Апошнія дні сыходзячага лета - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Апошнія дні сыходзячага лета
Апошнія дні сыходзячага лета
Канчалася лета. І хаця днём яшчэ было даволі цёпла, Лена стала заўважаць, што раніцой ужо халаднавата, а лістота на дрэвах пачынае жоўкнуць і ападаць. "Як шкада, што толькі адзін тыдзень застаўся да школы", – уздыхала дзяўчынка. Сшыткі, ручкі і ўсё, што трэба для вучобы, яны з братам Коляй ужо прыгатавалі. Лене засталося дачытаць кнігу са школьнага задання на лета.      У апошнія выхадныя дні школьных канікулаў тата прапанаваў дзецям з'ездзіць у лес па грыбы. Брат з сястрой з задавальненнем прынялі гэтую прапанову. На досвітку дружнае сямейства адправілася на машыне ў лес. Тата ведаў грыбныя месцы. Ён прывёз дзяцей у прыгожы бярозавы гай. Узброіўшыся маленькімі ножыкамі і кошыкамі, яны пайшлі на пошукі грыбоў.
     Вядома ж, першы падбярозавік быў татаў, потым Коля зрэзаў махавік. Лена таксама знайшла некалькі прыгожых маладзенькіх сыраежак. Атрымліваючы задавальненне ад такога занятку, грыбнікі сабралі поўныя кошыкі грыбоў. Стаміліся. Прыселі на паваленае бурай дрэва, каб трохі адпачыць і перакусіць.
     Лена агледзелася. Яна звярнула ўвагу на цудоўную незвычайна яркую лясную прыгажосць. Залатая восень вельмі нясмела, але ўсё-такі рыхтавалася да ўваходжання ў свае правы. Яна злёгку падфарбавала золатам і чырванню ўборы асін, ясеняў, ліп, кленаў і дубоў. Аднак белыя бярозкі на пагорку па-ранейшаму красаваліся ў летніх далікатна-зялёных сукенках. З дрэў на траву то тут, то там ападала першае пажоўклае лісце. Звонкай летняй рознагалосіцы птушак амаль зусім не было чуваць. "Напэўна, пералётныя птушкі рыхтуюцца да адлёту на поўдзень", – падумала Лена.
     Коля першым заўважыў у высокай траве вожыка. Гэты палахлівец, адчуўшы паблізу незнаёмцаў, шастаў, пырхаў і імкнуўся хутчэй уцячы далей ад людзей. Але дзеці непрыкметна падкраліся да яго, жадаючы як мага лепш разглядзець калючага жыхара лесу.
     – Што гэта ў яго на спіне? – ціхенька прашаптаў брат.
     І тут Лена з Коляй зразумелі – на сваіх іголках вожык цягне грыб-падбярозавік!
     – Вось і ён запасаецца! – пасмяяліся дзеці.
     – Вядома, – растлумачыў тата. – Звяры і птушкі абавязкова робяць сабе запасы на зіму. Ім яшчэ складаней, чым людзям. У краму не сходзіш і нічога адтуль не прынясеш. Калі загадзя не паклапоцішся, будзеш узімку галадаць. Але вожыкі не ядуць грыбы. Магчыма, гэты грыб выпадкова патрапіў да яго на спіну. З восені да вясны вожыкі спяць. Так, так! – тата хітра паглядзеў на дзяцей. – Вожыкі, як і мядзведзі, упадаюць у зімовую спячку.
     – А я ведала пра гэта, – усміхнулася Лена, назіраючы, як ад яе ўцякае вожык.
     – Глядзіце, глядзіце! – Коля паказаў на высокую елку. – Вавёрка!
     – Якая прыгажуня! – тата ўслед за сынам з цікаўнасцю разглядаў доўгахвостую. – І яна, мабыць, ужо робіць запасы на зіму. Сарвала шышку і ў дупло панесла.
     А Лена задуменна глядзела на лясны цуд, які абкружыў яе з усіх бакоў. "Як добра, – разважала яна, – што наш лес можа накарміць звяроў і птушак, тых, хто застаецца ў ім на халодную зіму".
     Вось такой запомнілася дзецям гэтая паездка ў лес у апошнія дні сыходзячага лета.
     
      Гэты аповед на рускай мове
2.08.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100