Аркестр - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Аркестр
Аркестр
Жыў-быў Кампазітар. Ён умеў складаць вельмі прыгожую Музыку. Але вось бяда, не было каму выконваць яе. Ідзе неяк Кампазітар па лясной сцяжынцы і напявае сваю любімую мелодыю. А голас у яго такі ціхі, што ніхто, акрамя Ялінкі, якая расла ля самай сцяжынкі, нічога не ўчуў. А Ялінка ўсміхнулася ад задавальнення, распушыла зялёныя галінкі і кажа:      – Я ведаю, вунь у тым боку лесу, на палянцы, стаіць хатка з вялікімі акенцамі. У іх часта зазіраюць Сонейка і птушачкі. У гэтай цудоўнай хатцы жыве Скрыпачка. А які ў яе далікатны і ласкавы голас! Як заспявае, так і сэрца ўзрадуе. Уся лясная акруга наслухацца не можа. Толькі вось Музыку для Скрыпачкі ніхто не складае. Можа быць, ты падорыш ёй свае прыгожыя мелодыі?
     Зайшоў Кампазітар у хатку да Скрыпачкі, ды і застаўся ў ёй пагасцяваць. Ужо вельмі спадабалася яму гаспадыня хаткі і яе дзіўны мяккі голас. Склаў ён мелодыю адмыслова для яе. Заспявала Скрыпачка, і палілася далікатная шчырая Музыка. Увесь лес заслухаўся ёю і, баючыся зварухнуцца, застыў як зачараваны.
     Пачулі голас Скрыпачкі Альт, Віяланчэль і Кантрабас, якія жылі непадалёку. Яны адразу ж паспяшаліся да яе ў хату, каб паглядзець на таго, хто падарыў гаспадыні такую прыгожую мелодыю.
     – Калі ласка, складзі і для нас Музыку! Мы ўмеем спяваць не горш за Скрыпачкі. Паслухай нашы галасы! – прасілі яны Кампазітара.
     І сапраўды іх галасы былі таксама вельмі прыгожыя. У кожным голасе гучалі свае непаўторныя чароўныя ноткі. Падумаў Кампазітар і склаў асобныя мелодыі для Альта, Віяланчэлі і Кантрабаса. А калі інструменты выканалі іх, стала ясна – зараз яны змогуць спяваць яшчэ лепш, чым раней!
     Пачулі, як спяваюць Альт, Віяланчэль і Кантрабас, лясныя птушкі і паведамілі пра гэта сваім сябрам – Жалейкі, Флейце, Фаготу, Кларнету і Трубе з суседняга лесу. Прыбеглі інструменты ў хатку да Скрыпачкі і сталі прасіць у Кампазітара мелодыі дзеля сябе. І для кожнага з іх Кампазітар склаў дзіўныя па прыгажосці мелодыі, якія рабілі іх галасы яшчэ прыгажэйшымі і больш цікавымі.
     Стаміўся Кампазітар і лёг перадыхнуць. А шчаслівыя інструменты, атрымаўшы такія выдатныя музычныя падарункі, наперабой пачалі выконваць свае мелодыі, ды так гучна, што спалохалі ўвесь лес. Усякі інструмент жадаў пераспяваць іншы, ды так, каб толькі яго мелодыю слухалі ўсе!
     Ад шуму і блытаніны Кампазітар прачнуўся. А інструменты, нарэшце, зразумелі – так спяваць нельга. І тады кожны з іх стаў прасіць Кампазітара дазволіць толькі яму аднаму выконваць сваю мелодыю.
     Кампазітар паглядзеў на ўсіх, падумаў і сказаў:
     – Я навучу вас спяваць разам хораша і зладжана, але толькі пры адной умове – вы заўсёды і ва ўсім будзеце слухаць мяне, бо я – ваш Дырыжор. Кожны з вас зможа саліраваць і выконваць сваю мелодыю, але толькі тады, калі я дам на гэта дазвол маленькай дырыжорскай палачкай. А астатнія інструменты тым часам будуць падпяваць салісту.
     Паслухаліся усе і заспявалі разам, але так, як вучыў Кампазітар. Кожны выконваў сваю музычную партыю, але толькі тады, калі Кампазітар даваў яму на гэта дазвол, узмахнуўшы дырыжорскай палачкай. І вось ужо паліліся па лесе выдатныя галасы музычных інструментаў. Яны гучалі то ўсе разам, то па адным, і ўсё гэта гучанне было зладжаным і гарманічным.
     З той пары музычныя інструменты ўжо не разлучаліся. Яны сталі адзіным Аркестрам. Падарожнічаючы па белу свету, яны радавалі ўсіх выдатным выкананнем прыгожых шчырых мелодый. А Кампазітар складаў для інструментаў усе новыя і новыя музычныя партыі і развучваў іх з імі на рэпетыцыях. Яшчэ шмат розных музычных інструментаў з непаўторнымі галасамі сустрэлася ў Аркестра на шляху. Усіх іх прыняў у сваю каманду Кампазітар і склаў для кожнага падыходзячую галасу мелодыю. Ён, вядома ж, любіць і шануе сваіх дарагіх спевакоў. Усе яны сталі для яго роднымі дзецьмі. А інструменты адказваюць Кампазітару такой жа шчырай любоўю і адданасцю.
     
     Вядома, там, дзе жыве любоў, абавязкова селяцца радасць, шчасце і поспех. Вось чаму кожны з нас, хто хоць раз чуў, як гучыць вялікі Аркестр пад кіраваннем таленавітага дырыжора і Кампазітара, ніколі не забудзецца на дзіўныя па прыгажосці, такія розныя па гучанню, але ўмеючыя зладжана і натхнёна спяваць галасы музычных інструментаў.
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100