Цяпло Снягуркі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Цяпло Снягуркі
Цяпло Снягуркі
Стары Дом чакаў сваю гаспадыню – Снягурку. Кожную зіму яна прыходзіла да яго і прыносіла з сабой Любоў і Шчасце. Але сёлета прайшоў ужо амаль што цэлы месяц з пачатку зімы, а Снягурка не прыходзіла.      Дом з надзеяй узіраўся ў далечыню, але бачыў толькі шэрае зацягнутае неба. Ніводнага сонечнага праменьчыка не прабівалася ў ім. Дом ведаў, калі прыходзіць Снягурка – зіма змяняецца. У тыя часы ўсё навокал заліта Сонцам, снег іскрыцца, дрэвы стаяць у асляпляльна белым уборы. І гэта так цудоўна!
     А цяпер вакол яго была толькі шэрая волкасць, ніводнай птушкі на голых галінах дрэў, ніводнай сняжынкі.
     – Хіба гэта зіма? – разважаў Дом. На яго душы было холадна і тужліва.
     – Калі ж маё Шчасце, мая Радасць прыйдзе да мяне? – марыў ён. – Вось і птушкі чакаюць яе. Кожны дзень падоўгу сядзяць пад дахам.
     Праходзілі дні, стары Дом і птушкі цярпліва чакалі Снягурку.
     І аднойчы ўсё змянілася. З раніцы ў небе вызірнула Сонца. Зямлю і галіны дрэў нібы пуховымі коўдрамі атулілі тысячы асляпляльна белых сняжынак. А над дахам Дома ўсю раніцу лёталі птушкі, весела ціўкаючы, быццам у прадчуванні будучага Шчасця.
     Нарэшце, Дом убачыў, што Снягурка ідзе да яго па дарозе. І тут жа яго душу запоўнілі Радасць і Цяпло! Птушкі кружылі вакол сваёй гаспадыні, не жадаючы ні на імгненне адстаць ад яе. Белыя пухнатыя зайчыкі беглі следам.
     Ва ўсім свеце не было нікога чароўней за яе! Вялікія блакітныя вочы Снягуркі ўсміхаліся, доўгая русая каса спадала на плечы, на галоўцы зіхацела бліскучая карона, сукенка знізу даверху была ўпрыгожана ізумруднымі камянямі, а ззаду па снезе цягнуўся доўгі зіхоткі шлейф з крыштальных сняжынак!
     Снягуркай захапляліся. Здавалася, што дрэвы, зірнуўшы на такую прыгажуню, таксама стараліся стаць прыгажэйшымі. Яны распроствалі свае стройныя постаці і вышэй падымалі апранутыя ў зіхатлівы снег кроны. А дзяўчына ганарліва ішла, быццам плыла белай лябёдкай. І ўсё вакол змянялася ад яе ўсмешкі і пяшчотнага дакранання!
     Ён, яе Дом, стаяў, не ў сілах адарваць позірк ад сваёй прыгажуні-гаспадыні. Вось яна падышла і пакланілася яму ў пояс. Птушкі, якія ляцелі следам за ёй, рассыпаліся ў двары па галінах вялікай разгалістай яблыні. Казачная дзяўчына адчыніла дзверы і ўвайшла ў зімовы Дом. Сонца асвятліла яго вокны, дах, сад і птушак. І ў Доме, закінутым, волкім і халодным, адразу ж стала цяплей, радаснай і весялей!
     З таго часу кожны дзень на зімовым небе з’яўляецца Сонца і захоплена назірае за Снягуркай. Так, відаць, прыгажосць і пяшчота чаруе ўсіх, а не толькі птушак і людзей!
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.12.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100