Першая Ластаўка (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Першая Ластаўка (аповед)
Першая Ластаўка (аповед)
Увесну прыляцела ў Марыйкіну вёску цэлая чародка ластавак-касатак і пасялілася на старой вясковай царкве. Птушкі абляпілі ўсе каменныя сцены сваімі гняздзечкамі. Яны лёталі, гадавалі дзетак. Людзі глядзелі на іх з любоўю, бо нездарма кажуць, што ластаўкі – Божыя птушкі. Але вось прыйшла восень, і чародка ластавак пакінула сяло, паляцеўшы зімаваць у Вырай. Ды і Марыйкін жаніх з'ехаў услед за імі туды ж, на поўдзень, служыць у войску.      Доўга цягнулася волкая і халодная зіма. Марыйка знудзілася, чакаючы каханага. Яна пісала яму пісьмы, ён адказваў, але зрэдку. Не любіць, відаць, пісаць. "Я, – напісаў ён, – з ластаўкамі табе прывітанне дашлю".
     Прыгрэла сонейка. І першыя птушкі пацягнуліся з поўдня да старых наседжаных месцаў.
     – Але дзе ж нашы ластаўкі? – чакала птушак Марыйка. – Ці не лётаюць яны поруч сваіх леташніх гняздзечкаў ля царквы? – прыглядалася яна.
     Але не, не лётаюць. Відаць, рана ім яшчэ.
     Нарэшце, з поўдня падзьмула вельмі цёплым вясновым ветрыкам, а разам з ім прыляцела ў сяло першая Ластаўка. І адразу ж усё навакол зазелянела. Можа быць, гэта Ластаўка прынесла з поўдня на сваіх крылцах сапраўднае цяпло?
     Вы толькі паглядзіце! Покаўкі на дрэвах выпусцілі свае лісточкі, траўка зазелянела, і з зямлі пацягнуліся на Божы свет сцяблінкі першых дзьмухаўцоў і пралесак!
     Лётала па вёсцы Ластаўка, лётала, але ніяк не магла падабраць мястэчка, дзе б яна змагла звіць гняздзечка. Марыйка першы раз убачыла яе ў сваім садзе, калі пачула цудоўны ластаўчын галасок. Птушачка сядзела на галінцы яблыні і спявала далікатна і ласкава, быццам хацела перадаць дзяўчыне ад кагосьці добрую вестку.
     – Мілая мая Ластаўка! Цябе даслаў да мяне мой Васілёк? – радасна засмяялася дзяўчына. Яна адразу і не заўважыла, што пад дахам менавіта яе хаты тая самая першая Ластаўка пачала віць сваё гняздзечка!
     Неўзабаве, прыляцелі і іншыя ластаўкі. Некаторыя занялі свае старыя гняздзечкі, а моладзь зляпіла новыя. Так і жылі яны ў вёсцы да самай восені.
     Нездарма кажуць, што ластаўкі прыносяць шчасце і поспех. Таму, ужо ўвосень Марыйка сустрэла свайго жаніха. Ён адслужыў і вярнуўся ў роднаю вёску да сваёй нявесты. Цяпер ужо Марыйка з Васільком разам выпраўлялі ластавак у далёкую дарогу і жадалі ім шчаслівага пералёту:
     – Мы будзем чакаць вас вясною, дарагія ластаўкі! Ляціце з Богам і не забывайце пра нас.
     Марыйкіна першая Ластаўка паляцела на поўдзень разам з усімі птушкамі. А дзяўчына доўга з сумам глядзела ёй услед. Аднак, яна ведала, што абавязкова дачакаецца сваю мілую сяброўку і з радасцю будзе сустракаць яе ў сваім садзе будучай вясной.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100