Сваімі рукамі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сваімі рукамі
Сваімі рукамі
У гарадской сям'і падрасталі дзеці – Максім і Паліна. Брат скончыў сёмы клас, а сястра – пяты. У пачатковых класах мама дапамагала сыну і дачцэ ў падрыхтоўцы хатніх заданняў, а цяпер яны вучыліся самі. Ды і што казаць, у сучасных бацькоў няшмат часу для зносін з дзецьмі. Усе сілы адымае праца. Прыйдзе мама ўвечары дахаты стомленая. Ёй трэба дзяцей накарміць вячэрай, штосьці прыгатаваць назаўтра, памыць посуд, прыбраць у кватэры. Глядзіць, а на гадзінніку ўжо дванаццаць ночы. На сон застаецца сем, а то і шэсць гадзін.      Дзеці разумелі, як загружана іх мама, а тата – тым больш. Часам нават у выхадныя дні ён прападаў на працы.
     – Грошы – гэта аснова дабрабыту сям'і, – казаў ён. – Што вы будзеце рабіць, калі я перастану зарабляць. Ні новенькага смартфона, ні планшэта, ні ролікаў, нават добра апрануцца вы не зможаце.
     Максім і Паліна вучыліся ў гімназіі. Вядома, ім даводзілася цяжкавата. Зранку шмат ўрокаў, а потым дома да вечара трэба сядзець круком над хатнімі заданнямі! А хочацца яшчэ і ў басейн схадзіць, з сябрамі – ў кіно, калі добрае надвор'е, на веласіпедзе ці на роліках пакатацца.
     Брат, як старэйшы, часам дапамагаў сястры па матэматыцы. Ён лепш за яе разбіраўся ў гэтым прадмеце. Яна ж, аматарка спеваў з выдатным слыхам, наладжвала яму гітару. Хлопцу хацелася навучыцца іграць, і для гэтага ён купіў дапаможнік.
     
     А цяпер на дварэ іскрылася лета. Канікулы! Але Максім чамусьці нікуды не спяшаўся. З раніцы ён усеўся за камп’ютэр і штосьці там вышукваў. Бацькі – на працы, да вечара яшчэ далёка.
     – Поля! Куды ты збіраешся? – спытаў хлопец. – Да сяброўкі?
     – Не. Паеду да дзеда. Ён збіраецца на хутар. Я абяцала яму дапамагчы купіць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы для хаты.
     Справа ў тым, што дзядуля Максіма і Паліны нядаўна пайшоў на пенсію і купіў старую хату на хутары каля закінутай вёскі. Навошта ён гэта зрабіў? Там жа няма ні вадаправода, ні газазабеспячэння. Аўтакрама прыязджае раз у тыдзень. Але дзед так вырашыў. Купіў, і ўсё. Яму захацелася пажыць у поўнай цішыні, побач з лесам, на прыродзе. "Надакучыла, – казаў ён, – глядзець на гарадскіх жыхароў. Усе ходзяць, уткнуўшыся ў тэлефоны, моладзь – у навушніках. Ніхто ні з кім не размаўляе, глядзяць адзін на аднаго спадылба. Што гэта за жыццё? А там усё інакш. У суседскай вёсцы дзве жылыя хаты. Але людзі цудоўныя! Кожны дзень заходзяць, каб даведацца аб здароўі. Усе адно аднаму дапамагаюць і справай, і парадамі. Учора шукалі Марусіну сабаку. Ён знік. Потым знайшлі яго ў лесе. Часам зірну ў акно – казуля стаіць каля тына. Я выйду. "Сардэчна запрашаем у госці!" – кажу. А яна паглядзіць на мяне, вушамі павядзе, быццам разумее. На нашым азярцы лебедзі жывуць. Суседзі кажуць, што кожны год селяцца. А на слупах буслы гнёзды звілі. Часам жураўлі пралятаюць міма, курлыкаюць, з бусламі вітаюцца".
     Максім не аднойчы хацеў з'ездзіць да дзеда, паглядзець, як ён там уладкоўваецца. Але ўсё ніяк не мог сабрацца. Вось і сёння хлопец сабраўся пайсці з сябрамі на футбольны матч. Гэта ж вельмі цікава, і прапусціць такое немагчыма.
     – Максім! Дзед хоча, каб ты паслязаўтра з'ездзіў з ім на хутар. Там штосьці дапамагчы трэба, – прамовіла сястра.
     – Не ведаю. Можа і з'езджу, калі іншых спраў не будзе.
     – Так! У цябе ўсё жыццё справы ды справы. А роднаму дзеду дапамагчы некалі!
     – Што, хіба я яму адмаўляюся дапамагчы? Сказаў, калі будзе час.
     
