Настаўніца фізікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Настаўніца фізікі
Настаўніца фізікі
     Прысвячаецца Але Маркаўне, настаўніцы 166 школы горада Мінска. (2000 г)
     
Саша рос дапытлівым хлопчыкам, любіў матэматыку, гісторыю і геаграфію. Запісаўся ў кружок тэхнічнага мадэліравання, сам змайстраваў драўляны парусны караблік. За сваю работу ён нават атрымаў прыз на конкурсе. Мама з гонарам за сына захоўвала яго вырабы, малюнкі, першыя школьныя сшыткі. "Хай ён калі-небудзь зірне на іх і ўспомніць сваё дзяцінства", – думала яна. Калісьці яе маці, Сашына бабуля, захавала на памяць некаторыя школьныя рэчы дачкі – дзённікі, паштоўкі, вышытыя ў школе да свята 8 Марта сурвэткі. Мама паказвала іх Сашы.      Але Саша не выдзяляўся у школе. Ён не імкнуўся вучыцца так, як у свой час вучылася яго мама. У яе за ўвесь час вучобы ў школе і інстытуце не было ніводнай тройкі! "Не, я ніколі не буду выдатнікам”, – думаў хлопчык. Часта лянота завалодвала ім, і колькі мама ні ўгаворвала – ён ніяк не мог ад яе пазбавіцца. Яму не хацелася ісці ў школу, садзіцца за ўрокі. Нават з сябрамі ён ленаваўся сустракацца. Часта пасля школы Саша праседжваў ля тэлевізара да самага матулінага прыходу з працы і толькі потым, спяшаючыся, рабіў урокі. У школе яму было сумна. Заўсёдны шум і крык у класе, дурныя жарты аднакласнікаў, увогуле, амаль нічога цікавага.
     – Кім ты хочаш стаць? – часам пытала ў яго мама. – Трэба выбраць менавіта тое, што табе цікава. І думаць пра сваю будучую прафесію ўжо цяпер.
     Часам да іх заходзіў дзядзька Толя. Ён падабаўся Сашы. Хлопчык захапляўся яго высакароднасцю і розумам. Матулін брат, па яе словах, яшчэ з дзяцінства марыў пра прафесію канструктара.
     – У яго залатыя рукі, – распавядала мама. – Колькі ўсяго ён змайстраваў сам. У наш час у бацькоў не было грошай на цацкі, і твой дзядзька, калі быў хлопчыкам, сам майстраваў цацкі: пісталеты, самакат. А пасталеўшы і захапіўшыся толькі тады яшчэ з'явіўшымся ансамблем "Бітлз", ён зрабіў сабе драўляную электрагітару і колерамузыку. Пасля заканчэння школы паступіў ў радыётэхнічны інстытут пры конкурсе дваццаць чалавек на месца, у дваццаць сем гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў вядучым канструктарам. Цяпер ён яшчэ і камп’ютэршчык, піша і прадае свае праграмы.
     У Сашы было два блізкія сябры – Дзіма і Сяргей. Улетку яны любілі разам пакатацца на веласіпедах, а ўзімку – на лыжах. Але вядома, самымі любімымі ў іх былі гутаркі пра камп’ютэры. Лепш за ўсіх у гэтым разбіраўся Дзіма. І гэта не дзіва! У яго быў старэйшы брат, які ўжо скончыў радыётэхнічны тэхнікум і працаваў праграмістам. Дзіма раней за ўсіх даведваўся пра самыя цікавыя навінкі з камп’ютэрнай вобласці і без утойвання дзяліўся сваімі ведамі з блізкімі сябрамі. Саша трохі зайздросціў Дзімку. Яму таксама вельмі хацелася стаць праграмістам і больш даведацца пра камп’ютэры. Мець дома свой асабісты камп’ютэр здавалася яму недасягальнай марай, бо камп’ютэр такі дарагі, што нават непрыемна прасіць яго ў мамы. А яна, бачачы нарастаючае захапленне сына, выпісала яму "Камп’ютэрную газету", каб патроху "адукоўваўся".
     – Мама! Пасля шостага класа я запішуся ў кружок па праграміраванні ў Палац Моладзі. Там навучаюць цэлыя чатыры гады і нават даюць пасведчанне аб заканчэнні! – аднойчы Саша сказаў маці.
     У кружку з'явіліся новыя сябры і новыя інтарэсы. І неяк само сабой хлопчык стаў больш думаць пра вучобу ў школе. Матэматыка, фізіка – цяпер на гэтыя прадметы ён налягаў з усяе сілы. Аднак у хлопчыка было адчуванне, што яму не хапае ведаў па ім. Аднойчы ён убачыў у кнігарні “Вялікі энцыклапедычны слоўнік па матэматыцы”. Угаварыў маму, каб дала грошы купіць кнігу. І вось слоўнік яго. Лагарыфмы, нават інтэгралы – як усё гэта цікава, але яшчэ не зусім зразумела!
     І тут ізноў сыну дапамагла мама. Яна даведалася, што ў суседняй школе дырэктар набірае дзяцей з добрымі адзнакамі па фізіцы і матэматыцы ў профільны фізіка-матэматычны восьмы клас. Саша паспяхова вытрымаў свой першы іспыт і быў залічаны ў клас. Пачалася вучоба. А затым – о, гэта шанцаванне!
     – Мама! Наша класная кіраўніца выкладае фізіку. Яна так добра тлумачыць, што літаральна ўсё зразумела. Яе завуць Ала Маркаўна. Яна самая лепшая настаўніца ў нашай школе. Ты не ўяўляеш! Яна гатовая нас вучыць цэлымі днямі. А як яна любіць дзяцей! Уся школа ў захапленні ад яе!
     Саша не зманіў. Яго мама змагла пераканацца ў гэтым сама на бацькоўскім сходзе. Яна ўжо прывыкла да частай змены класных кіраўнікоў за час вучобы свайго сына. Усе яны былі маладзенькімі настаўніцамі і, вядома, не такімі дасведчанымі, як бы хацелася. Не, яе сына яны не выгаворвалі, але і не балавалі вялікімі пахваламі. А тут!
     У клас да бацькоў увайшла немаладая настаўніца. Яна ўсміхнулася і прывіталася з усімі. Убачыўшы яе добры прамяністы позірк, накіраваны на ўсіх без выключэння бацькоў, Сашына мама мімаволі ўспомніла сваіх школьных настаўнікаў. Жанчына ўзгадала любімую 12-ю сярэднюю школу ў тыя далёкія шасцідзесятыя гады. "Яна быццам мая першая настаўніца, Тамара Іванаўна!" – падумалася ёй.
     Ала Маркаўна не была шматслоўнай. Яна нічога не патрабавала ад бацькоў і толькі хваліла, хваліла і хваліла ўсіх і кожнага без выключэння свайго вучня.
     – Яны ўсе выдатныя і вельмі разумныя, – казала яна. – А як яны імкнуцца вучыцца!
     Бацькі слухалі настаўніцу з сумненнем.
     – Не можа быць! – казала мама Каці. – Мая дачка трохі лянуецца. Я бачу.
     – Няпраўда! – адказвала ёй на гэта настаўніца. – У Вас добрая дачка. Яна вельмі стараецца.
     Пасля сходу бацькі разыходзіліся, не верачы гэтай "дзіўнай" настаўніцы.
     – Яна ўсё перабольшвае, – разважалі яны. – З дзецьмі трэба быць стражэйшымі.
     Аднак час паказаў, чыя тады была праўда. Сашын клас за год вельмі моцна падцягнуўся ў вучобе. Вучні любілі і абагаўлялі сваю класную кіраўніцу. Яе ўрокі фізікі яны запомнілі на ўсё жыццё. А пасля заканчэння адзінаццатага класа ўсе дзеці з Сашынага класа паступілі ў ВНУ і тэхнікумы…
     
