Дзверцы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзверцы
Дзверцы
Сцёпка – хлопчык непаслухмяны, нікога не слухае, нікога не паважае. Нават родны дзед у яго не ў пашане. А той усё яшчэ працуе ў свае шэсцьдзесят сем гадоў. Вось і цяпер – на дварэ за поўнач, а дзядуля замест таго, каб адпачываць, сядзіць і штосьці майструе ў вялікім пакоі.      Гэта макет тэатральнай пастаноўкі. Дзед працуе галоўным мастаком-дэкаратарам. У яго тэатры збіраюцца паставіць новы спектакль, і дзядулю неабходна прыдумаць дэкарацыю для сцэны. Вось ён і займаецца тым, што фантазіруе на маленькім макеце.
     Сцёпка ўжо трохі разумее гэта рамяство дзеда. Спачатку ствараецца маленькі макет, дэталёвы, вывераны, дакладна супадаючы з памерамі сцэны, але паменшаны ў шмат разоў. І толькі потым дэкаратары пад кіраўніцтвам дзеда робяць усё гэта па-сапраўднаму для вялікай сцэны. Сцёпка бачыў шмат такіх гатовых макетаў. Ён ведаў, што яго дзеда хвалілі за іх, але асаблівай цікавасці да дзедавага рамяства хлопчык ніколі не адчуваў. Сам хлопчык нават не ўяўляў, чым будзе займацца ў будучыні, якую выбера для сябе прафесію…
     Цяпер жа разам з дзедам не спаў і Сцёпка. Толькі не ў падтрымку яму, а проста таму, што захапіўся новай вельмі цікавай камп’ютарнай гульнёй. Добра, што мама ўжо спала, і не чапала яго, бо заўтра ва ўсёй сям'і выхадны дзень.
     Але вось у вялікім пакоі пагасла святло. Дзед пайшоў спаць. Сцёпка салодка пазяхнуў, пацягнуўся, выключыў камп’ютар. Дзеля цікавасці вырашыў паглядзець, што ж там змайстраваў яго дзед. Паціху падышоў да дзедавага макету, уключыў настольную лямпу, і што ж ён убачыў?
     На мініяцюрнай сцэне стаяць дзверцы, а за імі – дарожка. На небе – сонца і аблокі, уздоўж дарожкі растуць дрэвы. Паглядзеўшы на ўсё гэта, Сцёпка не вытрымаў, дзеля цікавасці пхнуў дзверцы. Яны павярнулася. "Нават адчыняюцца", – падумаў хлопчык. Пхнуў яшчэ раз, потым яшчэ, дзверцы ляпнулі. Сцёпку спадабаўся гэты занятак, і ён мацней пхнуў дзверцы. А тыя раптам не вытрымалі і зламаліся!
     – Ох! – хлопчык нахмурыўся. Паспрабаваў прымацаваць дзверцы назад – не атрымалася. – Яшчэ адна праблема! – раздражнёна прашаптаў хлопчык. Паглядзеў на сад, што быў за гэтымі няўдачлівымі дзверцамі. І раптам …
     Ён апынуўся там, на той самай дарожцы ў казачным садзе! Стаіць, азіраецца па баках. Вакол нікога. Ззаду зламаныя дзверцы ляжаць.
     – Дзе гэта я? – здзівіўся Сцёпка.
     – У нашым садзе, – зашалясцелі дрэвы. – Паспрабуй мой яблычак! Не, мой! Мой, мой! Ты такіх ніколі не еў! – Дрэвы наперабой працягвалі да яго свае галіны з цудоўнымі ружовымі яблыкамі.
     – Навошта! Я не хачу есці! – спалохаўся Сцёпка і пабег наперад.
     У канцы саду ён убачыў маленькага чалавечка, які сядзеў на лаўцы і хітра пазіраў на яго. Сцёпку здзівіла тое, што гэты чалавечак як дзве кроплі вады быў падобны на цацку, якая стаяла ў яго сястрычцы Светкі на тумбачцы. Сцёпка не аднойчы падкідваў да столі гэтую дзявоцкую цацку і нават аднойчы ледзь не разбіў. Тады Светка ўбачыла і адабрала.
     – Сардэчна запрашаем у наша мястэчка! – сказаў чалавечак.
     – Ты хто? – спытаў Сцёпка.
     – Я – Гномік. Няўжо ты мяне не пазнаў?
     – Выведзі мяне адгэтуль, – папрасіў Сцёпка. – Я хачу пайсці дадому!
     – Добра, – адказаў Гномік. – Толькі спачатку я з нечым пазнаёмлю цябе. Пойдзем!
     – Навошта? – абурыўся Сцёпка.
     – Гэта спатрэбіцца табе ў жыцці.
     – Калі так, – разважыў хлопчык, – паказвай!
