Шэры (навагодняя казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шэры (навагодняя казка)
Шэры (навагодняя казка)
У адной паўднёвай краіне, дзе ніколі не выпадае снег, і заўсёды цёпла, надышоў час Каляд. У маленькім мястэчку багатыя бацькі накуплялі сваім дзецям падарункаў і нават "выпісалі" з поўначы да Ражджаства Хрыстова сучаснага Санта-Клаўса. Дзядуля Санта прыляцеў на казачна прыгожых аленях, запрэжаных у крыштальныя санкі з лёду. Ён прывёз дзецям, якія жывуць на поўдні Зямлі, Калядныя падарункі.      Але не ўсё ў гэтым маленькім мястэчку было так добра. У аднаго бяздомнага сабакі да зімы падрос адзіны выжыўшы шчанюк. Матуля шчанюка звала яго Шэрым, як завуць мацёрых ваўкоў. Шчанюк аброс мяккай цёплай поўсцю белага колеру, у яго адраслі іклы, а ў карых вачах зіхацелі гарэзлівыя агеньчыкі. Алені Санта-Клаўса, выпадкова заўважыўшы Шэрага каля смеццевых скрынь, дзе ён шукаў сабе ежу, вырашылі, што гэта шчанюк паўночнага ездавога сабакі, самаедскай лайкі, якую запрагаюць у сабачую ездавую запрэжку аленяводы ў тундры. Алені пашкадавалі бяздомнага сабаку і вырашылі адвезці яго на поўнач.
     – Ты хочаш убачыць палярнае ззянне і снег? – спыталі ў Шэрага алені.
     – Так, хацеў бы.
     – Мы можам узяць цябе з сабой на зваротным шляху. Скажы маме, што жадаеш паехаць разам з намі, і рыхтуйся да далёкага пералёту. Мы адвязём цябе на поўнач Зямлі, за палярны круг, у казачную краіну Лапландыю.
     Павіншаваўшы дзяцей паўднёвага мястэчка і падарыўшы ім падарункі, Санта-Клаўс паляцеў на аленях далей па загадзя спланаваным маршруце віншаваць іншых дзяцей і дарыць ім падарункі. А Шэры задумаўся. Ён не мог уявіць сабе паўночную краіну, бо ніколі там не быў. Снег здаваўся яму салодкай ватай, а палярнае ззянне – звычайным навагоднім феерверкам. Мама Шэрага дазволіла яму вырашаць самому, дзе далей жыць, бо яе шчанюк падрос і стаў самастойным.
     У канцы снежня, перад самым Новым годам, Санта-Клаўс разам з аленямі вяртаўся назад у свой маёнтак у Лапландыі. Па дарозе ён прыхапіў з сабой Шэрага, таму што пра ўсё ўжо даведаўся ад аленяў. Шэры ж адмыслова рыхтаваўся да пераезду на суровую халодную зямлю – загартоўваўся і займаўся прабежкамі. Пералёт у цесных халодных крыштальных санках не вельмі падабаўся сабаку, затое ён змог паназіраць за Зямлёй з вышыні. У гэтыя пераднавагоднія дзянькі яна зіхацела і пералівалася нібы цацачны шарык на Каляднай Ёлцы!
     – Глядзі! Гэта паўночнае ззянне! – крыкнуў Санта-Клаўс. – Праўда, прыгожае?
     – Які цуд! – усклікнуў Шэры.
     Яркае мігатлівае перламутравае святло над Зямлёй захапіла яго. Нічога падобнага ён раней не бачыў.
     – Паўночнае ззянне вітае цябе ў нашай паўночнай краіне! Ты жадаеш тут застацца жыць? – спытаў Санта-Клаўс.
     Шэры паглядзеў уніз на Зямлю і ўбачыў суцэльны белы колер. Адтуль веяла холадам. Але сабака не змёрз, яго абараняла цёплая поўсць, хаця нос і вочы трохі казытаў ледзяны вецер.
     Алені зменшылі хуткасць і неўзабаве апусціліся ўніз. Шэры выскачыў з санак і атросся. Яго поўсць за час пералёту зацерушылі ледзяныя сняжынкі. Ён нават змог лізнуць іх і адчуць прыемны халаднаваты смак расталага снегу.
     – Я паспрабую палюбіць вашу краіну. Тут зусім не дрэнна, нават неяк незвычайна, – паведаміў Шэры Санта-Клаўсу і аленям.
