Буслянка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Буслянка
Буслянка
Летась у вёсцы, дзе жыве Мікіта, здарылася бяда. Ураган зламаў шмат старых дрэў, нават сарваў дах з адрыны ў яго двары. Але галоўная непрыемнасць для хлопчыка была ў тым, што на гэтым даху жыла сям'я буслоў. На шчасце, да таго здарэння яны ўжо змаглі падгадаваць свайго сыночка, бусляняці. Ён навучыўся ўзлятаць з гнязда ўсяго за некалькі дзён да каварнага ўрагану!      А калі гняздо разам з дахам знесла на зямлю, птушкі адляцелі. Але куды? Мікітка не ведаў. Можа быць, яны перабраліся ў найбліжэйшы лес альбо адшукалі іншую парожнюю буслянку, дзе і жылі да самага пералёту на поўдзень.
     Увосень дзед з бацькам адрамантавалі адрыну. Мікітка дапамагаў ім адпілоўваць дошкі і нават забіваў цвікі. Вось толькі пра буслянку ніхто так і не ўспомніў. Усім было не да таго.
     Ранняй вясной, яшчэ не сышоў снег, Мікітка сказаў бацьку:
     – Тата! Як ты думаеш, прыляцяць да нас сёлета буслы?
     – Мабыць, прыляцяць. Яны памятаюць, дзе іх старое леташняе гняздо, і часцей селяцца менавіта ў ім.
     – Татачка! Буслы да нас прыляцяць, а гнязда няма! – засмуціўся хлопчык.
     – А ты вельмі хочаш, каб буслы ізноў пасяліліся ў нашым двары? – спытаў бацька, неяк вельмі хітра зірнуўшы на сына.
     – Вядома, хачу! Яны ж нам як родныя.
     – І то – праўда. Не хвалюйся, сынок. Я знайду час, і мы з табой змайструем ім буслянку.
     Бацька не зманіў. Неўзабаве ў двары закіпела работа. Мікітка з татам майстравалі новае гняздо для буслоў. Уход пайшло старое кола ад ровара і яшчэ іншыя прыстасаванні.
     Нарэшце, усё было гатова. І добрая буслянка пасялілася на старым месцы, аднак ужо на новым даху адрыны.
     – Ух, ты! Выдатна! – хлопчык залюбаваўся вынікам сваёй працы.
     Цяпер засталося толькі чакаць буслоў. Прайшоў адзін тыдзень, другі. Мікітка ўвесь час назіраў за небам – ці не ляцяць знаёмыя птушкі?
     Аднойчы ў сонечны дзень яны прыляцелі. Буслы доўга кружылі над вёскай, як бы выбіраючы зручнае месца. Мікітка хваляваўся, баючыся, што птушкі выбяруць для сябе іншую буслянку, бо ў вёсцы іх было некалькі. Але, не! Стары бусел прыгадаў, дзе, у якім двары, жыў раней і прызямліўся менавіта на Мікіткіну адрыну. Птушкі ўважліва разглядвалі новае гняздо і, мусіць, засталіся задаволены. Назаўтра яны пачалі абнаўляць буслянку на свой лад. Нацягалі сухіх галінак, нават пух і пёры дзесьці знайшлі.
     – Будуць жыць, – задаволена ўсміхнуўся бацька. – Вось убачыш, хутка будзе прыбаўленне ў іх сям'і.
     А Мікітка і не сумняваўся ў гэтым. Як жа без малышоў? Яны павінны нарадзіцца. Ды і ў вёсцы жыхары не марнуюць дарэмна час. Вось ужо цётка Наталля і цётка Ганна шпацыруюць з дзіцячымі каляскамі. Неяк хлопчык зазірнуў туды. А там – немаўляты сапуць носікамі. Якія ж яны маленькія і цудоўныя!
     
      Гэтая казка на рускай мове
10.04.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100