Хваёвая Трэсачка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хваёвая Трэсачка
Хваёвая Трэсачка
У глухім тайговым лесе, у далечыні ад вялікіх і малых гарадоў і мястэчкаў, жыло шмат розных звяроў і птушак. На высокіх дрэвах будавалі свае вуллі тайговыя пчолы. Летняю парою, калі ў тайзе распускалася незлічонае мноства пахкіх кветак і травы, пчолы збіралі мёд і насілі яго ў вуллі. Летніх запасаў мёду хапала ім на доўгую і марозную паўночную зіму.      Усе тайговыя дрэвы – хвоі, елі, піхты і кедры – былі высокія, станістыя і вельмі прыгожыя. Праз густыя лясы цякла шырокая паўнаводная рака. Ля яе берагоў, у чаратах, улетку гнездаваліся качкі і гусі. Вось толькі лодкі і караблі вельмі рэдка праплывалі па рацэ, таму насельнікі тайгі зусім нічога не ведалі пра жыццё людзей. Але аднойчы да іх у госці прыйшлі людзі.
     Гэта былі геолагі – шукальнікі прыродных выкапняў. Яны прайшлі праз тайговыя лясы і выйшлі на бераг ракі. Дрэвы, птушкі, звяры і нават пчолы звярнулі ўвагу на незнаёмых людзей. Усім ім было цікава, што ж геолагі будуць рабіць у іх роднай хаце. А тыя расклалі на паляне касцёр, паставілі палаткі і сталі аб нечым гаварыць. Людзі паказвалі на другі бераг ракі, і стала ясна, што ім трэба пераправіцца туды. Але, як геолагі збіраюцца гэта зрабіць, лясныя насельнікі не ведалі.
     На світанні геолагі ўзялі сякеры і адправіліся ў тайгу. Яны глядзелі ўгару на дрэвы. І хвоі спалохаліся. Яны зразумелі, што іх хочуць ссекчы. Для чаго?
     Геолагі казалі адзін аднаму:
     – Вось гэтая хвоя нам бы падышла. Але паглядзіце! На ёй пчаліны вулей. Яго нельга чапаць.
     – Добра, мы ссячом вунь тыя хвоі, – сказаў адзін з геолагаў. – Іх нам хопіць, каб зрабіць плыт і пераправіцца на ім на другі бок ракі.
     Дрэвы, птушкі, звяры, пчолы і нават маленькія мурашкі з трывогай слухалі гутарку людзей. Яны разумелі, што людзям трэба пераплысці раку, а без лодкі альбо плыта гэта немагчыма зрабіць, бо рака шырокая і глыбокая.
     – Добра! Хай нас сякуць! – вырашылі хвоі. – Раз гэта неабходна.
     Праз некалькі дзён геолагі змайстравалі добры дужы плыт і сплылі на ім па рацэ. А ў тайговым лесе зноў стала ціха і спакойна. Вось толькі на зямлі ад вялікіх дрэў засталіся маленькія хваёвыя трэсачкі. Яны ляжалі на траве і журыліся ад таго, што не спатрэбіліся для плыта.
     Больш за ўсіх засмуцілася самая вялікая хваёвая Трэсачка. Яна нават ледзь не заплакала. І было ад чаго. Маленькія трэсачкі ўжо збіралі мурашкі, яны цягнулі іх у свой мурашнік, мабыць дзеля таго, каб уцяпліць і ўмацаваць яго сценкі. А яе, вялікую, ніхто не браў. Адна з мурашак, праходзячы міма, сказала:
     – Шкада, што я не магу зацягнуць цябе да майго мурашніка, у мяне проста не хопіць сіл працягнуць цябе па зямлі цэлых сто метраў. Але ты б змагла спатрэбіцца для іншай важнай справы. Бачыш, на тым боку ручайка, які бяжыць побач з табой, плача ад гора такая ж, як і ты, небарака Пчолка. Аднак твая бяда – не бяда ў параўнанні з яе бядой. Яна параніла крылца аб калючкі і цяпер не можа даляцець да свайго вулея. Калі ты пераправіш яе адтуль на гэты бераг, то я дапамагу Пчолцы дабрацца да хвоі, на якой размешчана яе хата – вулей. Яна паволі запаўзе ў яго па ствале. А там ужо пчолы-лекары дапамогуць ёй вылечыць хворае крылца.
     – Добра! – узрадавалася хваёвая Трэсачка. – Я дапамагу Пчолцы!
     І яна адразу ж пераплыла ручай на другі бок, дзе чакала дапамогі хворая Пчолка. Да вечара Пчолка была выратавана. Яна змагла дабрацца да свайго вулея. А хваёвая Трэсачка стала сапраўдным мініяцюрным Караблікам для ўсіх ахвотнікаў пераплысці ручай. Яна перапраўляла мурашак з аднаго боку ручая на другі і была вельмі задаволена, што цяпер камусьці патрэбна яе дапамога.
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.06.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100