Тры кроплі святой расы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Тры кроплі святой расы
Тры кроплі святой расы
У стэпавай даліне ля падножжа высокіх "нябесных гор" Цянь-Шаня ў невялікім мястэчку жыла сям'я: хлопчык, дзяўчынка, іх бацькі і дзядуля. Годную працу знайсці ў родным мястэчку было немагчыма, таму бацькі дзяцей часта пакідалі іх на свайго старога бацьку, а самі з'яжджалі на заробкі ў вялікі горад.      Аднойчы здарылася бяда. Дзяўчынка цяжка захварэла. У яе паднялася высокая тэмпература. Небарака саслабла так, што нават не магла ўстаць з ложка. Дзядуля тэрмінова прывёў у хату мясцовага лекара, спадзяючыся, што той вылечыць маленькую Дынару, якой ледзь споўнілася пяць гадоў.
     – Ваша ўнучка сур'ёзна захварэла, – сказаў лекар, агледзеўшы дзяўчынку. – Нажаль, я зараз не змагу вылечыць яе. У мяне няма лекаў ад гэтай хваробы, і ў аптэцы вы іх не знойдзеце. Калісьці даўно ў нашым мястэчку такой хваробай хварэў адзін чалавек. Стары лекар, мой настаўнік, якога цяпер ужо няма на свеце, вылячыў хворага. Ён сам зрабіў лекі па старадаўнім рэцэпце. У мяне захаваўся гэты рэцэпт. У лекі ўваходзяць некалькі кампанентаў, якія можна купіць у аптэцы. Але галоўны кампанент – тры кроплі расы. Ён утвараецца ў чашачцы святой кветкі, якая расце высока ў гарах Цянь-Шаня.
     – Я пайду ў горы і адшукаю гэтую кветку! – сказаў Цімур, дзевяцігадовы брат Дынары.
     Хлопчык горача любіў сваю сястрычку і, пачуўшы аповед пажылога лекара, тут жа вырашыў адправіцца на пошукі кветкі, хоць яшчэ ні разу ў жыцці не падымаўся на высокую гару.
     – Калі ты вырашыш гэта зрабіць, тады я дам табе ў дапамогу свайго осліка, – прапанаваў лекар. – Мой ослік разумны, з ім я стаптаў шмат горных сцяжынак у пошуках зёлак.
     – Я буду вельмі ўдзячны вам! – сказаў Цімур. – Заўтра ж я адпраўлюся ў дарогу, бо ведаю, мне трэба абавязкова выратаваць маю сястрычку.
     Дзядуля не стаў пераконваць унука застацца дома, хоць разумеў, як нялёгка будзе Цімуру знайсці ў гарах запаветную кветку. Стары паклаў хлопчыку ў рукзак пляшку з вадой, буханку хлеба, кавалак сала, соль, бутэлечку для кропелек расы, цёмныя акуляры і шапку ад гарачага сонца, нож і запалкі.
     – Будзь асцярожны, унучак, – папярэдзіў дзядуля. – У гарах табе могуць сустрэцца драпежныя звяры і птушкі. І невядома, як яны павядуць сябе – прымуць цябе за сябра альбо за ворага.
     – Не хвалюйся, дзядуля! – супакоіў яго хлопчык. – Я нікому не буду рабіць шкоды і, спадзяюся, змагу пасябраваць з ваўком, мядзведзем і нават са снежным барсам.
     Назаўтра Цімур адправіўся ў паход на даўгавухім Джыгіце. Так клікалі осліка, якога даў хлопчыку на час вандравання добры лекар. Ослік аказаўся вельмі кемлівым. Ён павёў Цімура ў горы па сцяжынцы, якую добра зведаў за час вандраванняў з лекарам. Гэтая сцяжынка прывяла іх да горнай ракі, і частку шляху яны прайшлі ўздоўж яе, пакуль не выйшлі да велізарнага возера. "Гэта Іссык-Куль", – зразумеў Цімур. Тата распавядаў яму пра тое, што гэта возера – глыбокая міжгорная лагчына, запоўненая рачной вадой. Тое, што яго глыбіня 700 метраў, і ў возера ўпадае мноства горных рэк, хлопчык таксама ведаў.
     Палюбаваўшыся на люстраную сінь Іссык-Куля, акружанага высокімі скаламі, вандроўнікі адправіліся далей па сцяжынцы, якая вяла наверх. Па баках расла высокая трава, кусты саксаула, капеечніка, шыпшынніка, дзікія яблыні, алыча, грэцкі арэх. Раптам з-за кустоў паказалася нечая вострая мыска. "Дык гэта ж ліса", – зразумеў Цімур. Ён ні кропелькі не спалохаўся, бо ведаў, яна сама яго спалохаецца і ўцячэ. Усё так і выйшла. Па дарозе вандроўнікі сустракалі дробных грызуноў – мышэй, нават сусліка і тушканчыка. Ніхто з гэтых звяркоў не прычыніў ім турботы. Калі ж яны ўвайшлі ў хваёвы лес, насустрач ім выбег буры Мядзведзь, самы сапраўдны.
     – Эр-р-р! – зароў звер.
     – Мы табе не ворагі! – крыкнуў Цімур. – Нам не патрэбен твой лес і твая тэрыторыя. Мы хочам дабрацца да святой кветкі, якая вылечыць маю хворую сястрычку. Ты ведаеш, дзе расце такая кветка?
     – Там-м-м-м! – зароў Мядзведзь, паказваючы лапай у горы. Як гэта ні дзіўна, ён не крануў вандроўнікаў і прапусціў іх у свой хвойнік. Пасля сустрэчы з дзікім зверам, Цімур стаў часцей аглядаць усё вакол сябе, а Джыгіт, нічога не баючыся, упарта ішоў наперад. Раптам перад імі адкрылася неверагодна прыгожая карціна. Гэта быў выдатны найвелізарны луг, скрозь абсыпаны духмянымі кветкамі.
