Піянерскі барабан - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Піянерскі барабан
Піянерскі барабан
За акном іскрылася лета. Яркае сонца разлівалася па асфальце галоўнага гарадскога праспекта, гуляла з зялёнай лістотаю прыдарожных каштанаў і ліп. У пакоі каля акна стаяў пажылы чалавек. Ён глядзеў уніз, на вуліцу. А па ёй, чаканячы крок, рухалася калона сувораўцаў-барабаншчыкаў. У гэты святочны ліпеньскі дзень яны адкрывалі пешы парад Перамогі ў горадзе-героі Мінску. Барабанны дроб будучых абаронцаў Айчыны быў настолькі выразны, што прымусіў мацней біцца сэрца старога. Ён глядзеў на дзяцей у прыгожай параднай форме, на іх ваенную выпраўку і тут жа ўспамінаў сябе. Сцяпан Іванавіч таксама быў такім у дзяцінстве. Вось толькі не сувораўцам, а піянерам, вядучым барабаншчыкам школьнай дружыны. А цяпер яго ўнук Дзіма ідзе па праспекце ў першых радах разам са сваімі сябрамі, сувораўцамі. Гэта ён, яго дарагі хлапчук, хвіліну назад ганарліва зірнуў на дзядулю і, усміхаючыся, старанна адбіваў барабанны дроб.      – Малайчына! Добра ідзе! – як бы сам сабе сказаў дзед.
     Ён, вядома ж, ад душы радаваўся за ўнука, бо ў сям'і падрастаў годны грамадзянін і абаронца сваёй краіны.
     На сцяне дзядулевай кватэры побач з акном вісела фатаграфія бацькі Сцяпана Іванавіча, прадзеда Дзімы, які быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, у ваенны час вызваляў родную краіну, горад Мінск ад нямецкіх захопнікаў. Сцяпан Іванавіч нарадзіўся неўзабаве пасля вайны. Яму таксама давялося служыць у арміі, на пагранічнай заставе ў Брэсце. Толькі гэта быў ужо мірны час.
     Сёння Сцяпан Іванавіч надзеў сваю легендарную зялёную фуражку. Гэтая фуражка шмат значыла не толькі для яго самога. Зялёная фуражка – сімвал мужнасці і гераічнасці, знак прыналежнасці да братэрства Пагранічных войскаў.
     "Пасля параду Дзіма абяцаў зайсці", – прыгадаў дзядуля. Ён сеў у крэсла і пагрузіўся ў свае думкі. Аднак потым устаў, падышоў да шафы і дастаў адтуль старэнькі пацёрты барабан. Узяў у рукі драўляныя палачкі і пастукаў па барабане. А той, быццам ачуўшыся ад доўгага сну, бадзёра і гучна адказаў свайму гаспадару:
     – Та-та-ра-та! Та-та-ра-та! Та-та-ра-та!
     – Ты яшчэ жывы! Не забыўся, як трэба гучаць! – захапіўся стары.
     Ён ізноў сеў у крэсла, трымаючы барабан на каленах.
     – А памятаеш, – працягваў Сцяпан Іванавіч, – як мы з табой адбівалі дроб на ўрачыстых лінейках і злётах, у піянерскім лагеры! Памятаеш, як было весела і цікава жыць у той слаўны час! Колькі радасных дзіцячых твараў заўсёды збіралася вакол цябе! Як мы, піянеры, любілі паходы, песні ля піянерскага кастра пад гітару, начлегі ў палатках! Ты памятаеш, якія горы макулатуры і металалому мы збіралі, як садзілі дрэвы каля школы і ў парку, як прыходзілі да ветэранаў вайны, каб дапамагчы ім у хаце па гаспадарцы. А піянерскі горн? Ён гучаў штораніцы ў піянерскім лагеры, будзіў дзяцей і выправаджваў на ранішнюю зарадку. Потым збіраў іх на сняданак, абед, вячэру, клікаў на піянерскія мерапрыемствы. Толькі дзе ён, гэты горн, цяпер, я не ведаю.
     Стары замоўк. Ён зноў пра штосьці задумаўся. Але тут раздаўся званок у дзверы. Дзядуля павольна ўстаў і пайшоў адчыняць. На парозе стаяў яго ўнук і яшчэ нейкі незнаёмы хлапчук.
     – Прывітанне! – Дзіма абняў дзеда, з усмешкай паказаў на сябра. – Гэта Санька! Мой прыяцель. Я з ім вучыўся да пятага класа. У іх школьнай піянерскай дружыне няма барабана і горна. Санька забраў стары горн у свайго дзеда, а пра барабан я ўспомніў, бо ён ёсць у цябе. Ты аддасі яго піянерам?
     – Вядома, аддам! З задавальненнем! – амаль крыкнуў Сцяпан Іванавіч. – Барабан добры, гучыць як трэба! Я правяраў!
     І стары, жэстам запрасіўшы дзяцей у пакой, заспяшаўся да крэсла. Там яго чакаў сябар далёкага дзяцінства, стары барабан піянерскай дружыны.
     "Як цудоўна! – радаваўся дзед. – Зараз лёс майго піянерскага сябра рэзка зменіцца ў лепшы бок. У руках добрага хлапчука ён ажыве, і ўсе піянеры цяперашняга часу пачуюць яго бойкі і адважны ўрачысты голас!"
     Сцяпан Іванавіч падняў з крэсла свой старэнькі барабан, які мноства гадоў без справы праляжаў у шафе, і перадаў яго ў рукі Саньку. Толькі цяпер стары заўважыў на грудзях у хлапчука акуратна павязаны чырвона-зялёны піянерскі гальштук. "У нас ён быў пунсовага колеру”, – падумаў Сцяпан Іванавіч, але нічога не сказаў дзецям.
     Час змяняецца, змяняюцца нейкія традыцыі. Але дзеці – яны ўсё тыя ж – адважныя, добрыя, чулыя да чужых нягод, імкнуцца камусьці дапамагчы, ствараюць добрыя справы.
     "А піянерскі дэвіз у іх у прынцыпе такой жа, які быў у нас", – падумаў дзед і напачатку ціха і нерашуча, але потым усё гучней, прамовіў словы сучаснай піянерскай "клятвы", якія ён ужо дзесьці чуў:
     – Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатоў!
     – Заўжды гатоў! – адказаў Санька і з падзякай узяў барабан з рук вядучага барабаншчыка піянерскай дружыны мінулых, але незабыўных школьных гадоў.
     
     Даведка.
     19 траўня 2022 года піянерскаму руху споўнілася 100 гадоў. Яго лепшыя традыцыі ў Беларусі з 1990 года працягвае грамадскае аб'яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" (БРПА). У яе радах больш за 600 тысяч дзяцей, якія ўдзельнічаюць у піянерскім руху – гэта піянеры, цімураўцы і акцябраты. У наш час у піянерскім руху прымае ўдзел амаль 70% усіх беларускіх школьнікаў. У Беларусі кожны год тысячы дзяцей прымаюць у піянеры.
     Мэта БРПО – дапамагчы кожнаму піянеру стаць Грамадзянінам, усе свае справы і ўчынкі рабіць на карысць сабе, сваёй сям'е, Радзіме.
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.05.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100