Сардэчныя пісьмы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сардэчныя пісьмы
Сардэчныя пісьмы
Бабуля Зіна атрымала ад унука Сашы віншаванне да дня нараджэння. Не, гэта не была паштоўка з прыгожай фатаграфіяй букета кветак. Такіх віншавальных паштовак ужо даўно ніхто бабулі не дасылаў. А як ёй падабалася ў ранейшыя гады даставаць з паштовай скрыні папяровы канверт з віншавальнай паштоўкай, у якой сябры ці родныя пісалі ёй добрыя і вельмі душэўныя словы. Нават цяпер бабуля Зіна яшчэ захоўвала ў маленькай скрыначцы некаторыя старыя паштоўкі і пісьмы ад дарагіх яе сэрцу людзей. Апрача таго ў яе захавалася некалькі бацькоўскіх пісьмаў. Гэта франтавыя пісьмы-трохвугольнікі.      Шкада, што Саша не здагадаўся паслаць сваёй бабулі папяровую паштоўку па пошце, аднак ён усё-такі не забыўся павіншаваць яе і адправіў электроннае пісьмо з вясёлымі смайлікамі.
     "Малайчына, не забыўся пра мой дзень нараджэння!" – узрадавалася бабуля Зіна, прачытаўшы віншавальныя словы ад унука на сваім мабільным тэлефоне, і тут жа адправіла яму электронны адказ: "Дзякуй, Сашанька! Прыходзь да мяне! Твой любімы пірог я ўжо спякла. Толькі спачатку зрабі ўрокі".
     Хлопчык не замарудзіў з візітам да любай бабулі. Як жа не прыйсці і не паспытаць смачны пачастунак? Бабуля па-святочнаму прыгатавала вячэру, а яшчэ дастала са скрыначкі тыя самыя старыя пісьмы і паштоўкі. Яна вырашыла паказаць іх дзесяцігадоваму ўнуку. Што ён ведае пра яе мінулае жыццё і пра жыццё сваіх продкаў? Вельмі мала. А паштоўкі і лісты можна памацаць, разгледзець і пра штосьці добрае задумацца…
     – Глядзі, Сашанька! – казала бабуля, паказваючы ўнуку пісьмы з даўніх гадоў. – Вось гэта, – бабуля дастала тры старэнькія лісты, – пісьмы тваіх прадзядоў, а маіх бацькоў, мамы Олі і таты Івана. Да вайны яны яшчэ не паспелі пажаніцца. Твая прабабуля была ў тыле, а прадзед ваяваў на фронце. Яны перапісваліся ўсю вайну. Палявая пошта прыносіла да Олі, у той час маладой шаснаццацігадовай дзяўчыны, пісьмы з фронта ад яе жаніха Івана. Усю вайну яны падтрымлівалі адно аднаго, саграваючы цёплымі і душэўнымі словамі.
     Бабуля Зіна разгарнула пажаўцелы лісток паперы, складзены трохвугольнікам. На ім стаяў адрас і штэмпель нумара аддзялення палявой пошты. Бабуля прачытала цёплыя словы, якія адрасаваліся яе матулі ў тыя далёкія вельмі цяжкія ваенныя гады: "Дарагая мая, каханая Олечка! З днём нараджэння! Як мне хочацца быць побач з табой, абняць цябе і сагрэць! Але зараз гэта немагчыма. Вось прагонім нямецкіх акупантаў, вызвалім нашу краіну і тады абавязкова сустрэнемся. Беражы сябе! Цалую. Твой Іван. 20.11.1942 г."
     – Ведаеш, Сашанька, – бабуля задуменна паглядзела на ўнука, – колькі такіх добрых пісьмаў падчас вайны сагравалі сэрцы байцоў, а таксама людзей, якія працавалі ў тыле. Гэтыя пісьмы-трохвугольнікі, быццам белыя галубкі, лёталі і лёталі па свеце, прыносячы людзям радасць і каханне.
     – І цяпер пісьмы саграваюць сэрцы, – запярэчыў Саша. – Толькі яны не папяровыя, а электронныя.
     – Гэта так, але не ўсе ж пісьмы электронныя. Глядзі, колькі ў крамах прадаецца розных прыгожых паштовак, – усміхнулася бабуля Зіна і з пяшчотай прыціснула ўнука да сябе.
     – А зараз мы паспытаем твой самы смачны пірог у свеце! – сказаў хлопчык, затым узяў ножык, акуратна адрэзаў ад пірага прыгожы кавалачак і паклаў на бабулін сподачак.
     Унук з пяшчотай глядзеў на сваю бабулю, бачыў яе вочы, напоўненыя добрымі пачуццямі, і думаў пра тое, як важна ў жыцці быць уважлівым да блізкіх людзей...
     Вечарэла. Трохі пагасціўшы ў бабулі, Саша вяртаўся дадому. Шмат розных думак круцілася ў яго галаве, бо ён пачуў словы і зведаў некаторыя думкі сваіх продкаў. “Якія ж яны былі? – разважаў хлопчык. – Мабыць, такія ж ласкавыя і добрыя, як бабуля Зіна. Перад новагоднімі святамі я абавязкова куплю вельмі прыгожую паштоўку і напішу ў ёй шмат добрых і ласкавых слоў маёй дарагой і самай лепшай у свеце бабулі!" – вырашыў Саша.
     
      Гэты аповед на рускай мове
3.10.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100