Чаму журыўся Арлекіна? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чаму журыўся Арлекіна?
Чаму журыўся Арлекіна?
У двары, дзе расло шмат кветак і высокіх дрэў, стаялі два двухпавярховых дома. У першым доме жыла дзяўчынка Маргарыта з мамай і татам, у другім – хлопчык Васілёк з бацькамі і бабуляй. Маргарыта і Васілёк сябравалі і гулялі ў адны і тыя ж гульні. Самай лепшай сваёй цацкай Васілёк лічыў клоўна Арлекіна, які мог рассмяшыць любога, а Маргарыта – ляльку Мальвіну. У Мальвіны былі доўгія вейкі, вялікія вочы і блакітныя валасы. Наогул, лялька была вельмі падобна на Мальвіну з казкі пра Бураціну. Апранута лялька была ў яркую шаўковую сукенку, а ў яе валасах красаваўся велізарны ружовы бант. Усе жыхары двара захапляліся, гледзячы на чароўную ляльку. Нават сабака Кузя кожны раз, калі дзеці гулялі ў двары, насіўся і гарэзнічаў побач з імі. Кузя любіў гульні дзяцей, бо гэта быў вясёлы і вельмі прыязны сабака.      Часам Васілёк і Маргарыта выносілі ў двор свае цацкі і ўладкоўвалі сапраўдныя лялечныя прадстаўленні, на якія запрашалі дарослых. Бясспрэчна, лепш за ўсіх выступаў клоўн Арлекіна. Ён строіў грымасы, пацешна жартаваў і быў такі смешны, што ўсе гледачы трымаліся за жываты, назіраючы за ім.
     Але час ляціць хутка. Васілёк і Маргарыта падраслі, і ўжо некаму стала гуляць з цацкамі ў лялечны тэатр. Цяпер часцей за ўсё лялькі ляжалі без справы ў скрынках. І нават самы вясёлы і вынаходлівы Арлекіна здаваўся сумным і ціхім.
     Аднаго разу Васілёк, перабіраючы рэчы ў каморы, убачыў сваю дзіцячую цацку. Ён дастаў Арлекіна са скрынкі і паставіў на акно, але з-за клопатаў неўзабаве зусім забыўся на яго. А сумны Арлекіна дзень і ноч узіраўся ў акно, спрабуючы разглядзець там сваю дарагую сяброўку Мальвіну. Людзі выходзілі з суседняга дома і ўваходзілі ў яго, але ніхто ні разу так і не вынес у двор яго любую сяброўку, ляльку Мальвіну. Мабыць таму, што яе гаспадыня, Маргарыта, падрасла, стала дзяўчынай, і цяпер яе зусім не цікавілі цацкі.
     Надышоў час, і Маргарыта сабралася выйсці замуж. Яна паехала да свайго жаніха на ўпрыгожанай стужкамі і шарамі вясельнай машыне. Але здарылася жудаснае! Яна ўзяла Мальвіну і пасадзіла яе на капот так, як робяць цяпер шматлікія нявесты ў дзень вяселля! Клоўн Арлекіна бачыў у акно, як яго Мальвіну, прыбраную ў белую карункавую сукенку, усаджваюць на вясельную машыну. Ён глядзеў на яе, а яна глядзела на яго. І ў абодвух слёзы капалі з вачэй, бо яны ведалі, што больш ніколі не ўбачацца!
     З таго дня Арлекіна так засмуткаваў, што нават Васілёк, цяпер ужо высокі статны хлопец, прыехаўшы дахаты на пабыўку з воінскай службы, не пазнаваў яго.
     – Арлекіна! Што з табой? Табе нельга так журыцца! Ты ж вясёлы клоўн! – казаў хлопец, кранаючы ляльку за рукаў.
     Але Арлекіна не мог весяліцца, бо яго дарагая сяброўка Мальвіна з'ехала з роднага двара. А куды, не вядома. Дзень за днём Арлекіна ўзіраўся ў акно, спадзяючыся, што Мальвіна вернецца. Кожны раз уначы ён доўга не мог заснуць і з сумам глядзеў на зоркі і Месяц, як бы просячы ў іх дапамогі і падтрымкі.
     Месяц штодня назіраў за сумным клоўнам і аднойчы запытаўся ў яго:
     – Што ў цябе здарылася, Арлекіна?
     Даведаўшыся пра бяду клоўна, Месяц паабяцаў, што абавязкова адвядзе яго да Мальвіны. Вось толькі трэба папрасіць кажаноў даведацца, дзе яна цяпер жыве. Месяц не ашукаў і праз некалькі дзён павёў Арлекіна па сваёй серабрыстай дарожцы да яго сяброўкі. А Мальвіна гэтак жа, як Арлекіна, усе вочы прагледзела, седзячы ля акна ў сваёй новай кватэры. Лялька марыла зноў убачыць свайго сябра!
     Калі Арлекіна ўвайшоў у той самы двор, Месяц хуценька асвятліў акно, на якім сядзела лялька. Мальвіна ўбычыла сябра і скокнула ў абдымкі да яго. Колькі ж было радасці і шчасця ў іх вачах! Мальвіна распавяла свайму сябру, што маладыя адразу ж пасля вяселля пасадзілі яе на акно, і з тых часоў яна нікому больш не была не патрэбна.
     Цікаўны Месяц слухаў усю іх гутарку і потым параіў цацкам:
     – Калі вы не патрэбныя сваім дарослым гаспадарам, дык я адвяду вас туды, дзе з вамі будуць гуляць гэтак жа, як гулялі раней. І ты, Арлекіна, яшчэ будзеш смяшыць дзяцей!
     Месяц паслаў па зямлі яркую светлавую дарожку, а Арлекіна з Мальвінай, узяўшыся за рукі, пабеглі па ёй. Нягледзячы на тое, што ножкі ў лялек былі маленькія, дарожка лёгка і хутка прывяла іх у прыгожы двор да вялікага будынка, на дзвярах якога была прыбіта шыльда "Дзіцячы дом".
     Раніцай з дома ў двор выбеглі гуляць дзеці. Яны ўсё зразумелі, калі ўбачылі лялек, якія сядзелі каля дзвярэй. Дзеці бралі іх у рукі, прыціскалі да сябе і ўсміхаліся. Яны былі вельмі рады таму, што зараз у іх лялечным тэатры будуць жыць вясёлы клоўн Арлекіна і такая прыгожая лялька Мальвіна! Ды і сам клоўн Арлекіна быў вельмі рады сустрэчы з дзецьмі. Ён тут жа пачаў іх смяшыць. Дзеці рагаталі, гледзячы на яго, і разам з усімі весела смяялася лялька Мальвіна.
     
     Вось такая гісторыя здарылася з лялькамі. Але самае галоўнае ў гэтай гісторыі тое, што ўжо ніхто ніколі не разлучыць Арлекіна з Мальвінай. Яны пасяліліся ў доме, дзе жывуць дзеці, і ёсць сапраўдны дзіцячы лялечны тэатр.
     
     p.s. На фота аўтара казкі работа народнай рамесніцы Алены Ілларыонавай, г. Мінск
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.04.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100