Не замярзайце! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Не замярзайце!
Не замярзайце!
Марознаю зімою зусім адна на ўскрайку лесу тужыла дзікая Яблынька. Яна згадвала летнія дні, той цудоўны час, калі гарачыя прамяні Сонейка сагравалі яе, а кроплі цёплага дажджу абмывалі яе лісточкі і ствол. Яблынька прыгадвала свой беласнежны вясновы ўбор з пахкіх кветак і сакавітыя яблычкі, якія дарыла ёй восень. Тады, у тыя цёплыя дні, яна не думала пра будучую зіму. Ёй здавалася, што шчаслівае жыццё для яе ніколі не скончыцца, што мушкі, пчолкі і птушачкі заўсёды будуць гусці і ціўкаць на яе галінках. І ўсе-ўсе будуць яе кахаць.      Але вось надышла зіма, прыйшлі халады. Зараз, самотная і няшчасная, Яблынька магла толькі горка ўздыхаць і ўзгадваць пра тое, што было ў яе калісьці, і чаго цяпер ужо няма. Днём і ўначы небарака замярзала ад холаду, а злая зіма, ні кропелькі не шкадуючы дрэўца, усё больш скоўвала марозам яе ствол і галінкі.
     "Я паміраю", – горка думала Яблынька і рыхтавалася да таго, што неўзабаве зусім змерзне і ператворыцца ў льдзінку.
     Але добрая і кахаючая яе матухна Зямля не забылася пра сваю дачушку і паслала караням дрэўца сілкаванне, дастатковае дзеля таго, каб жыватворны сок у яе ствале не застыў ад марозу. А Сонейка ў небе, як чулы лекар, зразумела, чым яшчэ зможа дапамагчы Яблыньцы, каб падтрымаць у ёй жыццёвыя сілы. І яно, як магло, сагрэла замёрзлае дрэўца сваімі цёплымі прамянямі.
     І вось ужо цэлая чародка Сінічак прыляцела і скача па яблыневых галінках, стрэсваючы з іх снег. Пасвістваючы звонкімі галасочкамі, птушачкі цешацца яркаму зімоваму Сонейку. Яблынька ж, адчуўшы цёплае дакрананне маленькіх лапак, назірае за пявуннямі, баючыся зварухнуцца, каб не спудзіць дарагіх гасцей.
     Сінічкі адразу ж пазналі Яблыньку. Яны ўспомнілі, як увосень ласаваліся яе салодкімі яблычкамі. Нагаманіўшыся з дрэўцам і паабяцаўшы хутка зноў зазірнуць да яе ў госці, птушкі адляцелі.
     
     А павесялеўшая Яблынька ўдзячна паглядала на Сонейка. Яно ж усміхалася ёй у адказ яркай і вельмі цёплай, амаль вясновай усмешкай!
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100