Зазнайка і Нязнайка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зазнайка і Нязнайка
Зазнайка і Нязнайка
Жылі-былі на небе дзве сяброўкі – аблачыны. Адна была маленькая, другая – вялікая. Нарадзіліся яны ў адзін і той жа дзень, у адну і тую ж гадзіну і пасябравалі амаль адразу ж пасля свайго нараджэння. Таму, як кажуць, аблачыны былі сяброўкамі з дзяцінства. Яны заўсёды лёталі побач адна з адной і размаўлялі пра ўсё на свеце. Маленькая Аблачына вельмі любіла сваю сяброўку – Вялікую Аблачыну, захаплялася літаральна ўсімі яе ўчынкамі, хваліла яе, распавядала ўсім Аблокам, якія праплывалі міма, пра тое, якая добрая ў яе сябоўка. Вялікая Аблачына была разумная і кемлівая. Яна ва ўсім разбіралася лепей Маленькай Аблачыны і таму прымала хвалу ў свой адрас, як то, што само сабой разумеецца. Так дзень за днём, месяц за месяцам дзве неразлучныя аблачыны лёталі па небе і атрымлівалі асалоду ад усіх радасцяў свайго жыцця.      Аднойчы, яны ўбачылі на Зямлі вялікі луг, абсыпаны рознакаляровымі яркімі палявымі кветкамі. Нават з такой вышыні аблачыны заўважылі, на колькі выдатныя гэтыя кветкі, і адчулі іх водар.
     – Якія прыгожыя кветкі! – у адзін голас прамовілі Маленькая і Вялікая Аблачыны.
     – Давай назавём гэтыя кветкі “Кветкамі нашага сяброўства”! – прапанавала Маленькая Аблачына.
     – Давай! – падтрымала яе Вялікая Аблачына.
     Выпадкова іх гутарку пачула Сонейка.
     – Як добра, што вы знайшлі луг з такімі выдатнымі кветкамі і палюбілі іх, - пахваліла яна аблачыны. – Але, каб кветкі жылі доўга і цешылі вас, іх трэба часам паліваць. Лепш гэта рабіць познім вечарам альбо ўначы, калі я ўжо сыду з неба. Інакш, можна абпаліць далікатныя пялёсткі кветак, і яны памруць, – параіла Сонца аблачынам.
     – Добра, – адказала Вялікая Аблачына. – Мы так і будзем рабіць.
     За ўвесь час сяброўскіх зносін з Маленькай Аблачынай яна так прывыкла ва ўсім быць першай, што мімаволі зазналася, і стала Зазнайкай. А Маленькая Аблачына, усім сэрцам кахаючы сваю сяброўку, ва ўсім ёй давяралася і нават часам не чула тое, што самой трэба было пачуць. І таму Маленькая Аблачына паступова ператварылася ў Нязнайку. Вось і цяпер, калі Сонца штосьці казала пра кветкі, Маленькая Аблачына так захапілася разгледжваннем луга, што не пачула, пра што распавядала Сонца.
     – Сёння я палью нашы Кветкі, а заўтра – ты, – прапанавала Зазнайка сваей сяброўцы.
     – Добра, – пагадзілася Нязнайка. – Але толькі я не зразумела, калі іх трэба паліваць?
     – Ах ты, недарэка! І ўсё ты не ведаеш і не запамінаеш! Вось і не буду табе нічога казаць, сама разбірайся. Калі хочаш, спытай яшчэ раз у Сонейка!
     Пасля гэтага першы раз за ўсё іх неразлучнае жыццё Вялікая Аблачына адляцела ад сваей сяброўкі ў другі бок. Уначы яна, як загадала Сонейка, паліла "Кветкі сяброўства", а раніцай ізноў прыляцела да Нязнайкі. Хоць яна і пасварылася, сябраваць Зазнайцы ні з кім іншым не хацелася, ды і больш адданай сяброўкі, чым Нязнайка, было б цяжка адшукаць.
     – Я ўжо палівала нашы кветкі. Сёння твая чарга, – сказала Зазнайка Нязнайцы.
     Маленькай Аблачыне было неяк не па сабе. Яна так схілялася перад Вялікай Аблачынай, што нават пабаялася ў яе яшчэ раз спытаць пра кветкі, баючыся, каб тая ізноў не пачала на яе крычаць. Ды і ў Сонейка Маленькая Аблачына пасаромелася аб гэтым запытацца. Вось і лётала Нязнайка хмурная і не ведала, калі ж ёй трэба паліць кветкі? А аблачына-знайка, сапраўдная Зазнайка, нават не пажадала падказаць гэта сваёй сяброўцы. Тады і вырашыла Маленькая Аблачына, гледзячы на яркія тварыкі палявых Кветак: "Палью-ка я вас цяпер". І яна пасыпала на луг дробны рэдзенькі дожджык, такі ж маленькі, якой была сама. Рэдкія кроплі даляцелі да Кветак і патрапілі на іх цудоўныя тварыкі. А сонечныя прамяні тут як тут! Нагрэлі гэтыя кроплі і ператварылі ў пару, якая балюча паапякала далікатныя пялёсткі Кветак. Яны закрычалі ад болю і пацямнелі. Усе навокал, Зазнайка і Нязнайка, нават Сонейка, пачулі стогн паміраючых Кветак!
     Зазнайка ў лютасці закрычала на Нязнайку:
     – Бачыш, якая ты бесталковая! Ты спаліла нашы Кветкі!
     А Нязнайка ўся зморшчылася, ператварыўшыся ў маленькую шэранькую Хмарку, і гучна заплакала. Тады Сонейка сказала:
     – Вось і згарэла ваша неразлучнае сяброўства. А ўсё з-за таго, што ты, Зазнайка, нічога не захацела растлумачыць Нязнайцы. Сама ж разумела, што далікатныя Кветкі нельга паліваць днём, калі мае гарачыя прамяні моцна награваюць усе расліны, якія растуць на Зямлі. У сяброўстве няма галоўных і разумнейшых. Калі любіш і паважаеш толькі сябе, тады сяброўства не атрымліваецца!
     
     Вось які выпадак аднойчы адбыўся ў жыцці нябесных аблокаў. А ў жыцці людзей на Зямлі хіба падобнага не бывае? Бывае, яшчэ колькі. А як бы хацелася, каб на свеце было больш верных і адданых людзей, гатовых дапамагчы адно аднаму, якія б ставілі сяброўства вышэй кар'еры, грошай, славы і прэстыжу. Ва ўсіх у нас сапраўдных сяброў не так многа. І тая кропля, на якую Зазнайка разумнейшая за Нязнайку, не мае той каштоўнасці, якую каштавала іх так недарэчна згарэлае сяброўства.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100