Курсорчык-вандроўнік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Курсорчык-вандроўнік
Курсорчык-вандроўнік
Бабуля Камп’ютэрная Мыш ніяк не магла ўсачыць за сваім унукам, мышанём Курсорчыкам. Ён раз-пораз ірваўся на экран камп’ютэра і шукаў там прыгоды.      – Куды ты пабег! – бурчала Камп’ютэрная Мыш. – Ты там патрапіш прама ў камп’ютэрныя сеткі і яшчэ, незнарок, заблудзішся. Што мне потым з табой рабіць?
     – Не бойся, бабуля, не заблуджуся! – адказваў унучак і ўцякаў на новую старонку інтэрнэту. А там так цікава!
     Вось, напрыклад, Вікіпедыя распавядае пра ўсё на свеце. І пра розных звяроў і птушак можна даведацца, пагартаўшы яе старонкі. Можна прачытаць, дзе яны жывуць, з кім сябруюць, што ядуць і дзе любяць падарожнічаць. Можна даведацца ўсё пра моры і акіяны, пра мацерыкі, пра вулканы, увогуле, нават і не пералічыш усяго, пра што можна даведацца ў гэтым дзіўным даведніку.
     Але мышаню, вядома ж, хацелася ў першую чаргу даведацца пра такіх жа, як і ён, мышанят, з якімі можна пасябраваць. І ён пабег на старонку з мульцяшкамі Youtube. А там сустрэўся і пасябраваў з Мікі Маўсам.
     Толькі праз пару гадзін бабуля камп’ютэрная Мыш змагла яго дагукацца назад і то толькі з дапамогай Сярожынай мамы, бо хлопчык гэтак жа захапіўся вандраваннем да Мікі Маўса, як і Курсорчык. Аднак усім вядома, што дзецям нельга доўга сядзець ля камп’ютэра, бо можна пашкодзіць вочкі. Ды і маляню Курсорчыку абавязкова патрэбен адпачынак, гэта ведае яго бабуля Камп’ютэрная Мыш.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.03.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100