Твой Будзільнік (казка-аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Твой Будзільнік (казка-аповед)
Твой Будзільнік (казка-аповед)
Пасля школы Сяргей не спяшаўся садзіцца за ўрокі. Паабедаўшы, ён уключыў камп’ютар і вырашыў трохі пагуляць. На стале ў яго стаяў Будзільнік. Хлопчык навёў яго на шаснаццаць гадзін. "Калі празвініць, тады і буду рабіць урокі" – вырашыў Сяргей. Але ў прызначаны час хлопчык машынальна выключыў яго і працягнуў гульню. Пра ўрокі ўспомніў толькі ў палове сёмага, калі прыйшла з працы мама і нагадала яму пра іх. Разгарнуў дзённік – цэлых шэсць урокаў на заўтра задалі! Але рабіць няма чаго. Трэба вучыць. Пяць урокаў адолеў, зірнуў на Будзільнік – ужо палова на дванаццатую ночы. “Вельмі спаць хочацца! Добра, як-небудзь гісторыю на перапынку прачытаю", – разважыў Сяргей і заваліўся ў ложак. Мімаходам зірнуў на Будзільнік – а той быццам дакарае яго ў чымсьці. Сяргей пстрыкнуў па ім – маўчы, маўляў, не твая справа, усё добра! І тут жа заснуў.      А Будзільнік пакрыўдзіўся: "Сам не паспеў, не вывучыў урок, а па мне стукае. Я што яму палка якая-небудзь? Я ж Будзільнік і буджу яго кожную раніцу! А ён сёння не завёў мяне. Вось вазьму і правучу яго заўтра. Спынюся і ўсё тут! Мне таксама патрэбен адпачынак".
     Так і адбылося. Раніцай Сяргей спазніўся ў школу, праспаў, бо з вечара забыўся завесці свой Будзільнік. І “класная” напісала ў дзённіку – "Спазніўся на ўрокі". Раззлаваўся Сяргей, але не на сябе, а на Будзільнік. Прыйшоў дахаты і стукнуў па ім так, што ён зламаўся. Будзільнік ад крыўды ледзь не заплакаў. Ён тут пры чым? Сяргей сам забыўся яго завесці!
     Прыйшла мама. Убачыла зламаны Будзільнік, запіс у дзённіку і сказала:
     – Ведаеш, сынок, вельмі дрэнна спаганяць сваю злосць на кімсьці альбо на чымсьці. Будзільнік жа тут ні пры чым. Ён дзень пры дні стараўся, будзіў цябе своечасова. А ты завошта з ім так абышоўся? Не Будзільнік забыўся цябе разбудзіць, а ты сам забыўся яго завесці.
     Сяргей паглядзеў на цыферблат, і яму стала няёмка і сорамна.
     – Добра, – сказаў ён маме, – заўтра аднясу яго ў рамонт.
     – Вось і добра, – пахваліла мама. – А пакуль адрамантуюць твой Будзільнік, ужо прыйдзецца мне будзіць цябе ранкам. Але ўлічы, што імкнуцца ўставаць своечасова, каб не спазняцца ў школу, а потым, калі вырасцеш, і на працу, табе прыйдзецца ўсё сваё жыццё. І вельмі добра, калі ў гэтым табе хтосьці або штосьці дапамагае. Трэба цаніць гэтую дапамогу і быць удзячным за яе.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.03.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100