Стары дзіцячы садзік (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары дзіцячы садзік (аповед)
Стары дзіцячы садзік (аповед)
Кожную секунду на свет нараджаюцца дзеці. У гарадах і мястэчках, у самых шумных і самых ціхіх кутках нашай планеты жывуць людзі. Яны гадуюць і выхоўваюць сваіх малых дзетак. Калі дзіця трохі падрасце, навучыцца хадзіць, самастойна апранацца і есці, бацькі часта аддаюць яго ў дзіцячы садзік, таму што ім трэба хадзіць на працу, каб зарабляць грошы. А лепшага месца, чым дзіцячы садзік, для іх маляняці не знайсці. Там ён будзе з раніцы да вечара дагледжаны, накормлены, з ім будуць займацца выхавальнікі і нянечкі.      Дык вось. У адным вялікім горадзе было шмат дзіцячых садзікаў. Нейкія з іх пабудавалі ўжо даўнавата, а іншыя – зусім нядаўна. У адзін з такіх старэнькіх дзіцячых садзікаў штораніцы бацькі прыводзілі сваіх дзяцей. Гэта быў добры дзіцячы садзік, утульны і цёплы, з добрымі выхавальніцамі і нянечкамі. Дзеці любілі свой садзік, тут ім было весела і цікава.
     Па вечарах, калі ўсіх малышоў забіралі дахаты іх родныя, у садзіку заставаўся толькі адзін чалавек. Гэта быў вартаўнік. Ён уключаў прыёмнік і слухаў радыёперадачы. Часам вартаўнік выходзіў у двор, каб прайсціся па ліпавай алеі ўздоўж дзіцячых альтанак, кветнікаў, арэляў і пясочніц.
     На акне ў калідоры поруч уваходных дзвярэй садзіка ўжо шмат гадоў на адным і тым жа месцы стаяў вялікі кветкавы вазон. У ім расло хатняе, але, усё ж, самае сапраўднае дрэва, невысокае, з мяккім тоўстым лісцем. Усе звалі яго дрэвам Кахання. Хто і калі прынёс гэтую расліну ў дзіцячы садзік, ніхто ўжо не памятаў. Выхавальнікі казалі, што дрэва Кахання прыносіць шчасце. Вартаўнік даглядаў яго, паліваў, падкормліваў. А дрэва, нібы адчуваючы клопат і дабрыню чалавека, набіралася сіл, а ўвесну на яго галінках расцвіталі далікатныя беленькія кветачкі. І тады ўсе, хто наведваў дзіцячы садзік, любаваліся і захапляліся сваім выдатным дрэвам Кахання!
     Выхаванцы старога дзіцячага садзіка падрасталі і, надыходзіла гадзіна, калі яны адзін за адным пакідалі яго. Цяпер іх чакаў новы цікавы занятак. Пасталеўшыя дзеці ішлі вучыцца ў школу. А на змену ім у садзік прыводзілі новых дзетак.
     Ішоў час. Стары дзіцячы садзік старэў, сцены яго пабляклі, дах прадзіравіўся і нават дзе-нідзе пачаў працякаць. І вось аднойчы зусім побач, праз дарогу ад старога дзіцячага садзіка, пачалі будаваць яшчэ адзін дзіцячы сад. Праз год на гэтым месцы ўжо стаяў вельмі прыгожы новы будынак. Толькі яшчэ з’явіўшыся на белы свет, новы дзіцячы сад ужо з пагардай пазіраў на стары пацямнелы ад часу і дажджоў садзік, які стаяў насупраць яго праз дарогу. Прыгажун дзіцячы сад ганарыўся тым, што ў ім было шмат выдатных светлых дзіцячых пакояў і нават басейн.
     А маладыя бацькі цяпер ужо не жадалі аддаваць сваіх малышоў у стары брыдкі дзіцячы сад. Яны павялі іх у новы. Паступова, стары дзіцячы садзік спусцеў, усе пакінулі яго. У ім засталіся толькі вартаўнік ды вазон з дрэвам Кахання. Сумна стала ў яшчэ не так даўно шумным і вясёлым дзіцячым садзіку. Ніхто не прыводзіў сюды сваіх малышоў.
     Неяк да брамкі старога садзіка падбеглі школьнікі. Гэта былі яго былыя выхаванцы. Дзеці ўбачылі, што ўсё вакол зарасло і спусцела, і ўсё зразумелі. Школьнікам стала вельмі крыўдна, яны пашкадавалі свой любы садзік. Ім так падабалася сюды прыходзіць. Дзеці згадвалі, як добра ім было тут, напэўна таму, што ўсё жыццё ў садзіку было напоўнена дабрынёй і каханнем да малышоў. А цяпер іх садзік стаяў зусім апусцелы. Толькі дрэва Кахання ды вартаўнік глядзелі на дзяцей з цёмнага акенца.
     І тады Маша вырашыла:
     – Ведаеце што! Я папрашу маму, каб яна нарадзіла мне браціка альбо сястрычку.
     – І я папрашу, – падтрымала яе сяброўка Даша.
     – І я быў бы рады, калі б у мяне з'явілася сястрычка ці брацік, – усміхнуўся Слаўка.
     Раптам усе дзеці зразумелі, што трэба для таго, каб іх стары дзіцячы садзік ажыў і напоўніўся дзятвой! Дома яны распавялі пра гэта сваім бацькам.
     – Вось тады мы аддадзім нашых брацікаў і сястрычак у наш стары дзіцячы садзік, бо ў новым садзе для іх ужо не знойдзецца вольных месцаў! – радасна сказаў Паўлік, гледзячы на маму з татам.
     – Ваш стары садзік цяпер зусім непрыгодны для жыцця маленькіх дзяцей, – запярэчыў хлопчыку тата. – Аднак усё можна выправіць. І калі яго добра адрамантаваць, то ён будзе як новенькі. Добра, я абяцаю, што займуся арганізацыяй гэтай работы.
     Тата Паўліка не зманіў. Ён працаваў у вялікай будаўнічай арганізацыі і здолеў пераканаць будаўнікоў у неабходнасці рамонту будынка садзіка.
     Праз некалькі гадоў стары дзіцячы садзік было не пазнаць. Ён стаў зусім іншым, таму што абнавіўся з ног да галавы. У ім з'явіліся прыгожыя гульнявыя пакоі і ўсё-ўсё, што трэба для выхавання малышоў. А ў Машы, Дашы, Слаўкі, Паўліка і іншых школьнікаў, якія калісьці былі выхаванцамі старога дзіцячага садзіка, нарадзіліся брацікі і сястрычкі.
     Неўзабаве малышы падраслі, і іх прынялі ў абноўлены стары дзіцячы садзік. Тут гэтак жа, як і раней, працуюць добрыя і ўлюбёныя ў дзяцей выхавальніцы і нянечкі. Мабыць, гэта стары вартаўнік і дрэва Кахання захавалі для будучых дзяцей і не далі загінуць невычэрпнай энергіі шчасця і кахання, якія заўсёды жылі тут, у гэтым старым вельмі добрым і ветлівым дзіцячым садзе.
     
      Гэты аповед на рускай мове
24.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100