Казачная краіна - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казачная краіна
Казачная краіна
Неяк улетку на канікулах Алеся сядзела дома ля акна і чытала кніжку "Аліса ў краіне цудаў". Яе яна ўзяла ў дзіцячай бібліятэцы. Дзяўчынка так захапілася, што не заўважыла, як надышоў вечар, і прыйшла з працы мама. Алеся вырашыла адкласці кнігу, толькі дачытаць да канца старонку. Аднак, калі дзяўчынка яе перавярнула, то ўбачыла паміж лістамі вельмі прыгожы засушаны Матылёк. Крылцы ў Матылька былі размаляваны ва ўсе колеры вясёлкі і пераліваліся на сонцы. Колькі часу небарака праляжаў у кнізе, Алеся не ведала. Кніга бібліятэчная, а хто і калі засушыў Матылька, зараз не даведаешся. Дзяўчынцы стала шкада, што такі прыгажун нежывы, ляжыць у кнізе і не бачыць белага света.      – Мілы Матылёк, ты такі прыгожы! – пяшчотна прашаптала Алеся. – Як бы я хацела ўбачыць цябе жывым!
     Як толькі яна гэта прамовіла, Матылёк раптам замахаў крылцамі, падняўся і пачаў пырхаць па пакоі. Алесю гэта вельмі здзівіла, але яна не падала выгляду. А Матылёк аказаўся яшчэ і гаворачым. Палётаўшы па пакоі, ён раптам прапішчаў тоненькім галаском:
     – Дзяўчынка! Паляцім са мной, я прывяду цябе ў Казачную краіну!
     І тут Алеся адчула, як у яе за спіной выраслі сапраўдныя крылцы, і яна ператварылася ў такога ж маленькага матылька. Злёгку ўзмахнуўшы гэтымі крылцамі, Алеся паляцела ў фортачку ўслед за сваім правадніком. Вось яна ляціць, а ветрык абдзімае яе з усіх бакоў. Ніколі ў жыцці дзяўчынка яшчэ не зведвала такога дзіўнага пачуцця бязмежнага прастору і свабоды. Гэта была такая асалода, бо Алеся ляцела па-сапраўднаму! Унізе была зялёная зямля – уся ў кветках, уверсе – блакітнае чыстае неба і сонечнае святло.
     Нарэшце, яны апынуліся ў Казачнай краіне. Такіх велізарных яркіх, духмяных кветак Алеся яшчэ ніколі ў сваім жыцці не бачыла. У небе лётала мноства рознакаляровых стракоз і матылькоў. Усе яны пырхалі пад нейкую неверагодна прыгожую мелодыю, якая даносілася невядома адкуль. А ўверсе, на самай верхавіне неба, расла казачная Кветка нябесна-блакітнага колеру з жоўтымі і белымі прожылкамі. Яе асяродак свяціўся яркім сонечным святлом. А ад самой Кветкі ішоў далікатны вельмі прыемны пах свежасці і чысціні. Усе матылькі і стракозы імкнуліся як мага бліжэй падляцець да казачнай Кветкі, каб нацешыцца яе водарам, але нікому не ўдавалася яе крануць. Алесю так зачаравала чароўная Кветка, што яна, сама таго не разумеючы, паляцела ўгару прама да яе. Неапісальнае пачуццё прыгажосці і шчасця ахапіла яе! І тут яна прачнулася…
     Перад ёй ляжала разгорнутая кніжка з засушаным Матыльком, а ў руцэ была выдатная блакітная Кветка. Адкуль яна ўзялася, Алеся не магла зразумець.
     – Не, я не засушу цябе. Ты будзеш жыць, – вырашыла дзяўчынка і асцярожна паставіла Кветку ў вазу з вадой.
     
      Гэтая казка на рускай мове
8.03.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100