Зямная прыгажосць на иншых планетах (фантастычная казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зямная прыгажосць на иншых планетах (фантастычная казка)
Зямная прыгажосць на иншых планетах (фантастычная казка)
Планета Зямля была ў смутку. У яе паўночныя краі ніяк не прыходзіла вясновае цяпло. Ня гледзячы на тое, што месяц Сакавік даўно настаў, Сонца не спяшалася адагрэць змёрзлую глебу на лугах, палях і ў лесе. Паўсюль ляжаў снег. Чорнакрылыя Гракі курчыліся ад холаду, шкадуючы пра тое, што занадта рана вярнуліся ў родныя мясціны з цёплага поўдня Зямлі.      – Што гэта за цуды такія! – перажывалі птушкі. – Нам ужо трэба будаваць новыя гнёзды на дрэвах і выводзіць птушанят. Вось толькі малышы не народзяцца на свет ў такім холадзе. А калі і народзяцца, то змерзнуць, акалеюць і загінуць!
     – Ну, што вы такое кажаце! – пакрыўдзілася Зямля. – Я не дапушчу гэтага! Гракі! – паклікала яна птушак. – Узнімайцеся ў неба, як мага бліжэй да Сонца, і прасіце яго адагрэць глебу, растапіць снег!
     Пачуўшы параду ад самай Зямлі, Гракі тут жа ўзняліся ўвысь. І не толькі Сонца, а і іншыя планеты Сонечнай сістэмы пачулі іх гучную просьбу аб дапамозе.
     Ачуўшыся ад дрымоты, Сонца стрэсла з сябе гарачыя прамяні і адправіла іх на Зямлю…
     
     – Ты, сястрыца, змерзла? – здзівілася планета Венера, першая касмічная суседка Зямлі. – А я, наадварот, хацела б трохі астудзіцца.
     – Астудзіцца? – здзівіўся Марс, другі касмічны сусед Зямлі. – Мне таксама халаднавата. Але я ўжо прывык да такой нізкай тэмпературы, таму і не жалюся Сонцу.
     – Так, сябры! У кожнага з нас сваё жыццё. Аднак, мае птушкі жадаюць нарадзіць здаровых дзетак. Трэба ім дапамагчы!
     – Я дапамагу! Я дапамагу! Я дапамагу! – з усіх бакоў зазвінелі галасы разбуджаных сонечных прамянёў. Яны ўжо адагравалі азяблыя дрэвы, палі і лугі, растоплівалі снег і лёд.
     Неўзабаве глеба на поўначы Зямлі зусім адтала, і з яе на белы свет вызірнулі тоненькія парасткі травы і кветак. З поўдня на поўнач пацягнуліся чароды пералётных птушак. Вясковыя ластаўкі, стралой насіліся паблізу Зямлі, разглядаючы першыя вясновыя кветкі. А тыя ўсміхаліся, раскрываючы насустрач цёплым сонечным прамяням яркія тварыкі. Ярчэй за ўсіх ззялі жоўценькія пухнатыя галоўкі дзьмухаўцоў!
     – Прыгажосць! – трашчалі ластаўкі. – Колькі ж вас нарадзілася за некалькі цёплых вясновых дзён! Цэлае мора кветак!
     – Якіх кветак? – у адзін голас спыталі Венера і Марс.
     – Дзьмухаўцоў! Самых яркіх вясновых зямных кветак. Паглядзіце, Марс і Венера! Яны падобныя на нас! Такія ж залацістыя! – захапляліся вынікамі сваёй працы сонечныя прамяні.
     – Як бы я жадала, каб у мяне раслі такія кветкі! – пазайздросціла Зямлі Венера.
     – І я таксама вельмі гэтага жадаю, – спахмурнеў Марс.
     – Не хвалюйцеся. Я падару іх вам! – сказала Зямля. – Няхай вашы юныя касманаўты прылятаюць у госці за дзьмухаўцамі.
     – Яны хутка прыляцяць! – узрадаваліся Венера і Марс…
     
     Праз некалькі дзён на Зямлю спусціліся два бліскучых касмічных карабля. З першага карабля, падобнага на ружовы шарык, выйшла дзяўчынка Венечка, рыжавалосая прыгажуня з блакітнымі вачамі. З другога карабля, доўгага і вострага, як медная страла, выйшаў хлопчык Марык, каравокі з бялявымі валасамі.
     – Якая цудоўная планета! – захапляліся юныя іншапланецяне. – Такіх прыгожых кветак мы нідзе не бачылі!
     Пагасцяваўшы на Зямлі некалькі дзён, налюбаваўшыся яе прыродай – беласнежнымі горнымі вяршынямі, блакітнымі рэкамі і азёрамі, сінімі морамі і акіянамі, зялёнымі лугамі і лясамі – Венечка і Марык паляцелі дахаты, на свае планеты. З сабой яны павезлі падарунак Землі – пухнатыя жоўтагаловые вясновыя кветкі, дзьмухаўцы.
     А ўлетку ветлівая Зямля зноў паклікала юных касманаўтаў у госці. Зараз яна хацела падарыць ім пышныя ружы, півоні, лілеі і гладыёлусы.
     Вось толькі, прыляцеўшы на Зямлю, Венечка і Марык былі зачараваны зусім іншымі кветкамі. Імі аказаліся сінія васількі і белыя рамонкі. Яны раслі на полі, паміж каласкоў пшаніцы. Туды, на гэта поле, і прызямліліся юныя іншапланецяне на сваіх касмічных караблях. Далікатныя ажурныя васількі і рамонкі глядзелі на гасцей з космасу, усміхаючыся і вітаючы іх на сваёй роднай планеце.
     – Мы возьмем з сабой і павязём на Марс і Венеру гэтыя кветкі-зоркі нябачанай прыгажосці! – вырашылі Марык і Венечка.
     А рамонкі і васількі, пасаджаныя ў вазоны, спачатку спалохаліся, а потым узрадаваліся таму, што паляцяць на іншыя планеты Сонечнай сістэмы, каб падарыць ім сваю зямную прыгажосць!
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.07.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100