Вялікая Таямніца Новага года - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вялікая  Таямніца Новага года
Вялікая Таямніца Новага года
У дзіцячым садзе ўсе рыхтаваліся да Новага года. Дзеці старэйшай групы разам з выхавальніцай вырашылі ўпрыгожыць акно свайго пакоя. Яны змайстравалі маленькіх Снегавічкоў. Навагоднія цацкі атрымаліся незвычайныя, вельмі розныя. Усе яны былі падобныя на Снегавічкоў з чароўных казак пра Новы год. Дзеці паставілі іх на акно, за якім ужо па-зімоваму ўсё было захутана белым пухнатым снегам. "Хай глядзяць на зіму ў акне і клічуць Дзядулю Мароза. Тады ён хутка прыйдзе да нас у групу і прынясе падарункі!" – вырашылі дзеці.      Але Снегавічкам было сумна ўвесь час глядзець у акно. Часам яны, як бы неспадзявана, паварочваліся і назіралі, як у пакоі гуляюць дзеці. А яны тым часам гулялі са сваімі цацкамі. Снегавічкі хмурыліся і крыўдзіліся. Ім хацелася, каб дзеці не забывалі, што яны, Снегавічкі, не простыя, а Чароўныя, і часцей звярталі на іх увагу.
     Але Снегавічкі дарма крыўдзіліся. І вось чаму.
     Марынка і Палінка больш іншых дзяцей з групы, як ім здавалася, чакалі чароўнае свята. Дома для навагодняга ранішніка дзяўчынкі разам з мамамі ўжо шылі сукенкі і майстравалі бліскучыя кароны Сняжынак. А тут, у садзе, Марынка з Палінкай употай ад усіх падбягалі да акна і паціху размаўлялі з Чароўнымі Снегавічкамі. Пра што? О, гэта была іх найстражэйшая таямніца! Дзяўчынкі па сакрэце паведамлялі Снегавічкам свае запаветныя жаданні. Марынка з Палінкай разумелі – Чароўныя Снегавічкі змогуць перадаць іх просьбы Дзядулю Марозу. Але, у той жа час, дзяўчынкі вельмі баяліся, што калі хто-небудзь з дзяцей падслухае іх гутаркі, тады жаданні не спраўдзяцца!
     Сяброўкі нават не падазравалі, што ў такой жа таямніцы ад усіх кожнае дзіця з іх групы ўжо даўно загадала сваё запаветнае жаданне і паведаміла яго Чароўным Снегавічкам! Вось чаму, калі, нарэшце, настаў той самы шчаслівы дзень, і ў дзіцячы сад прыйшоў сапраўдны Дзядуля Мароз з навагоднімі падарункамі, усім дзецям, а не толькі Марынцы з Палінкай, дасталася тое, што яны загадалі.
     – Дзядуля Мароз змог прывезці нам падарункі, ён разгадаў нашы запаветныя жаданні! – цешыліся дзеці.
     – Гэта цуд! – здзівілася выхавальніца. – Як жа гэты ты, Дзядуля Мароз, усё так добра разгадаў?
     – Разгадаў, таму што дзеці самі ўсе зрабілі, – адказаў Дзядуля Мароз і хітра зірнуў на Чароўных Снегавічкоў. – Хлопчыкі і дзяўчынкі паведамілі свае запаветныя жаданні Снегавічкам, а яны перадалі іх мне.
     – Дзядуля Мароз! Распавядзі нам, як яны табе ўсё так хутка перадалі, бо ты жывеш далёка, а Снегавічкі нікуды з пакоя не сыходзілі? – зацікавіліся дзеці.
     Я не магу раскрыць гэты сакрэт, – сказаў Дзядуля Мароз. – Гэта Вялікая Таямніца Новага года.
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.12.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100