     І Гномік павёў Сцёпку па казачнаму мястэчку. Вакол стаялі хаткі, прыгожыя і незвычайныя. "Такія хаты будавалі раней", – узгадаў хлопчык. Па тратуару насустрач ім ішоў вайсковец. На грудзях ў яго паблісквалі медалі.
     – Добры дзень! – прывітаўся з ім Гномік. – Са службы на адпачынак?
     – Так, сапраўды! – усміхнуўся вайсковец і пайшоў далей.
     – Хто гэта? – спытаў Сцёпка.
     – Памятаеш, гэта той хворы дзядуля, якому ты некалі не саступіў месца ў аўтобусе. Толькі тут ён яшчэ малады і здаровы. Ты бачыў, колькі ў яго ўзнагарод на мундзіры? Да сустрэчы з табой у аўтобусе ён яшчэ здзейсніць шмат высакародных учынкаў і нават будзе рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання людзей.
     – Падумаеш! – “ляпнуў” Сцёпка. Аднак яму стала сорамна, і ён счырванеў.
     – Я хачу дадому! – яшчэ раз сказаў хлопчык, але Гномік упарта вёў яго наперад.
     З вялікага будынка, падобнага на тэатр, даносілася музыка.
     – Гэта вальс, – пазнаў Сцёпка.
     Нядаўна сястра вучыла яго танчыць. Сама яна добра танчыла, бо ўжо не адзін год займалася ў танцавальнай студыі. Сцёпка пакуль яшчэ не ўмеў плаўна кружыцца ў рытме вальса. Але гэты танец яму спадабаўся.
     Гномік павёў хлопчыка ва ўнутр будынка. Яны падняліся па прыступках на другі паверх. Дзверы ў вялікую асветленую залу былі расчыненыя. На гладкім бліскучым паркеце танчыла ўсяго толькі адна пара. Але якая! Такога прыгожага зладжанага танца Сцёпка ніколі не бачыў, ды і танцоры ў старадаўніх уборах былі вельмі прыгожыя і грацыёзныя.
     "Як добра ў іх атрымліваецца!" – Сцёпка з зайздрасцю сачыў за танцам.
     – Хто гэта? – спытаў ён у Гноміка.
     – Гэтыя танцоры былі знакамітыя на ўвесь наш горад і не толькі! Тут яны яшчэ маладыя і, вядома, ты б не пазнаў іх у тых старых – бабулі з дзядулем, якія ішлі праз дарогу з палачкамі, і якіх ледзь не збіў аўтамабіль. Ты ж не дапамог ім перайсці дарогу і ўцёк, нават калі яны прасілі цябе ім дапамагчы!
     Сцёпку зноў стала сорамна:
     – Добра, я зразумеў, што старым быць нялёгка, і буду дапамагаць усім, толькі выведзі мяне адгэтуль.
     – Калі так, то вяртайся дадому вунь праз тыя дзверы! – Гномік паказаў на дзверцы ў канцы яблыневага саду.
     – Хто ж іх паправіў? – здзівіўся Сцёпка. – Я ж нядаўна іх зламаў.
     – Іх паправіў вось гэты цудоўны майстар! – хітра ўсміхаючыся, Гномік паглядзеў на хлапчука, які штосьці майстраваў у старонцы за драўляным сталом.
     – Хто гэта? – не зразумеў Сцёпка. Ён бачыў перад сабой юнака, неверагодна падобнага на яго самога!
     – Гэта твой дзед. Ты ж павінен ведаць, што твой дзядуля не заўсёды быў старым. Калі ён быў такім, як ты цяпер, то вельмі стараўся добра вучыцца ў школе. Апрача таго, ён працаваў і вывучаў любімыя рамёствы. Усё гэта яму спатрэбілася ў дарослым жыцці. Пасля заканчэння тэатральнага вучылішча ён шмат гадоў працуе ў тэатры. Там ганарацца работамі твайго дзеда і шануюць яго, як выдатнага дэкаратара.
     Пасля такіх добрых слоў Сцёпку не прыйшлося чырванець. Наадварот, у ім прачнуўся гонар за свайго дзеда. І адразу пасля таго, як ён падумаў пра гэта, хлопчык апынуўся дома. На дзедавым макеце, як і раней, ляжалі адарваныя дзверцы. Але Сцёпка не стаў іх чыніць, пабаяўся сапсаваць і лёг спаць. Раніцой разам з дзедам яны хутка аднавілі макет. А потым Сцёпка падрабязна распытаў дзеда пра яго новую работу.
     Вандраванне ў казачнае мястэчка не прайшло для хлопчыка дарэмна. Ён стаў уважлівей ставіцца да старэйшых і да сваіх родных. Нават вучоба ў школе ў яго палепшылася. Можа таму, што ў хлопчыка з'явілася мэта – ён вельмі захацеў працягнуць справу свайго дзеда і аднойчы стаць тэатральным дэкаратарам. Для гэтага, Сцёпка цвёрда зразумеў, трэба старанне, цярпенне, уменне і жаданне шмат чаму навучыцца.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.01.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100