Непаслухмяныя Галчаняты - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Непаслухмяныя Галчаняты
Непаслухмяныя Галчаняты
У Галчыхі нарадзілася пяцёра маленькіх жоўтаротых Галчанят. Матуля Галчыха гадавала іх, карміла і вельмі шкадавала. А калі яна адлятала з гнязда на пошукі чарвячкоў і мушак, то загадвала птушанятам быць асцярожнымі, не сядзець на краю гнязда, каб выпадкова не выпасці з яго на зямлю.      Але варта было ёй знікнуць, як Галчаняты адразу ж высоўвалі свае дзюбкі з гнязда, каб зазірнуць уніз. Старая Варона, якая сядзела непадалёку ад іх на галінцы дрэва, усё гэта бачыла. Яна спрабавала навучыць непаслухмяных Галчанят і гучна казала:
     – Кар-кар-р-р! Пр-рэч ад кр-рая! Пр-рэч!
     Але малышы быццам і не чулі яе крыкаў, ужо вельмі цікава ім было глядзець туды, уніз на зямлю! І вось вынік: самае маленькае Галчаня, якое сядзела бліжэй за ўсіх да краю гнязда, раптам неспадзявана выпала з яго!
     Бах! Растапырыўшы маленькія крылцы, але яны яшчэ не маглі падняць яго ў паветра, Галчаня звалілася ўніз і патрапіла ў ямку, пад хвояй. Птушаняці пашанцавала – яно апынулася на мяккай леташняй лістоце і таму моцна не ўдарылася, а толькі спалохалася.
     – Пі-пі-пі! – жаласна піскнула Галчаня. – Выратуйце мяне!
     Галчыха тым часам была вельмі далёка ад гнязда і не магла пачуць крык свайго дзіцяці.
     – А-я-яй! Бяда! – запішчалі з гнязда Галчаняты. – Мама! Ратуй нашага браціка!
     Але мамы няма нідзе. Затое да малога ўжо падабралася Ліса. Умомант з'есць небараку, ды і толькі! У такую цяжкую для Галчаняці гадзіну разумная суседка Варона не схібіла. Яна падляцела да Лісы, грозна замахала сваімі вялікімі крыламі і крыкнула вельмі гучна, на ўвесь лес:
     – Кар-кар-р-р! Сыходзь пр-р-рэч, Ліса!
     Затым Варона кінулася на зладзюжку! Глядзі, ненарокам уколе яе сваёй вострай дзюбай – прама ў вока!
     Спалохалася Ліса і бегчы. А тут і Галчыха падаспела. Падляцела да ямачкі, пасадзіла сыночка да сябе на спіну і падняла ў гняздо.
     – Ух! Гара з плячэй! Як страшна было! – расхваляваўшаяся матуля ледзь магла гаварыць. – Дарагая сусудка! Я так удзячна вам! Вы выратавалі майго нецямлівага! – дзякавала яна Вароне. – Ах, ах, ах! Непаслухмяныя мае дзеці, што ж вы нарабілі! – строга запыталася Галчыха ў Галчанят.
     Паглядзелі малыя на маму, затым на Варону, дзюбкі апусцілі, разумеюць, што вінаватыя:
     – Калі ласка, даруйце нам! Мы больш ніколі так не будзем рабіць! – паабяцалі Галчаняты матулі і Вароне.
     – Мае дарагія дзеці! Будзьце цярплівыя! Хутка ў вас адрастуць крылцы, вы навучыцеся лётаць, і тады ніякая Ліса не зможа вам нашкодзіць, – падтрымала сваіх птушанят мама Галчыха.
     
      Гэтая казка на рускай мове
23.11.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100