Хмурная дажджавая Хмара - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хмурная  дажджавая Хмара
Хмурная дажджавая Хмара
На палянцы ў лесе па кветачкам і травінкам скакалі сонечныя праменьчыкі. Вясёлыя і няўрымслівыя – яны цешылі птушачак, мушак і жучкоў, пчолак і матылькоў. Усім было радасна і весела: Птушачкі спявалі гарэзлівыя або пяшчотныя і ласкавыя песенькі, а мушкі, жучкі, пчолкі і матылькі – крылцамі жу-жукалі.      Але цяжкай дажджавой Хмары не падабалася ўсё гэта. Яна нахмурылася і закрыла Сонейка ад тых, хто весяліўся на лясной палянцы. Можа Хмары захацелася цішыні, а можа ад вясёлых песень у яе разбалелася галава?
     Засмуткавалі птушачкі і паляцелі ў свае гняздзечкі. Мушкі і жучкі, пчолкі і матылькі схаваліся пад лісцікі і травінкі. На палянцы стала вельмі ціха, але неяк няўтульна, бо зверху на іх глядзела хмурная дажджавая Хмара!
     – Толькі не хапала, каб дождж пайшоў! – сказаў маленькі Анёлачак.
     Ён назіраў з вышыні за тым, як весяліліся птушачкі, мушкі, пчолкі, матылькі і жучкі. А тут здарылася такое! Хмара, змрочная і нядобрая, спалохала і парушыла светлае свята!
     "Як жа вярнуць усім добры настрой?" – думаў Анёлачак і... прыдумаў.
     Ён узяў маленькае люстэрка і стаў пускаць на палянку сонечныя зайчыкі. Як ён гэта зрабіў? А справа ў тым, што Анёлачак сядзеў на белым Воблаку, якое не захіліла дажджавая Хмара, і якое асвятлялася сонечнымі праменьчыкамі.
     Паляцелі сонечныя зайчыкі з люстэрка Анёлачка на палянку, заскакалі і зайгралі, потым зазірнулі да птушачак у гняздзечкі, да пчолак і матылькоў, да мушак і жучкоў пад лісцікі. І зноў птушачкі заспявалі свае вясёлыя песенькі. Пачулі сонечныя зайчыкі радасныя песенькі, падхапілі іх за доўгія хвосцікі і панеслі міма змрочнай дажджавой Хмары высока-высока ў неба туды, дзе лётаюць перыстыя воблакі! А лёгкія перыстыя воблакі, пачуўшы вясёлыя песенькі птушачак, падпіхнулі іх яшчэ далей, да Сонейка і зорак.
     І тады ўсім, хто жыве высока ў небе, стала зразумела – нельга дазваляць дажджавой Хмары засланяць ад Сонейка лясную палянку і замінаць птушачкам выконваць свае радасныя песенькі. Вясёлыя песенькі ўзнімаюць настрой і дораць шчасце!
     – Не сумуй, дажджавая Хмара! Плыві ўніз, у горную цясніну, адпачні ў цішыні. У цябе перастане балець галава, калі ты выльеш там увесь свой дожджык, – далі параду цяжкай Хмары лёгкія перыстыя воблакі.
     Паслухалася дажджавая Хмара і адляцела. А назаўтра, калі лясную палянку асвяціла Сонейка, яна вярнулася зноў. Але гэта была ўжо не цяжкая дажджавая Хмара, а лёгкая пухнатая Аблачына. Ёй цяпер зусім не заміналі вясёлыя песенькі птушачак. Яна танчыла на блакітным небе і цешылася выдатнаму сонечнаму надвор'ю разам з усімі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100