Гномік і казачная Дзяўчынка-матылёк - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гномік і казачная Дзяўчынка-матылёк
Гномік і казачная Дзяўчынка-матылёк
У пакоі адной гарадской кватэры на падаконніку стаяла шмат вазонаў з кветкамі. Самымі прыгожымі былі ярка-чырвоныя ружы. На адным з вазонаў пасялілася маленькая Дзяўчынка з крылцамі, як у матылька. Днём яна спала, накрыўшыся лісцікам, а ўначы даглядала кветкі. У гэтым і быў увесь адказ пра тое, чаму кветкі вельмі добра раслі і цвілі.      Але гэтага ніхто са сталых людзей не ведаў. Кожны, хто прыходзіў да гаспадыні, бабульцы васьмідзесяці гадоў, дзівіўся таму, наколькі дагледжаны і заўсёды прыгожыя яе хатнія кветкі. Бабуля ж не магла іх даглядаць, таму што сама была вельмі слабая. Нават рабіць хатнюю працу ёй было цяжка. Ніхто, акрамя яе ўнучкі, не здагадваўся, што кветкі выдатна растуць і пахнуць, дзякуючы маленькай Дзяўчынцы, падобнай на матылёк. Унучка бабулі выпадкова ўбачыла малую, калі разглядала кветку, але нікому пра гэта нічога не сказала, баючыся напалохаць казачную Дзяўчынку. Так і жыла гэтая маленькая чараўніца ў бабулі на падаконніку, клапоцячыся пра яе кветкі.
     А на балконе іншай гарадской кватэры, падобнай на кватэру нашай бабулькі, сярод балконных кветак пасяліўся маленькі Гномік. І дзіўна, што гэты балкон апынуўся побач з акном, на якім стаялі вазоны з кветкамі, і дзе жыла малая з крылцамі, як у матылька. На гэты балкон Гноміка прынесла на сваіх крылах лясная Сарока, з якой ён быў добра знаёмы, таму што жыў ў лесе за горадам.
     Гномік быў халасты і яшчэ зусім не стары. Ён вельмі хацеў жаніцца. У лесе, на жаль, падыходзячай пары ён сабе не знайшоў. Цікаўная ж Сарока часта прылятала з лесу ў горад "на экскурсію", як яна сама пра гэта гаварыла. Падчас чарговага наведвання горада, седзячы на парэнчах аднаго з балконаў, яна заўважыла ў акне на лісціку вазона з чырвонымі ружамі маленькую прыгожую Дзяўчынку, падобную на матылька. Нават Сароцы малышка здалася цікавай і прывабнай.
     У лесе Сарока распавяла пра яе Гноміку, які шукаў сабе нявесту. Гномік вырашыў паглядзець на Дзяўчынку і пасяліўся ў кветках на суседнім балконе. Яму вельмі спадабалася маленькая красуня, апрача таго яна была вельмі працавітая. Але як жа яе выкрасці з кватэры? І тады разам з Сарокай Гномік распрацаваў свой план. Аднойчы, калі Сарока ў чарговы раз прыляцела з лесу ў горад, яна ўселася на акно, за якім жыла Дзяўчынка, і пачала гучна грукаць сваёй дзюбай па шкле. Бабуля пачула грук і, вырашыўшы паглядзець, хто ж такі просіцца ўвайсці, адчыніла акно. У гэты момант Сарока падхапіла Дзяўчынку сваёй дзюбай за яе крылцы і панесла на балкон. Бабуля нічога не зразумела і нават не разгледзела зладзейку. А казачная Дзяўчынка спалохалася ад нечаканасці ды так, што пабляднеўшы, страціла прытомнасць.
     Гномік узяў яе на рукі, сеў на спіну Сарокі, і яны паляцелі ў лес. У лесе, у сваёй маленькай лясной хатцы, Гномік паклаў Дзяўчынку ў ложачак і пачаў лячыць і ратаваць яе. Нарэшце малая ачуняла. Убачыўшы сябе ў незвычайным становішчы, яна зноў ледзь было не страціла прытомнасць, але Гномік так далікатна і ласкава загаварыў з ёй, што красуня паступова ажыла, асвоілася і зразумела, што з ёй адбылося.
     Вядома, Дзяўчынка вельмі нудзілася па сваіх гарадскіх кветках, бо ў іх было ўсё яе жыццё. А Гномік, як толькі мог, заляцаўся за маленькай прыгажуняй, клапаціўся аб ёй, вадзіў яе на шпацыры ў лес і паказваў, дзе растуць лясныя кветкі. Паступова Дзяўчынка палюбіла лес і кветкі, якія ў ім раслі, бо яны былі такія ж прыгожыя, як і гарадскія. А потым Гномік з казачнай Дзяўчынкай пажаніліся. Яны жылі доўга і шчасліва. У іх нарадзіліся дзеткі – выдатныя матылькі, падобныя на дзяўчынак і на маленькіх гномікаў з бліскучымі крылцамі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
13.03.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100