Дажынкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дажынкі
Дажынкі
Кожны год улетку на канікулах Пеця і Маша ездзілі да бабулі ў вёску. Там іх чакалі сябры – Юля і Сцёпа, стрыечныя брат і сястра. Так атрымалася, што Юля – аднагодка Машы, а Сцёпа – Пеці. Дзеці вельмі дружныя. Увесь навучальны год яны ператэлефаноўваюцца і перапісваюцца па інтэрнэту. Бабуля Галя заўсёды радая гасцям, бо гэта ж яе родныя ўнукі! Да сустрэчы дзяцей яна кожны раз гатуе пірагі, смачную хатнюю каўбаску, бліны. Сёлета бабуля нават варэнне са сваёй клубнікі зварыла, каб пачастваваць унукаў.      Усе канікулы дзеці стараліся дапамагаць любімай бабулі: хадзілі ў лес па грыбы і ягады, вудзілі рыбу ў сажалцы, ды і ў гародзе, калі бабуля прасіла, не адмаўляліся дапамагчы. Пеця са Сцёпкам і цвік прыбіць могуць, і дровы папілаваць. А Маша з Юляй умеюць даглядаць гарод, яны праполваюць і паліваюць градкі.
     Хутка праляцеў першы месяц лета. На яблынях у бабуліным садзе паспеў белы наліў. Хто ж не любіць гэтыя духмяныя белыя яблычкі! Дзеці назбіралі поўны кошык і аднеслі бабулі. Няхай сама пачастуецца, ды і сыноў пачастуе.
     Яе сыны Сяргей і Андрэй – бацькі дзяцей. Вось толькі Сяргея, бацьку Юлі і Сцёпкі ў хаце амаль ніколі не ўбачыш, бо ён цэлымі днямі праводзіць на працы. У яго вельмі адказная прафесія – механізатар.
     А лета ляціць яшчэ далей. Зусім хутка распачнецца жніво. Кожны год з канца ліпеня да канца жніўня ўсе камбайнёры натхнёна працуюць на вясковых палях. Яны ведаюць, што да восеньскіх дажджоў трэба змалаціць усё збожжа. А інакш згіне ўраджай! Каласы палягуць у полі, згніюць, і тады ўжо нічога не збярэш.
     "Збяром ураджай, тады будзем святкаваць Дажынкі!" – гэтыя словы то тут, то там яшчэ да жніва можна было пачуць ад вяскоўцаў. Што гэта за свята, добра разумеюць у вёсцы нават малыя дзеткі. Вунь іх колькі жыве на гэтай зямлі!
     
     Нядаўна тата Юлі і Сцёпы патэлефанаваў у горад да таты Машы і Пеці.
     – Прыязджай! Дапаможаш змалаціць збожжа. Ты ж умееш працаваць на камбайне. Успомніш, я дапамагу, – угаворваў ён свайго брата.
     – Ура! Хутка тата прыедзе! – шапталіся брат з сястрой, усміхаліся і цешыліся. І тата прыехаў, ён узяў тэрміновы адпачынак на сваёй гарадской працы. Бо трэба дапамагчы брату ды роднай вёсцы – як жа тут адмовіш!
     Нарэшце пачалося жніво.
     – Цяжка ім там, – казала бабуля. – На такой спякоце, ды і без адпачынку. Паспрабуй папрацаваць! Але што паробіш. Ураджай трэба сабраць. А сёлета ён у нас багаты! Пшаніца добра выспела, жыта налілося, а рапс як вымахаў! Адна кукуруза адстае, але і яна да канца месяца набярэ сваё, даспеюць катахі, бо моцных дажджоў па прагнозе пакуль не абяцаюць.
     Тата Сяргей і тата Андрэй прыходзілі дахаты, калі ўжо было цёмна. Яны пра нешта гаварылі, часам спрачаліся і хутка засыналі, так і не пагутарыўшы з дзецьмі.
     – Самае галоўнае для іх цяпер – праца, – абараняла сыноў бабуля. – Вось скончыцца жніво, тады і пагаворыце.
     
     Усё так і выйшла. Якое ж выдатнае свята ўладкавалі камбайнёрам вяскоўцы! На Дажынкі акрамя прыгатаваных разнастайных смачных страў, якія размесціліся на сталах пасярод вясковай плошчы, дзеці разам з матулямі паказалі сваім татам сапраўдны канцэрт. На канцэртнай пляцоўцы выступілі спевакі і танцоры. Хтосьці прачытаў вершы, хтосьці сыграў на музычным інструменце. Увогуле, было весела і цікава. Маша з Юляй праспявалі свае любімыя песні, а Сцёпа з Пецяй па чарзе падыгралі ім на акардэоне.
     – Як мы спявалі? – спыталі потым у бацькоў дзяўчынкі. – Вам спадабалася?
     – Малайчынкі! Вельмі добра! Мне спадабалася, – сказаў тата Сяргей.
     – І мне таксама! – пацвердзіў тата Андрэй.
     Вось такімі цікавымі запомніліся дзецям Дажынкі. Толькі пасля неяк зусім непрыкметна праляцелі апошнія дзянькі летніх канікулаў. Сябры расталіся, каб хутка зноў сесці за школьныя парты: Пеця з Машай – у гарадской школе, а Юля са Сцёпам – у сельскай. Вучыцца аднолькава цяжка і там, і там. У пяты клас пойдуць хлапчукі, у чацвёрты – дзяўчынкі.
     Час, не спыняючыся, бяжыць уперад. Не паспеюць дзеці азірнуцца, як вырастуць і скончаць школы. Але цяпер яны яшчэ вучні.
     І вось ужо пачаўся новы вучэбны год…
     – Дзеці! – прамовіла настаўніца беларускай мовы ў горадзе. – Сёння мы з вамі напішам сачыненне на тэму "Як я правёў лета". Згодны?
     – Та-а-ак! – адказалі дзеці з усмешкамі на загарэлых тварыках.
     Заскрыпелі "пёры" у сшытках. Вучні пішуць ціха, засяроджана. Усе яны добра адпачылі, шмат новага ўбачылі, шмат аб чым даведаліся. Дзецям ёсць пра што напісаць.
     А Пеця ужо спісаў у сшытку нават палову старонкі. Пра што гэта ён піша? Вядома ж, пра вёску. У сказах яго сачынення ёсць словы пра тату, пра яго ўдарную працу ў вёсцы на ўборцы збожжа – золата нашай краіны, а таксама Пеця абавязкова напіша пра свой дзіцячы цудоўны адпачынак у вёсцы разам з сябрамі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
18.08.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100