Дзядуля Слімак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзядуля Слімак
Дзядуля Слімак
У цёмным лесе пад старой трухлявай асінай жыў добры дзядуля Слімак. Кожны летні дзень ён выглядваў са сваёй тоўстай перламутравай ракавіны, каб даведацца пра надвор’е. Але яно чамусьці не цешыла нікога цёплымі сонечнымі дзянькамі. Усё неба днём зацягвалі цяжкія дажджавыя хмары. Яны не давалі магчымасці Сонейку сагрэць лес і ваду ў маленькім лясным возеры.      На мокрых ад дажджу галінах дрэў сядзелі, зажурыўшыся, сінічкі і верабейкі, крумкачы і сарокі, дразды і салаўі. І ніхто з іх не хацеў спяваць і весяліць насельнікаў лесу ў такое змрочнае надвор'е. Азёрныя рыбкі замярзалі ў халоднай вадзе, лупатыя ракі хаваліся пад карчагу, а малышы-апалонікі закопваліся ў прыбярэжны пясок.
     Нарэшце вельмі моцны залётны Вецер разагнаў усе хмары. Неба праяснілася, заззяла блакітным колерам, і на яго ўзышло гарачае ліпеньскае Сонейка. Ах, колькі ж у ім назапасілася пякучага летняга цяпла і яркага святла!
     Лес імгненна ажыў, зайграў рознакаляровымі фарбамі. На зялёнай траве сагрэліся і расквітнелі палявыя кветкі: блакітныя незабудкі, бэзавыя званочкі, малінавыя стакроткі, жоўтыя дзьмухаўцы, белыя рамонкі, сінія васількі. Нават у возера патрапілі сонечныя прамяні. Яны адагрэлі верхні пласт вады, бліскучыя гарлачыкі і высокія чараты. А рыбкі: карасікі і акунькі, печкуры, плоткі і вусачы падставілі гарачаму сонейку бліскучыя спінкі. Увесь лес напоўніўся галасамі птушак. Яны ўспомнілі свае радасныя песні і звінелі, ціўкалі, ні на імгненне не змаўкаючы!
     Слімак прачнуўся, вызірнуў з ракавіны і, загледзеўшыся на павесялелы лес, падумаў: "А ці не прагуляцца мне па такім цудоўным надвор'і?" Дзядулька выцягнуў з зацішнага месцейка свой летні капялюш, надзеў на нос сонцаахоўныя акуляры і, неяк павольна і нязграбна, але, усё-такі, з бадзёрым вясёлым настроем папоўз на пяшчаны пляж ляснога возера. Слімак ведаў, што ён там абавязкова сустрэне сваіх сяброў – напаўсляпых дзядкоў-ракаў. Яму будзе пра што з імі пабалакаць, успомніць маладыя гады і атрымаць задавальненне ад шпацыру ў сонечны дзянёк, які падарыў усяму лесу жвавы залётны Вецер.
     
     p.s. на фота пернік "Слімак", зроблены ў прыходзе храма Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна.
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100