Навагоднія прыгоды ёлачных цацак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Навагоднія прыгоды ёлачных цацак
Навагоднія прыгоды ёлачных цацак
У адной кватэры шматпавярховай хаты, дзе жыла старая бабуля, захоўвалася мноства старадаўніх ёлачных цацак. Іх старая збірала ўсё сваё жыццё. У вялікай кардоннай скрынцы ляжалі акуратна загорнутыя ў кавалачкі пажоўклых газет, у папяровыя сурвэткі і цэлафанавыя пакеты – конікі і клоуны, птушачкі і сабачкі, коцікі і мышкі, зорачкі, ліхтарыкі, кубачкі і самаварыкі, бліскучыя рознакаляровыя шкляныя каралі і шары, маленечкія снягуркі і дзядулі маразы. Якіх толькі ёлачных цацак там не было!      Даўным-даўно, калі бабуля была яшчэ маленькай дзяўчынкай, яна ўжо прыбірала навагоднюю Ёлку. Тады яе мама купляла ёлачныя ўпрыгожанні. Вось чаму ў хатняй калекцыі бабулі былі вельмі старыя цацкі, зробленыя з кардона і тонкай каляровай папяроснай паперы. Зайчыка і ляльку-матрошку з такой паперы ў дзяцінстве бабуля зрабіла сама.
     У яе быў сын Міколка, з якім яна шмат гадоў упрыгожвала Ёлку. Але хлопчык даўно вырас і жаніўся, вось толькі ўнукаў бабулі яшчэ не падарыў. Мікалай дзівіўся таму, што яго старэнькая мама дагэтуль любіць да навагодняга свята ўпрыгожваць цацкамі Ёлку. Аднак, інакш яна не магла.
     Вось і цяпер у пярэдадзень Новага года ў вялікім пакоі яе кватэры ля акна ўжо стаяла Ёлка, прыбраная ў чароўнае адзенне. Вядома, усе цацкі, сабраныя за шмат гадоў бабуляй і яе мамай, на лясной прыгажуні не маглі змясціцца, бо кожны год у скрынку са старымі навагоднімі ўпрыгожаннямі далучалася яшчэ адна цацка. Бабуля лічыла, што да Новага года трэба купіць зусім новую цацку, толькі тады ён будзе шчаслівым.
     Але калі незнаёмка ўладкоўвалася на бабулінай Ёлцы ў ціхім пустым пакоі, у яе тут жа псаваўся настрой. Ад астатніх цацак яна даведвалася, што ніякага карагоду вакол Ёлкі на Новы год не будзе, бо малышы ў гэты пакой ніколі не заходзяць.
     – Як дрэнна, што мяне не купіла маладая цётка, тая, што стаяла ва ўнівермагу ў чарзе перад бабуляй! – засмуцілася новая цацка. – У яе кватэры абавязкова ёсць малышы. А без дзіцячага смеху і тупату маленькіх ножак я не ўяўляю навагодняе свята.
     – Так, – уздыхаў цацачны Дзед Мароз. – У Новы год я заўсёды сумую, калі стаю тут, пад Ёлкай. Ніхто з дзяцей не разглядае маё навагодняе ўбранства, не мацае маю белую бараду і чароўны ледзяны кій. Да того ж, шакаладных цукерак на Ёлцы няма, бабуля не купляе іх.
     – Навошта цукеркі? Яны цяпер тут не патрэбны, – умяшаўся ў гутарку Мішка, ён таксама сядзеў пад Ёлкай. – Вы ж ведаеце, што бабулі шакаладных цукерак не ядуць. Для старых гэта шкодная ежа.
     – А мне падабаецца пах шакаладу, – піснула рыжая шкляная Ліска.
     – І мне таксама, – падтрымаў яе сіні Каток. – Ды хто ж не любіць пах свежага шакаладу! Такіх цацак сярод нас няма.
     – Калі б я была сапраўднай бабуляй, нізавошта б не адмовілася ад шакаладнай цукеркі, – буркнула цацачная Баба Яга.
     Прычуўся звон шкла. Гэта на Ёлцы заварушыліся цацкі – кожная жадала штосьці дапоўніць да хвалюючай усіх іх гутаркі. Але тут у пакой увайшла тая самая бабуля. Яна падышла да Ёлкі, пагладзіла яе маршчыністай далонню, а затым уключыла ілюмінацыю. Асвятліўшыся, Ёлка заіскрылася ад задавальнення, зайграла яркімі рознакаляровымі лямпачкамі! Пакой ажыў, а навагодняя зялёная прыгажуня выпрасталася і папрыгажэла.
