Школьныя Арэлі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Школьныя  Арэлі
Школьныя Арэлі
Вясновай парой у школьным двары пасяліліся двайняткі – двое зусім аднолькавых новенькіх Арэляў чырвонага і сіняга колеру. Прайшло цэлыя тры дні, як іх прывезлі сюды, але ніводнае дзіця яшчэ на іх не пакаталася. Толькі бабулькі, праходзячы міма, глядзелі на школьныя Арэлі і ўспаміналі сваё дзяцінства.      – Калі я была маленькая, – казала бабуля Надзя сваёй суседцы цётцы Свеце, – у нас у двары былі самаробныя арэлі, зробленыя са звычайнай бялізнавай вяроўкі і драўлянай перакладзіны. Яны віселі на дрэве. Але як прыемна было на іх узлятаць высока-высока, быццам ляцець у неба!
     – А ў нас у двары, – згадвала цётка Света, – яшчэ былі арэлі-качалка. Мы ўсаджваліся на іх па двое ці чацвёра і разгойдваліся з боку ў бок. Гэта было так цікава!
     "Так! – думалі школьныя Арэлі, – толькі яшчэ старых нам не хапае катаць! Хіба для гэтага нас сюды прывезлі!"
     Да вечара ў школьны двор прыйшла нечая Котка. Яна панюхала адны, затым другія Арэлі і выбрала сінія. Можа таму, што яна сама была шэрая, нібы дым, і сіні колер Арэляў быў у тон яе шэрстцы. Яна забралася на Арэлі, згарнулася ў клубочак і ўжо прыгатавалася паспаць. Але тут аднекуль у двары з'явіўся сабака. Гэта быў дварняк Кныш. Котка адразу пазнала яго. Яна паспрабавала саскочыць з Арэляў і ўцячы, але Кныш ужо падскочыў да Арэляў і з размаху пхнуў іх лапай. Тыя, не доўга думаючы, падняліся ў паветра і панеслі Котку з боку ў бок. Небарака запішчала ад страху, але з годнасцю вытрымала выпрабаванне. У чарговы раз, пралятаючы міма Кныша, Котка так фыркнула на яго, што той у разгубленасці ўцёк з двара, падціснуўшы ад крыўды хвост.
     Накатаўшыся, Котка пабегла дахаты. А на наступны дзень прыйшла зноў і ўжо аблюбавала чырвоныя Арэлі. Так яна бегала сюды цэлы тыдзень і, відаць, вырашыла, што Арэлі паставілі ў двор асабіста дзеля яе.
     Ды дзе там! Праз пару дзён у двары школы празвінеў апошні званок, і ў дзяцей пачаліся летнія канікулы. Цяпер Арэлям усё стала ясна. Вось чаму дзеці не каталіся на іх! Проста апошнія тыдні перад канікуламі ўсе былі так загружаны вучобай, што нікому не хапала часу на гульні. Самі разумееце – кантрольныя, экзамены. Да іх трэба сур'ёзна рыхтавацца.
     А цяпер вы б бачылі, што робіцца ў школьным двары! З двайнятак, сініх і чырвоных Арэляў, цэлы дзень не злазяць дзеці. Колькі шуму, гаму, смеху! Усе дзеці вясёлыя – скончылася вучоба і можна адпачываць цэлае лета.
     А Арэлям прыемна ўдвая. Яны рады дарыць задавальненне шчаслівай дзятве.
     
      Гэтая казка на рускай мове
14.02.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100