     Саша часта ўспамінаў сваю Алу Маркаўну.
     – Такой настаўніцы, як яна, у мяне ўжо ніколі не будзе! – казаў ён маме.
     Але вось пачалася вучоба ў ВНУ. І… ізноў шанцаванне!
     – Мама! Наша настаўніца па фізіцы проста апантаная! Мне шанцуе на настаўнікаў па фізіцы!
     Вось так і працягваецца Сашына вучоба. Ён імкнецца, каб у яго заліковай кніжцы былі толькі дзявяткі і дзясяткі, і вельмі ўдзячны ўсім добрым настаўнікам, якія ўжо сустрэліся на яго жыццёвым шляху. А Ала Маркаўна застанецца ў яго душы, як самы добры і душэўны настаўнік і сябар!
     
     Ад аўтара:
     У гэтым апавяданні апісваецца жыццё хлапчукоў-падлеткаў, горача захапіўшыхся сусветнымі кампъютэрнымі тэхналогіямі на мяжы канца 20-га, пачатку 21-га стагоддзя. У такі няпросты, але вельмі цікавы час раслі мой сын і яго школьныя сябры. Я бачыла іх стараннасць і велізарнае жаданне ўвайсці дасведчанымі ў гэтую незнаёмую, але вельмі прыцягальную прафесію компьютэршчыка. Для мільёнаў хлапчукоў таго часу мець уласны персанальны кампъютэр было пад час самай запаветнай марай. А навучыцца працаваць на ім самастойна, вывучыць і зразумець яго канструкцыю, асвоіць мовы праграміравання было наогул зааблочнай марай. Тым больш, калі гэтай новай прафесіяй у нашай краіне тады валодалі адзінкі, перакладная на рускую мову камп’ютэрная літаратура ў кнігарнях прадавалася па вялікай цане.
     
      Гэты аповед на рускай мове
24.03.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100