     – Вельмі добра! А зараз бяжы вунь у тую хатку, там цябе накормяць, – параіў Санта-Клаўс.
     Сам жа ён пайшоў адпачываць у свой церам, а гномы павялі аленяў у адмысловую цёплую аленевую хату, дзе для іх ужо была прыгатавана смачная ежа.
     У сядзібе Санта-Клаўса жыло шмат гномаў. Яны ўмелі рабіць усё: прыбіраць, гатаваць ежу, выводзіць аленяў на шпацыры па чароўным лесе. Гном па імені Дабрак накарміў Шэрага і адвёў яго ў гасцявы пакой на начлег.
     – Раніцай я распавяду табе, дзе ты будзеш жыць і чым зможаш заняцца, – сказаў Дабрак.
     Уначы Шэраму прысніўся Паўднёвы акіян і мама на беразе. Яна клікала яго. Прачнуўся Шэры не ў настроі. Яму хацелася вярнуцца дахаты. Пад раніцу прыйшоў гном Дабрак і, усміхаючыся, паведаміў, што яго, Шэрага, ужо чакае мясцовы аленявод. У яго ездавой запрэжцы якраз не хапае аднаго сабакі.
     "Я буду бегаць у ездавой запрэжцы разам з іншымі сабакамі. Значыць, у мяне будзе шмат сяброў, моцных і адважных сабак!" – зразумеў Шэры і тут жа пагадзіўся працаваць у аленявода.
     Сабакі сустрэлі яго прыязна. А як жа інакш? Свае сваіх не б'юць. Шэры быў такі падобны на паўночных ездавых сабак, лаек, што ніхто з сабачай зграі не сумняваўся, што ён – іх далёкі сваяк, які выпадкова згубіўся ў паўднёвай краіне.
     – Прывітанне, Шэры! Будзем сябраваць! – адзін за адным віталі пачаткоўца сабакі аленявода. – Мы навучым цябе працаваць у запрэжцы. Галоўнае – нічога не баяцца, уважліва слухаць усё, што кажа гаспадар.
     Не прайшло і тыдня, як Шэры стаў у запрэжку і нароўні з усімі сабакамі пачаў выконваць нялёгкую працу – цягаць па патанаючай у снезе паўночнай зямлі цяжкія гружаныя санкі. Ён стараўся не парушаць правілы, акуратна бег следам за сабакамі, нацягваючы рамяні і прыкладаючы столькі намаганняў, колькі патрабавалася ад яго. Спачатку да канца працоўнага дня сабака моцна стамляўся, яму хацелася есці і адпачываць. Вакол усё патанала ў халодным снезе, ды і да тамашняй ежы – рыбы і аленіны – Шэраму прыйшлося доўга прывыкаць.
     Аднойчы гном Дабрак наведаў яго. Шэры знудзіўся па свяце Ражджаства Хрыстова, і яму захацелася зноў праехацца ў санках Санта-Клаўса па нябесных дарогах.
     – Санта-Клаўс хутка зноў паляціць у паўднёвыя краіны. Ён абяцаў узяць цябе з сабой, – паведаміў гном. – Стары жадае, каб ты пабачыўся з матуляй.
     Шэраму пашанцавала. Ён ізноў адправіўся ў палёт у ледзяных крыштальных санках Санта-Клаўса. Апрача таго сабака ляцеў не куды-небудзь, а да мамы, у роднае паўднёвае мястэчка!
     – За добры цярплівы характар, за ўменне і жаданне працаваць на карысць людзям я ўзнагароджваю цябе, Шэры, гэтай паездкай і дару табе ад сябе Калядны падарунак – чароўны самакат. Па небе ты на ім не паляціш, затое па зямлі будзеш імчацца з хуткасцю святла, – запэўніў Санта-Клаўс.
     Вось так бяздомны шчанюк паўночнай пароды па мянушцы Шэры смог падарожнічаць па белым свеце і пабачыць тое, што раней ніколі не бачыў. Да гэтага часу ён працуе ў запрэжцы разам з сябрамі, ездавымі сабакамі, і імкнецца, чым толькі можа сам, дапамагаць жыхарам суровага паўночнага краю выжываць у экстрэмальных для жыцця ўмовах.
     
     Так, будзь жа здаровы, працавік Шэры! Шчасця табе і пабольш радасных цікавых падзей і сустрэч у Новым годзе!
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.12.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100