Неразлучныя сяброўкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Неразлучныя сяброўкі
Неразлучныя сяброўкі
У адным горадзе жылі дзве неразлучныя сяброўкі – Маша і Даша. Яны былі вельмі падобныя адна на адну толькі не тварам, а сваімі паводзінамі, можа нават характарам. Калі дзяўчынкі сустракаліся, яны забывалі пра ўсё на свеце. І ў гэтыя хвіліны ў іх усё было агульнае – роздум, справы, нават галасы станавіліся аднолькавымі. Часам сяброўкі глядзелі на сябе ў люстэрка і думалі: "Можа мы сястрычкі? Падабенства жа якое!"      Маша і Даша настолькі моцна пасябравалі, што жыць паасобку практычна не маглі. Дарэчы, вучыліся яны ў адным і тым жа класе і сядзелі за адной партай. Урокі кожная з іх вучыла ў сваёй кварэры. Аднак пасля таго, як усё было зроблена, сяброўкі абавязкова сустракаліся і астатак дня праводзілі разам. Яны ніколі не сварыліся. Вось якое моцнае было іх сяброўства!
     Неяк узімку, у нядзельны дзень, Маша ўбачыла ў акне сінічку. Маленькая птушачка ціхенька сядзела ў кутку на халодным балконе і нават не паспрабавала пырхнуць, калі дзяўчынка падышла да яе. У гэты дзень быў вельмі моцны мароз, і Маша падумала, што, напэўна, сінічка змерзла. Яна ўзяла яе ў рукі і ўнесла ў пакой. Потым пасадзіла ў клетку, дзе калісьці жыў папугай, паклікала Дашу. Разам яны агледзелі сінічку і зразумелі, што ў яе хворае крыло. Дзяўчынкі пачалі выходжваць і лячыць птушачку. Яны кармілі і паілі яе, і сінічка пачала здаравець.
     У адзін з сонечных дзён сяброўкі паставілі клетку з сініцай на акно, каб птушцы было весялей. Неўзабаве на другі бок акна села незнаёмая сінічка. Яна скакала па падаконніку і ціўкала па-птушынаму, як бы размаўляючы з хворай сінічкай.
     – Так гэта ж сяброўкі! – здагадаліся дзяўчынкі.
     Калі яны прыадчынілі фортачку, здарыўся цуд! Сінічка пырхнула ў акно і стала лётаць па пакоі. Трэба было чуць, як радасна ціўкалі дзве сяброўкі-сінічкі! Колькі шчасця было ў іх рухах і галасах!
     – Даша! Паспрабуй адчыніць клетку, – параіла Маша.
     Даша адчыніла дзверцы клеткі. Дзяўчынкі чакалі – што ж адбудзецца? Так і ёсць! Незнаёмая сінічка скокнула да сваёй хворай сяброўкі ў клетку. Не пабаялася! Вось так сяброўства!
     З таго часу дзве неразлучныя сяброўкі, Маша і Даша, ужо даглядалі і кармілі дзвюх птушачак – безумоўна, таксама неразлучных сябровак! А калі хворая сінічка адужэла, дзяўчынкі выпусцілі птушак на волю...
     
     Шмат гадоў прайшло з тых часоў. Дзяўчынкі сталі дарослымі, але так і засталіся вельмі блізкімі сяброўкамі на ўсё жыццё. Яны з добрай усмешкай успамінаюць тых маленькіх птушачак, якім далі прытулак калісьці ўзімку.
     
      Гэтая казка на рускай мове
25.12.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100