Школьны фруктовы сад - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Школьны фруктовы сад
Школьны фруктовы сад
Улетку Надзея Іванаўна, былая настаўніца пачатковых класаў сельскай школы, часта прыходзіла ў школьны фруктовы сад, каб пасядзець на лавачцы ў цяньку под дрэвамі. У гэтай школе яна шмат гадоў вучыла дзяцей. Яе былыя вучні часам наведвалі яе. Настаўніца памятала ўсіх іх і любіла, як сваіх родных дзяцей. Нават цяпер, гледзячы ў дарослыя твары вучняў, яна ўяўляла іх такімі ж, якімі яны былі тады – малышамі.      Так адбылося, што вялікі і вельмі прыгожы школьны фруктовы сад стаў для Надзеі Іванаўны яшчэ адной радасцю ўсяго яе жыцця. Калісьці даўно яна, маладая настаўніца, прапанавала свайму класу пасадзіць і выгадаваць на пустэчы каля школы фруктовы сад.
     – Уяўляеце, – тлумачыла яна дзеткам, – вы будзеце расці, і вашы дрэўцы будуць расці разам з вамі. Вы пасталееце, і яны вырастуць, адужэюць, увесну будуць квітнець, а ўвосень адорваць вас і ўсіх вучняў нашай школы сваімі сакавітымі салодкімі пладамі.
     – Ура, – узрадаваліся дзеці, – мы пасадзім фруктовы сад! Цур я пасаджу яблыню, а я – грушу, а я – зліву, а я – вішню! – крычалі наперабой хлопчыкі і дзяўчынкі.
     Яны, у той час другакласнікі, так загарэліся новай ідэяй настаўніцы, што хацелі тут жа бегчы ў двор і саджаць дрэвы.
     – Вядома, вы будзеце гадаваць тыя дрэвы, якія самі павыбіраеце, палюбіце і станеце берагчы, як малодшых сястрычак. Дамовіліся? – растлумачыла настаўніца.
     – Так! – адказалі дзеці.
     Яны ўжо ўяўлялі сабе фруктовыя дрэвы ў школьным садзе вялікімі і сталымі. Аднак у той час з вокнаў свайго класа дзеці маглі бачыць толькі дзве высокія белыя бярозы ў глыбіні пустога школьнага двара. Гэтыя бярозы шамацелі пажаўцелымі лісточкамі, сумна глядзелі ўдалячынь на чароды пералётных птушак і марылі пра новае лета. Дрэвы не ведалі, што вельмі хутка пазнаёмяцца з новымі маленькімі сябрамі…
     Адпачываючы ў цішыні школьнага саду, Надзея Іванаўна ўспамінала, як у той прахалодны, але светлы і радасны, нават трохі ўрачысты выхадны дзень дзеці самі выбіралі сабе дрэўцы – маленькія тоненькія далікатныя. Вучні прыйшлі ў школу разам з бацькамі, выкапалі на школьным двары ямкі, угнаілі, палілі вадой і пасадзілі ў іх саджанцы. З якой любоўю дзеці рабілі гэта! А затым усе хлопчыкі і дзяўчынкі падавалі ім імёны.
     Год за годам дзеці даглядалі дрэўцы, клапаціліся аб іх, як аб блізкіх сябрах: вясной абкапвалі, у летнюю засуху палівалі, абаранялі ад шкоднікаў. Зімой школьнікі ўцяплялі карані, ствалы сваіх гадаванцаў ад ледзяных вятроў і сцюжы.
     Дрэўцы раслі разам са сваімі добрымі сябрамі. Усякае здаралася, бо хварэюць не толькі людзі, але і расліны. Дзеці распытвалі дарослых, як лячыць хворае дрэва, абвязвалі на зіму тонкія ствалы яловымі лапкамі, каб зайцы не абадралі маладую кару.
     "Прайшло шмат гадоў. Нашы гадаванцы выраслі. Якія яны вялікія і дужыя!" – думала Надзея Іванаўна, разглядаючы дрэвы ў школьным садзе.
     Настаўніца хадзіла па алеях, дакраналася цёплай далонню да агрубелых ствалоў і ўсміхалася, гледзячы ўгару на раскідзістыя зялёныя кроны дрэў. А там, на галінах, наліваліся яблычкі і грушы, злівы і вішанькі. Дзе-нідзе віднеліся птушыныя гняздзечкі і нават шпакоўні, у якіх, вядома ж, падрасталі птушаняты. Птушыныя галасы разліваліся па садзе, у траве цвыркалі конікі, пырхалі матылькі, гулі пчолкі.
     – Які цудоўны сад “выгадавалі” мае вучні! Няхай іх жыццё будзе шчаслівым і радасным! – прамовіла ўслых старая настаўніца.
     У гэты гарачы летні дзень яна нікога не сустрэла ў школьным садзе, хоць ёй вельмі хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Улетку школа адпачывала. Дзеці раз'ехаліся на канікулы, настаўнікі – у адпачынак. Аднак увесь час, пакуль настаўніца была ў садзе, за ёй назіралі сорак "вачэй і сэрцаў" яе дарагіх дрэў. А яшчэ на яе глядзелі дзве высокія бярозы, да яе прыслухоўваліся птушкі, якія былі ў той час у садзе.
     – Я ведаю, – шаптала яблынька, якую звалі Бяляначкай, – увосень мая Маша прыедзе да мяне, яна абяцала.
     – І я ведаю, – шамацела лістотаю груша, тая, што расла побач з Бяляначкай, і якую калісьці даўно Максімка назваў Цукеркай. – Мой хлапчук прыедзе да мяне ў жніўні. Ён абяцаў.
     А мая Света заўтра прыйдзе! – радасна шапнула вішня Сіняглазка.
     Усе дрэвы фруктовага саду памяталі сваіх сяброў – дзяцей, а цяпер ужо дарослых людзей, якія пасадзілі і вырасцілі іх.
     Старыя бярозы таксама нічога не забыліся. Яны добра запомнілі тую восень, калі ў іх школьным двары, нібы кураняты, пасяліліся тоненькія дрэўцы. Як ім было холадна, якой цяжкай выдалася для іх першая зіма! Маленькія саджанцы плакалі, ім цяжка было прывыкнуць да зімовых маразоў. Паступова на дрэўцах адрасталі новыя галіны. З простых тонкіх дубчыкаў саджанцы ператвараліся ў прыгожыя зялёныя дрэвы. І аднойчы да вялікай радасці дзяцей маладзенькія яблынькі, грушы, вішні і злівы адно за адным пачалі цвісці! З таго часу кожны год вясной на іх галінках распускаліся далікатныя духмяныя белыя і ружовыя кветачкі.
     – Ура! – радаваліся дзеці. – Наш сад расцвёў!
     Якое шчасце было для іх пагуляць па алеях саду, які яны самі гадавалі…
     
     Цяпер жа, як і шмат гадоў назад, высокія белыя бярозы глядзелі зверху ўніз на ўсё, што адбывалася ў школьным садзе. У гэты гарачы летні вечар сяброўкі-бярозы трохі зайздросцілі пладовым дрэвам фруктовага саду, бо ведалі – вельмі хутка прыйдзе восень. І тады іх сад ізноў напоўніцца вясёлымі дзіцячымі галасамі. Дзеці прыйдуць з вядзерцамі і кошыкамі збіраць салодкі ўраджай: яблыкі, грушы, злівы і вішні.
     Гэтыя саспелыя плады сяброўства і любові дрэвы ўжо шмат гадоў запар аддавалі вучням сельскай школы наўзамен за іх клопат, увагу і любоў.
     
      Гэты аповед на рускай мове
23.10.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100