У Зімовым Лесе снегавіка Марозка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
У Зімовым Лесе снегавіка Марозка
У Зімовым Лесе снегавіка Марозка
У вялікі горад прыйшла зіма, але толькі каляндарная, а не сапраўдная снежная. Сяброўкі, Ангеліна і Соня, з нецярпеннем чакалі марознага і снежнага надвор’я. Дома ў іх нудзіліся без справы новенькія фірменныя канькі. Дзяўчынкі любілі катацца ўзімку па бліскучым лёдзе. Але сёлета каток яшчэ не быў заліты, а на газонах зелянела трава.      – Не журыцеся! – супакойвалі сябровак аднакласнікі, Міколка, Пеця і Саша. – Мы таксама чакаем, калі выпадзе снег. Ух, тады можна будзе пракаціцца па лыжні ў лесе ад станцыі Крыжоўка да станцыі Зялёнае. Калі б вы, дзяўчынкі, бачылі, як хораша ў лесе ўзімку! Дачакаемся снега і з'ездзім у лес усе разам.
     Але прайшоў адзін тыдзень, за ім – другі, а марозная і снежная Зіма так і не надыходзіла.
     – Заўтра пачынаюцца зімовыя канікулы. Потым будуць навагоднія святы. Дзе ж затрымалася Зіма? – хваляваліся дзеці.
     – А што, калі папрасіць Дзядулю Мароза дапамагчы нам замарозіць зямлю і даслаць снежные хмары ў якасці навагодняга падарунка? – прапанавала Ангеліна.
     – Гэта было б выдатна! – падтрымаў яе Міколка. – Аднак цяпер ужо канец снежня, ліст да Дзядулі Мароза не дойдзе да надыходу Новага года. Дзядуля Мароз не выканае нашу просьбу, бо ўсё яго чараўніцтва здзяйсняецца толькі ў навагоднюю ноч.
     – Шкада... А так хочацца пакатацца на каньках! – засмуціліся дзяўчынкі.
     – А я ведаю, што трэба зрабіць, – Пеця раптам штосьці ўзгадаў. – Я ж ўлетку бачыў у інтэрнэце электронны адрас Дзядулі Мароза. Нават запомніў яго, толькі тады ён мне быў не патрэбен.
     – Пецечка! Калі ласка, успомні яго цяпер! – папрасілі сябры.
     – Так, здаецца, успомніў... – пачасаў патыліцу Пеця. Ён дастаў смартфон і павольна штосьці набраў. – Ёсць такі! Пішам! – усміхнуўся хлопчык.
     Сябры мігам склалі пасланне да Дзядулі Мароза і адправілі яго па электроннай пошце. Ім не прыйшлося доўга чакаць адказу. Хутка ад Дзядулі прыйшоў электронны ліст:
     "Дарагія дзеці! Я вельмі добра разумею ваша жаданне пакатацца на каньках і лыжах. На жаль, навагодняга падарунка вам у выглядзе марозу і снегу ў вашым горадзе і прыгарадзе я не магу даслаць. Зараз я хварэю і нікуды не езджу. Мой чароўны маразільны кій стаіць без справы. Ім, акрамя мяне, ніхто не можа скарыстацца. Быць чараўніком няпроста. Але адзін мой вельмі здольны вучань не так даўно авалодаў "невялікімі прамудрасцямі" навагодняга чараўніцтва. Я дазволіў яму паспрабаваць што-небудзь замарозіць. Ён стварыў зімовае надвор'е на адным куточку Зямлі. Туды самі вы не трапіце. Заўтра ў дзесяць гадзін раніцы прыходзьце ў скверык каля вашай школы. Там вас сустрэне снегавік Марозка. Ён і ёсць той самы вучань. Я папрасіў яго адвезці вас у яго Зімовы Лес на пару гадзін. Бярыце з сабой канькі і лыжы, цёпла апранайцеся".
     – Ура! – узрадаваліся дзеці, прачытаўшы ліст.
     – Толькі што сказаць дома? – засумнявалася Ангеліна. – Мама можа не пусціць. Раптам мы не вернемся адтуль?
     – Вернемся! Дзядуля Мароз не ашуканец. Ён ніколі нікога не ашукваў, – супакоілі сяброўку дзеці.
     Назаўтра раніцай уся дружная пяцёрка сабралася ў скверыку каля школы. Бацькі адпусцілі дзяцей толькі з умовай, што да чатырнаццаці гадзін яны будуць дома.
     Роўна а дзясятай гадзіне да школы пад'ехаў мікрааўтобус. Ён быў афарбаваны ў блакітны колер, а на яго даху зіхацелі сапраўдныя сняжынкі.
     – Вось гэта да! – здзівіліся дзеці.
     З аўтобуса выйшаў вадзіцель – казачны снегавік Марозка.
     – Сядайце, калі ласка! – закамандаваў ён. – Я адвязу вас у мой Зімовы Лес на чатыры зямныя гадзіны. У мяне ў гасцях вы прабудзеце шэсць гадзін, таму што ў чароўным месцы іншы час. Затым я адвязу вас назад дадому.
     – Вялікі дзякуй вам і Дзядулю Марозу, – прашапталі ўзрадаваныя дзеці і тут жа ўселіся на мяккія сядзенні.
     Яны і не заўважылі, як апынуліся ў Зімовым Лесе. О, гэта быў не звычайны, а казачны лес! Такога ярка-белага іскрыстага снега, чыстага блакітнага неба, іскрыстага лёду сябры ніколі не бачылі!
