараў выдатныя скульптуры і быў даволі вядомым майстрам у гэтым горадзе. І мастачка, і скульптар з вялікім натхненнем займаліся кожны сваёй творчасцю, але часам іх сэрцы раздзіраліся ад гора і самоты, бо ў іх не было сапраўдных сяброў.
     Дзве вялікасці выпадку – Шчаслівы Выпадак і Няшчасны Выпадак – кіравалі жыццём гэтых людзей. Кожны пражываў сваё жыццё па-рознаму: часам камусьці з іх усміхаўся поспех, але бывала, што да кагосьці прыходзіла і гора. Але ў гэтым няма ніякага дзіва, так бывае ў жыцці ва ўсіх людзей.
     Неяк у адзін са сваіх шчаслівых дзён дзяўчына намалявала выдатную карціну. Гэта быў маляўнічы пейзаж – яркае сонца, чыстае блакітнае неба, высокія горы і бязмежнае мора, дзе ля самага берага стаяла маладзенькая дзяўчына з вачамі колеру марской хвалі і шчасліва ўсміхалася. Скончыўшы маляваць, мастачка паглядзела на сваё тварэнне і прамовіла:
     – Як бы я жадала, каб ты была маёй сяброўкай!
     А ў гэты момант Шчаслівы Выпадак назіраў за мастачкай і вырашыў дапамагчы ёй рэалізаваць сваю мару. Дзяўчынка ажыла, саскочыла з палатна і ўміг апынулася на стале перад дзяўчынай, якая яе намалявала. Гэта здарэнне вельмі ўзрадавала мастачку, таму што скончылася яе адзінота. Цяпер у яе хаце пасялілася маленькая красуня, якая не дазваляла нудзіцца. Яны пасябравалі і знайшлі шмат тэм для гутарак. Малой падабаліся карціны мастачкі, і яна дапамагала ёй іх маляваць.
     А тым часам у хлопца, які ствараў скульптуры, не ўсё добра складалася ў жыцці. Часта яму не шанцавала, і Няшчасны Выпадак не даваў магчымасці выляпіць такую скульптуру, аб якой ён марыў. Але і скульптару аднойчы ўсміхнуўся поспех – Шчаслівы Выпадак зазірнуў з дарогі ў яго хату. Хлопец стварыў невялікую скульптуру маладога чалавека – дужага, прыгожага, з добрым і высакародным тварам. Скульптару так спадабалася ўласнае тварэнне, што ён прамовіў услых:
     – Як бы я жадаў, каб гэты малады чалавек ажыў, бо ён такі выдатны!
     І яго вялікасць Шчаслівы Выпадак тут жа дапамог яму – ажывіў скульптуру. Маленькі чалавечак зрабіў некалькі крокаў і загаварыў са сваім стваральнікам:
     – Добры дзень! Мне здаецца, што сёння выдатны шчаслівы дзень!
     Скульптар быў неймаверна здзіўлены гэтым здарэннем, душа яго спявала і радавалася – нарэшце ў яго з'явіўся вельмі добры маленькі сябар!
     З той пары прайшло нямала часу. Мастачка і скульптар пастарэлі, а іх тварэнні так і заставаліся маладымі і прыгожымі. Маленькай дзяўчынцы і маладому хлопцу было ўжо не так цікава са сваімі бацькамі – пастарэлымі мастачкай і скульптарам, бо моладзі хочацца іншага, цікавейшага жыцця. Юныя хлопец і дзяўчына пачалі часам уцякаць са сваіх хат, вырывацца на волю, каб пагуляць па беразе мора і, мабыць, сустрэць такіх жа, як і яны, маладых сяброў.
     У адзін з ясных сонечных дзён Шчаслівы Выпадак звёў іх разам – яны пазнаёміліся і пасябравалі. Неўзабаве казачныя прыгажуня і маленькі чалавечак пакахалі адзін аднаго і пачалі думаць пра вяселле. Нарэшце, яны вырашыліся сказаць пра ўсё мастачцы і скульптару, хоць вельмі баяліся, што іх не зразумеюць бацькі, не дадуць сваёй згоды і не адпусцяць ад сябе. І як тут не спрабаваў Няшчасны Выпадак перашкодзіць шчасцю гэтых казачных стварэнняў, але ён не змог выканаць сваю падступную задуму. Яго апярэдзіў Шчаслівы Выпадак. Ён дапамог бацькам усё зразумець і адпусціць на волю родных дзяцей, даўшы ім бацькоўскае блаславенне.
     Але як жа склаўся далейшы лёс мастачкі і скульптара? Яны зноў засталіся жыць у адзіноце? Не, гэтага не магло адбыцца. Мастачка і скульптар таксама сустрэліся, іх пазнаёмілі казачныя дзеці. Вядома ж, бацькі не маглі не пасябраваць, бо ў іх было агульнае вялікае захапленне – творчасць. Яны сталі жыць у адной хаце, каб дапамагаць адно аднаму. Усё астатняе жыццё мастачка і скульптар працавалі і змаглі стварыць яшчэ шмат выдатных твораў, народжаных ад іх вялікага паразумення і шчырага кахання.
     
     p.s. Наша жыццё выдатнае і дзіўнае. І калі табе не шанцуе цяпер, не думай, што так будзе заўсёды. Аднойчы на тваім шляху сустрэнецца Шчаслівы Выпадак і дапаможа табе рэалізаваць твае планы. Толькі не адчайвайся, ідзі да сваёй мэты і вер у свой шчаслівы лёс.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.07.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100