     – Мая ялінка! Ты такая цудоўная! – сказала бабуля. Яна ўсміхнулася і села ў крэсла, любуючыся на свой "скарб".
     Але тут зазваніў дзвярны званок. Старая ўстала і пайшла адчыняць. З пярэдняга пакоя данесліся дзіцячыя галасы.
     – Мы ўбачылі з акна, як хораша на другім паверсе зіхаціць ваша Ёлка, – казалі дзеці.
     – Няўжо ў вас у кватэры яшчэ няма Ёлкі? – здзівілася бабуля.
     – Ёсць. Але яна не такая прыгожая, і на ёй зусім мала цацак.
     – Праходзьце туды, калі мама вам дазволіла, – запрасіла дзяцей у пакой бабуля.
     Ёлачныя цацкі ажывіліся. Яны ўслухоўваліся ў гутарку і ўзіраліся ў малышоў. У пакой увайшоў хлопчык гадоў пяці, за ім – дзяўчынка, яго сястрычка. З выгляду ёй было тры гады.
     – Гуляйце ў мяне. Прыходзьце, калі захочаце. Глядзіце, колькі на маёй Ёлцы цацак! Яны старадаўнія, – бабулька пачала распавядаць дзецям пра сваё "ёлачна-цацачнае" багацце.
     А цацкі былі вельмі радыя! Ім захацелася пахваліцца сваёй прыгажосцю, і таму яны зазіхацелі яшчэ больш! Усе ёлачныя ўпрыгожанні жадалі пачуць дзіцячы смех, ім хацелася весялосці!
     – Выбірайце цацкі, якія вам спадабаюцца. Вы ўладкуеце іх на вашу Ёлку, – сказала бабуля.
     Яна ўзяла пакет і акуратна склала ў яго тыя ёлачныя цацкі, на якія паказалі дзеці.
     – Вось! Гэта падарунак ад мяне вам да Новага года! – усміхнулася бабуля.
     Малышы ўзрадаваліся. Схапіўшы пакет з цацкамі і сказаўшы: "Дзякуй, бабуля!", яны ўцяклі да сябе наверх, на пяты паверх гэтага ж дома.
     Да Новага года заставалася некалькі гадзін. Бабулька патэлефанавала да сына, павіншавала ўсіх сваіх сябровак з Новым годам, а потым пайшла ў спальню адпачываць. Пакінутыя на бабулінай Ёлцы ў адзіноце цацкі засмуціліся. Ім таксама вельмі захацелася сустрэць Новы год разам з дзецьмі! "Там весела і цікава, і зусім не так сумна, як тут", – плакаліся яны адна адной.
     Неверагодна, астатнім цацкам таксама пашанцавала, бо ўначы здарыўся сапраўдны цуд! У адчыненую фортачку ўляцеў цацачны Снегавік, той, якога панеслі з сабой дзеці. Ён выведаў ход праз вуліцу ў новую кватэру і паабяцаў астатнім цацкам забраць іх туды на час, пакуль яшчэ працягваецца весялосць і навагодні карагод вакол Ёлкі.
     – А як жа бабуля? – не вырашаліся на гэта ёлачныя цацкі.
     – Яна стамілася і ўжо лягла адпачываць. Да раніцы вы вернецеся. Ну як, дамовіліся? – настойваў Снегавік.
     І цацкі вырашыліся, яны паляцелі насустрач цудоўным навагоднім прыгодам…
     
     Вось які цуд можа здарыцца ў навагоднюю ноч! Вы не паверыце! З тых часоў кожны раз пад Новы год бабуліны ёлачныя цацкі ўцякаюць з яе ціхай кватэры і на некаторы час уладкоўваюцца на Ёлцы, вакол якой маленькія дзеці водзяць карагод. Але павесяліўшыся ўдосталь, яны заўсёды вяртаюцца назад да сваёй бабулі. А тая, нічога не заўважыўшы, пасля свята здымае іх з галінак і ўкладвае ў вялікую кардонную скрынку да наступнага Новага года. Затое цяпер ёлачным цацкам не так сумна, і яны, лежучы ў скрынцы, могуць з асалодай успамінаць свае дзіўныя навагоднія прыгоды.
     
      Гэтая казка на рускай мове
3.01.18
Каталог TUT.BY Rambler's Top100