     Пасярод паляны быў заліты каток. Снегавік потым прызнаўся, што заліваў яго спецыяльна для дзяўчынак учора ўвечары пасля гутаркі з Дзядулем Марозам. А добрая лыжня па заснежаных сцежках вялікага лесу, аказваецца, ужо даўно была пракладзена самім снегавіком, бо Марозка – вялікі аматар лыжных шпацыраў.
     Ангеліна і Соня тут жа надзелі канькі і пабеглі на каток, а Міколка, Пеця і Саша разам са снегавіком адправіліся катацца па казачным лесе. Ах, якая цудоўная прырода была вакол іх! Велізарныя да неба ёлкі і хвоі, з ног да галавы захутаныя ў іскрыстыя беласнежныя футры, важна, па-каралеўску, сустракалі гасцей.
     – Прыгажосць! – захапляліся хлапчукі. – Такія ёлкі ў навагоднюю ноч нават не трэба ўпрыгожваць. Вось толькі зорачак на верхавінах у іх няма.
     – Будуць! – заўважыў снегавік. – Дзядуля Мароз падорыць ім чароўныя кароны. Ён мне абяцаў.
     Па ўсім было відаць, што Марозка сам быў вельмі моцна закаханы ў свой Зімовы Лес!
     – Гэта маё першае чараўніцтва, – па дарозе распавядаў ён дзецям. – Я папрасіў Дзядулю Мароза паказаць мне, як зрабіць зіму ў лесе. Ён так добра растлумачыў, што ў мяне ўсё адразу атрымалася, – цешыўся снегавік.
     – У вашым лесе вельмі прыгожа! – хвалілі яго дзеці.
     Яны з задавальненнем скаціліся з высокай заснежанай горкі.
     А дзяўчынкі з такім захапленнем каталіся на ледзяным катку, што нават не заўважылі, як праляцела не чатыры, а цэлых пяць казачных гадзін. І толькі калі з лесу вярнуліся хлапчукі разам са снегавіком Марозкам, сяброўкі апамяталіся.
     – Мы каталіся цэлых пяць гадзін, а для мяне яны так хутка праляцелі, што я гэтага нават не заўважыла, – засмуцілася Ангеліна.
     – А я трохі стамілася, і мне хочацца піць, – сказала яе сяброўка, Соня.
     – Калі так, я запрашаю ўсіх вас у маю хатку на кубачак гарбаты! – усміхнуўся снегавік Марозка.
     Хаця ў хатцы снегавіка ніякіх цудаў не было, яго гарбата аказалася сапраўдным лясным скарбам. Ад яе ішоў пах лясной травы, ягад і кветак.
     – Дзе вы купілі такі духмяны чай? – спытала Соня.
     – Я яго не купляў. Мне падарыла сушоныя ягады і лясную траву тутэйшая вавёрка Зося. Я з ёй сябрую.
     – Вы, Марозка, сапраўдны чараўнік! Шчыры дзякуй за казачнае задавальненне пабываць у вашым Зімовым Лесе! – падзякавалі дзеці новаму сябру.
     У чатырнаццаць гадзін сапраўднага зямнога часу хлопчыкі і дзяўчынкі былі ля школы. Снегавік, як і абяцаў, адвёз іх у горад.
     – Гэта паездка – проста нейкі цуд! – казалі дзеці адно аднаму па дарозе дадому. – Шкада, што мы не здольны ізноў пабываць у казачным лесе. А тут снега як не было, так і не будзе, – смуткавалі сябры. – Дзядуля Мароз хварэе.
     Вось толькі дзеці дарма хваляваліся. Ужо праз чатыры дні ў іх горадзе падмарозіла, і пайшоў снег. "Мабыць, Дзядуля Мароз акрыяў!" – зразумелі дзеці. І яны зноў паслалі яму электронны ліст. У ім сябры выказвалі падзяку Дзядулю Марозу за навагодні падарунак і жадалі яму моцнага здароўя.
     "Я рады, што вы засталіся задаволеныя, – адказаў ім Дзядуля Мароз. – Мне прыемна, што мой вучань снегавік Марозка змог стварыць Зімовы Лес і ветліва сустрэць у ім гасцей – вас, дзеці. Я стары, і мне патрэбныя памочнікі, таленавітыя вучні. Але маё здароўе ўжо паправілася. І я пачынаю свой навагодні паход па Зямлі. Падарункі дзецям сабраны. Яны іх чакаюць. Мая задача нікога не пакрыўдзіць у такія чароўныя дні. Свае падарункі вы ўжо атрымалі, але я, усё-такі, вырашыў падарыць вам яшчэ адзін падарунак – зімовую казку ў вашым родным горадзе. Так што, катайцеся на каньках і лыжах у сваё задавальненне!"
     Прачытаўшы гэты ліст, Ангеліна і Соня, Міколка, Пеця і Саша не сталі затрымлівацца дома ля камп’ютараў. Зімовыя канікулы не гумавыя. Хутка яны скончацца. І таму трэба лавіць момант і ўдосталь пацешыцца на казачную зіму ў сваім родным горадзе.
     
     p.s. дзіцячы малюнак з конкурсу дзіцячага малюнка "Адпачынак у весцы", прадстаўлены Беларускім грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы"
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.11.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100