Дзіўная сустрэча - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзіўная сустрэча
Дзіўная сустрэча
Сёння ў Слаўкі добры дзень. Ён едзе з татам у госці да бабулі ў вёску. Вядома, Слаўке хочацца ўбачыць сваю бабулю. З самага лета ён не быў у яе. Але галоўнае не ў тым. Каля бабулінай хаты вялікі лес, і яны з татам пойдуць туды да ляснічага за елкай. Да Новага года застаўся толькі адзін дзень, а елкі, сапраўднай лясной елкі, яшчэ няма ў Слаўканай хаце! Сёння нядзеля, і ў дзіцячы сад ісці не трэба. Аднак Слаўка прачнуўся рана. Хутка заслаў сваю пасцелю, памыўся і пайшоў на кухню да мамы. А яна, такая малайчына, ужо прыгатавала ім з татам сняданак і нават торбу запакавала дзеля бабулі – усякія там прадукты, гасцінцы навагоднія.      І вось Слаўка з татам ужо ў машыне – яны выехалі з горада на шашу. Хлопчык любіць падарожнічаць. Цяпер ён, не адрываючыся, глядзіць у акно. А там – сонца, блакітнае неба і снег! Елкі, хвоі, бярозы іскрацца ад белага снегу, пераліваюцца на сонцы і чакаюць, чакаюць Новага года гэтак жа, як і ён, Слаўка.
     Калі тата падруліў да бабулінай хаты, то першай насустрач да іх выскачыла Муфта. Яна радасна заматляла хвастом, вітаючы госцей. Ах, ты мілая Муфта, знудзілася! А бабуля ўжо чакала сваіх родных. І пірог смачны спякла, і навагодні падарунак для Слаўкі прыгатавала. Бабуля ў Слаўкі выдатная!
     Але цяпер галоўнае для таты з сынам – адшукаць у лесе хатку ляснічага і купіць у яго прыгожую елку.
     – Мар'я Пятроўна! Як нам знайсці лесніка? – тут жа ля парога яе хаты спытаў тата.
     – Ды ідзіце вось сюды, па гэтай сцяжынцы, там недалёка і ўбачыце яго хатку.
     І сапраўды, вузенькая, ужо кімсьці пратаптаная ў свежым снезе, дарожка прывяла іх да маладога яловага лесу і хаткі ляснічага. Такую прыгажосць Слаўка бачыў хіба што на малюначках. Ён глядзеў па баках і ўсюды бачыў ялінкі, быццам апранутыя ў доўгія, да самай зямлі, беласнежныя футры. Але варта было дакрануцца да галінкі, і струмень ледзяных сняжынак-іскрынак абсыпаўся на зямлю, а то і нечакана трапляў хлопчыку за каўнер.
     – Бррр, холадна! – скакаў Слаўка, і храбусценне ад яго боцікаў разносілася па лесе.
     Ляснік павёў іх у двор за хатай, дзе ўжо чакалі пакупнікоў ссечаныя елкі.
     – Тата! Глядзі! Давай возьмем вось гэтую прыгажуню!
     – Яе? – тата падышоў да Ёлачкі. – Ну што ж, давай!
     Праз пару гадзін, трохі пагасцяваўшы ў бабулі, вясёлыя і задаволеныя бацька і сын ужо вярталіся дахаты. А ў багажніку з імі ехала ў горад сустракаць Новы год маленькая пухнатая Ёлачка.
     "Заўтра Новы год, – думаў хлопчык, – а я яшчэ ні разу ў жыцці не сустракаў сапраўднага Дзеда Мароза".
     І якое ж было здзіўленне Слаўкі, калі, седзячы ў машыне каля крамы, куды тата пабег за цыгарэтамі, ён убачыў таго, пра каго некалькі мінут назад думаў. Перад ім стаяў высокі стары з белай барадой, апрануты ў доўгае футра і з кіем у руцэ. Спачатку Слаўка нават не паверыў: "Няўжо гэта сапраўдны Дзед Мароз?" А калі Дзед Мароз, убачыўшы ў акне машыны хлопчыка, падышоў да яго, працягнуў мяшочак з падарункам і павіншаваў з надыходзячым Новым годам, Слаўка ад разгубленасці не змог прамовіць ніводнага слова. Аднак тата, убачыўшы ўсё гэта, ні кропелькі не збянтэжыўся, толькі ўсміхнуўся Дзеду Марозу і, паціснуўшы яму руку, урачыста прамовіў:
     – З Новым годам Вас, Дзядуля Мароз!
     Усю дарогу дахаты Слаўка ўспамінаў сваю першую ў жыцці і такую дзіўную сустрэчу з Дзедам Марозам! І яму чамусьці здавалася, што калі-небудзь ён ізноў сустрэне Дзеда Мароза, убачыць яго вясёлыя вочы, вялікі ўсмешлівы рот і доўгую белую бараду...
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.12.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100