Маленькі скрыпач (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маленькі скрыпач (аповед)
Маленькі скрыпач (аповед)
Мікіткіна роднае мястэчка ўтульна размясцілася ля падножжа высокіх гор на беразе сіняга мора. Усе будынкі ў мястэчку стаялі на схіле гары, адтуль да мора трэба было спускацца па звілістым сцежкам і стромкім дарогам. Але мясцовыя жыхары прывыклі да штодзённых пад’ёмаў і спускаў, бо іншага жыцця яны не ведалі. Затое яны дыхалі чыстым горным і марскім паветрам, да таго ж схілы гор і марское ўзбярэжжа засяляла велізарная колькасць пеўчых птушак. Іх дзівосныя галасы гучалі ў гарах і на ўзбярэжжы цэлымі днямі і нават уначы.      У вясновую і летнюю пару года мястэчка патанала ў водарах квітнеючых дрэў і хмызнякоў. Стройныя кіпарысы, піхты і кедры, платаны і таполі, каштаны і магноліі, векавыя эўкаліпты, ліпы і дубы накіроўвалі свае пышныя кроны ўгару да неба і гарачага сонца.
     Мікітка хадзіў да мора, каб палюбавацца яго неабсяжным раздоллем і блакітнымі хвалямі. Часам, прачнуўшыся вельмі рана, хлопчык бег на бераг сустракаць світанне. І тады Мікітка назіраў, як далёка-далёка, там, дзе мора зліваецца з гарызонтам, спачатку ўсё асвятлялася ружовым святлом, а потым з-за мора выплываў маленькі краёчак асляпляльна яркага ранішняга сонца.
     Птушкі, іх цудоўныя галасы, заўсёды хвалявалі хлопчыка. У акно яго дома на пятым паверсе ўвесь час даносіліся спевы птушак. Яны пераляталі з галінкі на галінку і ні на хвіліну не змаўкалі. Іх галасы такія розныя і настолькі незвычайныя прыводзілі хлопчыка ў захапленне. “Які інструмент можа так іграць? Вось гэта птушка спявае, нібы хтосьці іграе на чароўнай жалейцы, вунь тая звініць, быццам далікатная флейта, а гэта – як ласкавая жывая скрыпачка. Вось бы мне так!" – зайздросціў хлопчык.
     Аднойчы ён сказаў своёй маме:
     – Ведаеш, я вельмі хачу вучыцца ў музычнай школе!
     – Але табе ўжо позна паступаць туды, – запярэчыла яна.
     – Лепш позна, чым ніколі! – настойваў хлопчык.
     Нягледзячы на тое, што Мікітке ўжо споўнілася дзевяць гадоў, яго прынялі ў першы клас музычнай школы па класе скрыпкі.
     – У вашага сыночка абсалютны слых. Чаму ж вы не аддалі яго ў музычную школу раней! – дакорліва сказала маме Мікіткі дырэктар музычнай школы.
     – Нічога, я даганю! – усміхнуўся хлопчык.
     З таго часу ён вельмі часта браў у рукі сваю маленькую пявунню – скрыпачку, якая пахла даўкімі водарамі каніфолі і свежага лаку, і падоўгу вадзіў смычком па струнах, асвойваючы прамудрасці ігры. Праз год Мікітка ўжо зусім нядрэнна іграў невялікія п'есы і эцюды.
     Увесну ластаўкі звілі свае гняздзечкі ў кутках пад балконамі Мікіткінага шматпавярховага дома, які стаяў на схіле гары. Калі хлопчык іграў, птушкі пераставалі лётаць і лавіць мошак, садзіліся на правады і, разгойдваючыся з боку ў бок, з цікаўнасцю глядзелі ў акно на маленькага скрыпача. Яны заслухоўваліся незвычайным для іх голасам скрыпкі. А неўзабаве Мікітка сам склаў сваю першую п'есу…
     Вось і цяпер ён іграў ля расчыненага акна, а птушкі падпявалі яму, кожная сваім непаўторным голасам, седзячы на верхавінах і галінах стройных кіпарысаў і платанаў. Мікітка ўсміхаўся. Ён глядзеў удалячыню на блакітнае неба, на мора, якое несла бірузовыя хвалі да яго роднага берага, і адчуваў, як цёплы марскі ветрык ласкава цярэбіць яго за валасы і абдзімае твар. Мікітке хацелася іграць і іграць – бясконца і вельмі добра, так, каб дастаўляць радасць і асалоду ўсім, хто ў гэты час яго чуў.
     "Малайчына, хлопчык! – разважалі суседзі па дому, прыслухоўваючыся да пяшчотнага голасу Мікіткінай скрыпачкі. – Праз некалькі гадоў у нашым мястэчку вырасце сапраўдны музыка. А мы будзем ганарыцца ім!"
     
      Гэты аповед на рускай мове
21.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100