Анёльскае лета - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Анёльскае  лета
Анёльскае лета
Неяк у цудоўны летні дзянёк разгуляўся па акрузе жвавы малады Ветрык. Усе сонечныя палянкі абляцеў, зрываючы далікатныя пялёсткі з лугавых кветак. Нават у лясны гушчар гарэза заляцеў. І матляіў, і матляў высокія травінкі, гнуў тонкія галінкі кусцікаў. На верхавіну зялёнай Ялінкі забраўся, паказытаў яе іголачкі, а потым выпадкова ўрэзаўся ў пяшчаны бераг ручайка і, нарэшце, спыніўся.      – Што, нагуляўся, непаседа! – паўшчувала яго высокая Хвоя, суседка Ялінкі.
     – Не, яшчэ не нагуляўся, – адказаў Ветрык. – Трохі адпачну і палячу ў бярозавы гай. Там белыя бярозкі расплялі свае доўгія серабрыстыя косы. А я зараз запляту ім іх!
     І весялун Ветрык ірвануўся ўвысь, спрабуючы дастаць да верхавін высокіх стройных бяроз.
     – Адчапіся, Ветрык! Не круці мае галінкі! – раззлавалася самая прыгожая белая Бяроза. Лепш уздымайся ў блакітнае неба і пагуляй з аблокамі. Яны, пушынкі, знудзіліся па гульнях.
     – Хутка і да іх зазірну, – паабяцаў Ветрык. – Але зараз я хачу падыхаць водарам травы. Гэтыя бялявыя галоўкі канюшыны такія чароўныя!
     І Ветрык кінуўся з вышыні ўніз, да зялёнага дывана з лясной травы, абсыпанага белымі пухнатымі галоўкамі кветак.
     – Цішэй! – прашамацела высокая Травінка. Яна пачула звонкі голас Ветрыка і не магла не спыніць яго. – У нас на палянцы заснуў Анёлачак. Ты абудзіш яго!
     – Праўда? Дзе? – здзівіўся Ветрык. – Ах! Які ж ён прыгожы! – Ветрык на пальчыках наблізіўся да Анёлачка і зазірнуў у яго далікатны тварык.
     Маляня спала прама на зямлі. Яно скруцілася абаранкам, паклаўшы пад кучаравую галоўку свае маленькія ручкі.
     – Яму не холадна спаць тут? – прашаптаў Ветрык.
     – Не, толькі калі ты не будзеш дзьмуць на яго. Наша дарагое Сонейка засцерагае Анёлачка. Яно сагравае яго цёплымі прамянямі.
     – Вельмі добра. Тады хай спіць. Відаць, ён вельмі стаміўся, – шапнуў на вушка высокай Травінцы Ветрык і паціху, на пальчыках, сышоў.
     А белыя бярозкі, якія абкружылі з усіх бакоў маляняці Анёлачка, баяліся зварухнуцца, каб выпадкова не абудзіць яго. Яны толькі злёгку выпроствалі кучаравыя ніткі-галінкі, імкнучыся дацягнуцца верхавінамі да Чароўнага небасхілу.
     Цішыня ахінула ўсё вакол. Застылі ялінкі і сасёнкі, ліпы і рабіны, клёны і ясені, дубы і асіны. Нават пчолкі і чмялі не смелі гусці, пералятаючы з адной галоўкі духмянай канюшыны на другую. Тысячы травінак і кветак ахоўвалі супакой маленькага Анёлачка і жадалі яму самых прыемных каляровых сноў…
     
      Гэтая казка на рускай мове
3.08.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100