Палёты ў сне і наяве - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Палёты ў сне і наяве
Палёты ў сне і наяве
У двары вялікага шматпавярховага дома жыў кот Барсік. Ён вельмі любіў залазіць на дрэвы. Там ён мог сядзець вельмі доўга і з вышыні назіраць за ўсім, што ў гэты час адбывалася ў двары. Аказваецца, як і людзі, каты бываюць вельмі дапытлівыя. Ката Барсіка цікавіла літаральна ўсё: куды ідзе стары з авоськай, ці ёсць у ёй рыба альбо мяса, хто сядзіць у калясцы, якую вязе вунь тая матуля, што гэта за сабака бяжыць па дарожцы, ці варта яго баяцца.      Прыблізна так аднойчы і разважаў Барсік, седзячы амаль на самай верхавіне старой рабіны. А ў гэты ж час з акна сваёй кватэры на другім паверсе за ім назіраў хлопчык Юрка. Ён глядзеў на ката, на галубоў, якія плаўна прызямляліся на яго балкон, і думаў пра тое, як цікава жыць тым, хто ўмее лятаць. Вось, напрыклад, гэтыя птушкі. Яны лятаюць, куды захочуць, і пры гэтым кожны раз зведваюць выдатнае пачуццё лунання ў небе над зямлёй...
     Юрка часта прыходзіў у гарадскі парк. Ён любіў катацца на каруселях, арэлях, на коле агляду. Часам хлопчык нават лятаў у сне – нібы на вышыні птушынага палёту. Прачнуўшыся, успомніўшы свой сон, ён шчасліва пацягваўся ў пасцелі, і яму было вельмі прыемна яшчэ і яшчэ раз згадваць з заплюшчанымі вачыма – як гэта ён так на здзіўленне лёгка мог лятаць!
     Ішоў час. Хлопчык вырас і скончыў школу. Але жаданне лятаць у яго не прайшло. Таму ён і вырашыў паступаць у лётнае вучылішча. Юрка стаў лётчыкам. Зараз, калі ён садзіцца ў самалёт і сам падымае яго ў паветра, то кожны раз перажывае незвычайнае пачуццё асалоды ад адчування палёту.
     Юрка вельмі любіць сваю прафесію. А як жа кот Барсік? Ён ужо састарэў, але ўсё роўна часам залазіць на самае высокае дрэва і глядзіць з вышыні ўніз. Можа кот усё жыццё так любіць лазіць на дрэвы таму, што гэтак жа, як і Юрка, часта лятае ў сваіх снах і не можа жыць без неба?
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.05.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100