     – Джыгіт! Гэта ж альпійскі луг! – захапіўся Цімур. Ён не раз слухаў аповеды дзядулі пра тое, што такія лугі размяшчаюцца на вышыні да трох тысяч метраў ад узроўню мора. Значыць, яны з Джыгітам ужо ўзлезлі так высока!
     – Напэўна, тут мы адшукаем запаветную кветку, – сказаў хлопчык.
     Але ў адказ ослік паматаў галавой. Ён ведаў, што такой кветкі на гэтым лузе няма, таму што не раз прыходзіў сюды з лекарам збіраць гаючыя кветкі і траву.
     Што толькі тут ні расло! Блакітныя незабудкі, прымулы, яркія кветкі герані рассыпаліся па лузе. У высокай траве мільгалі мышыныя хвасты і віднеліся стройныя фігуркі суркоў, якія, выбраўшыся з норкі, станавіліся на дзвюх задніх лапках і, нібы сапраўдныя "вартавыя", ахоўвалі супакой сваіх сваякоў.
     – Дзе ж мы знойдзем такую кветку? – засмуціўся хлопчык. Ён не ведаў, куды трэба ісці, каб адшукаць яе.
     Раптам да іх падбег Заяц. Ён, як і Мядзведзь, аказаўся вельмі разумным, бо адразу зразумеў, што шукае гэты хлопчык.
     – Цок-цок-цок, – ці то піснуў, ці то крыкнуў Заяц і паклікаў вандроўнікаў за сабой.
     Цяпер ужо іншая сцяжынка павяла іх яшчэ вышэй насустрач снежным вяршыням гор. Але дабегшы да канца альпійскага лугу, Заяц спыніўся. Там, хтосьці быў.
     І гэты хтосьці быў ні кім іншым, як самым сапраўдным Снежным Барсам!
     Вялікая кошка з дымчатай поўсцю, абсыпанай цёмнымі плямамі, з доўгім хвастом і вялікімі зялёнымі вачамі ўважліва сачыла за вандроўнікамі.
     – Добры дзень, Снежны Барс! – крыкнуў Цімур. Ён стараўся не хваляваць грознага звера і гаварыў з ім прыязным тонам. – Я прыйшоў у твае валадарствы за лекамі для маёй сястрычкі. Яна хворая. Яе зможа вылечыць святая кветка. На досвітку ў ёй можна адшукаць тры кроплі гаючай расы.
     – Так-р-р-р-р! – прагыркаў Снежны Барс. – Р-р-р-ранкам!
     Ён падняўся з травы і, мякка пераступаючы сваімі кароткімі лапамі, павёў вандроўнікаў яшчэ вышэй да скал, туды, дзе было яго логава. Зялёныя лугі змяніліся заснежанай зямлёй і камянямі. З-пад снегу выглядвалі мох і лішайнікі. Далёка за вострымі заледзянелымі вяршынямі гор Цімур заўважыў яркі пунсовы захад сонца. Набліжалася ноч.
     Снежны Барс прывёў вандроўнікаў у сваю пячору на начлег. А раніцай перадаў хлопчыка Кумаю – велізарнаму снежнаму грыфу. Ослік застаўся ў пячоры чакаць Цімура, бо туды, на вяршыню гары, ужо ніхто, акрамя гэтай моцнай птушкі, дабрацца б не змог. Кумай пасадзіў Тімура на свае трохмятровыя крылы і падняў да самай вяршыні гары. Там, грыф гэта бачыў зоркімі птушынымі вачамі, расла тая самая святая кветка…
     Не, гэта быў не эдэльвейс – белая касматая кветка, падобная на зорку. А хлопчык шукаў менавіта яе, бо чуў пра такую незвычайна ўстойлівую да марозу кветку, якая расце высока ў гарах. Аднак гэта была іншая кветка – далікатная пахкая, яркая, сапраўдная Кветачка-сяміколерная. Яна свяцілася! Калі яе асвятляла сонца, кожны пялёстак пераліваўся ўсімі фарбамі вясёлкі, і, нібы звонкая струна, выдаваў гукі. Атрымлівалася мелодыя: "Шчасця, любові, дабрабыту". Усяго гэтага чароўная Кветка жадала ўсім, хто жыў на Зямлі! У сярэдзіне Кветкі свяціліся, быццам жамчужыны, кропелькі святой расы. Гэтую расу штораніцы асвячалі нябесныя Анёлы. Кветка не пашкадавала, яна з радасцю аддала тры кропелькі святой расы хлопчыку. Іх Цімур пераліў у сваю бутэлечку і тут жа схаваў у рукзак, каб не страціць.
     Як пашанцава яму на сяброў! Снежны грыф Кумай, Снежны Барс, Заяц, Мядзведзь, ослік па мянушцы Джыгіт дапамаглі браціку здабыць лекі для сваёй хворай сястрычкі. Але Тімур таксама не застаўся ні ў каго ў даўгу, а пачаставаў усіх тымі харчамі, што ляжалі ў яго рукзаку.
     Урэшце Джыгіт прывёз хлопчыка дамоў, а сам тут жа заваліўся адпачываць у густую траву поруч хаты лекара. Лекар хуценька зрабіў лекі і аднёс іх хворай Дынары. Не прайшло і тыдня, як яна акрыяла, чаму ўсе, хто яе ратаваў, былі вельмі рады…
     
     Ведайце! Добрыя справы аб'ядноўваюць усіх – добрых і чулых людзей, звярэй і птушак і, вядома ж, такія справы ствараюць для нашага шчасця Анёлы-захавальнікі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
21.06.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100