     Праз два дні Максім усё-такі сабраўся і паехаў з дзедам на хутар. У машыне, набітай усякімі хатнімі рэчамі, акрамя хлопца і дзеда, ехаў дзедаў сабака па мянушцы Чэмпіён. Чаму дзед яго так назваў? Напэўна, за адвагу і хуткасць рэакцыі. Сабака і сапраўды разумны. Нямецкая аўчарка. На хутары не сядзіць на ланцугу, ахоўвае хату, але сваіх не крыўдзіць. Нават з суседскімі кошкамі і сабакамі пасябраваў. Не брэша на іх. А вось мышэй і пацукоў ганяе. Аднойчы да хаты падышла ліса. Глядзіць на Чэмпіёна і маўчыць. Відаць, хацела пасябраваць, дурненькая. А той як забрэша! Ідзі, маўляў, адгэтуль у свой лес, пакуль цэлая!
     
     – Прыехалі! – дзед заехаў у панадворак.
     Максім выйшаў з машыны і агледзеўся. Цішыня, толькі дрэвы ў лесе шумяць. А бярозка ў двары бразгоча лістотаю, на ветры калыша гнуткім ствалом. Маладая!
     – Гэта ты яе пасадзіў? – спытаў унук.
     – Так.
     – Прыгожая. Я люблю бярозы.
     – Я таксама.
     – А там далей што? Гарод?
     – Гарод. Хоць і маленькі. Няма сілы вялікі апрацоўваць.
     – Сказаў бы, я б табе дапамог ускапаць.
     – На будучы год скажу. Думаю сад пасадзіць – яблыні, грушы, вішні. Такі ў маім дзяцінстве быў.
     – А дзе возьмеш флянсы?
     – Увосень на рынку. Трэба толькі добрыя выбраць.
     – Скажаш мне, разам пасадзім.
     – Добра...
     У хаце волка. Дзед адчыняе акно і ўваходныя дзверы. Няхай свежае паветра ідзе.
     – Вось мы і дома. Зараз трэба вады набраць з калодзежа, памыцца, перакусіць і за працу.
     – А што будзем рабіць?
     – Парадак навядзём, тое-сёе пераставім, а потым печку перакладаць будзем.
     – Печку?
     – Так. Глядзі, яна развальваецца. Занадта старая. Прыйдзе восень, не сагрэе.
     – Добра, папрацуем.
     Максім і не заўважыў, як праляцеў час. Прыехаў дахаты і тут жа заснуў. Ні камп’ютэр, ні планшэт яму ў той дзень не спатрэбіліся. Раніцай ён прачнуўся пазней звычайнага. Трохі балелі рукі і ногі, але гэта не страшна. Вядома, што мышцы баляць у кожнага чалавека пасля напружанай фізічнай працы.
     Затое, на душы ў Максіма было спакойна. Ён атрымаў задавальненне ад паездкі. Няхай дапамога, аказаная роднаму чалавеку, была не такая і вялікая, затое патрэбная і талковая. Хлопец вырашыў, што зараз будзе планаваць свае ўласныя справы так, каб заставаўся час на паездкі да дзеда на хутар, бо гэта не толькі цікава. Уладкоўваць жыллё ўдалечыні ад цывілізацыі, а потым жыць у ім і карыстацца тым, што пабудаваў, змайстраваў, адрамантаваў сам, сваімі рукамі, гэта выдатна!
     
      Гэты аповед на рускай мове
6.06.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100