Якая ж яна гарэза, гэтая Снежная Каралева! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Якая ж яна гарэза, гэтая Снежная Каралева!
Якая ж яна гарэза, гэтая Снежная Каралева!
Дзесьці вельмі-вельмі далёка, на самай Крайняй Поўначы, жыла Снежная Каралева ў сваім ледзяным палацы. Ніхто, акрамя яе, ніколі не быў там, ніхто ні разу ў жыцці не бачыў незвычайна яскравага, зробленага з ледзянога хрусталю каралеўскага палаца. Вось толькі ад усёй гэтай прыгажосці веяла лютым холадам, а гарачыя сонечныя прамяні не спяшаліся зазірнуць туды.      Сумна і самотна было Снежнай Каралеве ў пустым палацы. І таму яна калі-нікалі адпраўлялася ў госці да людзей і звяроў ў паўднёвыя мясціны Зямлі. Апрануўшы свой белы святочны, вытканы з мільёнаў сняжынак убор, яна ляцела ў вытачаных з люстранога лёду санках, пакідаючы ў небе мігатлівы перламутравы след, які людзі празвалі Паўночным ззяннем. Санкі слізгалі па небе, а тым часам ўнізе, ля зямлі, дзьмулі моцныя халодныя вятры, намятаючы гурбы са снегу і марозячы ўсё на сваім шляху. Разам з сабой Снежная Каралева прыносіла суровую і халодную зіму і была рада таму, што прымушае ўсіх трохі памерзнуць. Справа ў тым, што ў яе быў вельмі кепскі характар, але інакш і быць не магло, бо сэрца ў Каралевы было ледзяное!
     Аднойчы пралятаючы міма адной невялікай драўлянай хаты, яна заўважыла там вельмі прыгожага Аленя. Яго вялікія галінастыя рогі так спадабаліся Снежнай Каралеве, што яна адразу ж вырашыла забраць Аленя і павезці разам з сабой! Зірнуўшы на небараку, Каралева імгненна зачаравала яго. Алень, быццам заварожаны, кінуўся і пабег за бліскучымі санкамі! Снежная Каралева прывяла яго ў свой халодны ледзяны палац і ператварыла ў паслухмянага слугу. Малады Алень быў так моцна зачараваны новай гаспадыняй, што зусім забыўся пра свайго ранейшага гаспадара. Ён забыўся пра ўсё, што было з ім раней, і яго сэрца ператварылася ў ільдзінку!
     А сапраўдны гаспадар Аленя, вельмі добры хлопец, выявіўшы згубу горача любімага сябра, расхваляваўся і засумаваў. Ён даведаўся ад дрэў, якія раслі каля яго хаты, што Аленя выкрала Снежная Каралева. Юнак моцна тужыў, не ведаючы, як вярнуць няшчаснага. Ісці на Крайнюю Поўнач ён не вырашаўся, бо ведаў, што не зможа туды дабрацца і немінуча загіне ад лютага марозу.
     Аднак, з кожным днём усё часцей і часцей, зямлю пачало саграваць па-вясноваму цёплае Сонейка. Яно пераканала хлопца не баяцца, а ісці ратаваць свайго сябра, і абяцала яму ў гэтым дапамагчы. Юнак вырашыўся і адправіўся ў няблізкую дарогу. Сонейка дапамагала яму, сагравала яго і стяжынку, па якой ён ішоў.
     Прайшло шмат доўгіх дзён, пакуль хлопец дабраўся туды, дзе жыла Снежная Каралева. Ён нагадаў, што Сонейка параіла яму не глядзець на зіхатлівы палац, каб не аслепнуць ад незвычана моцнага святла, якое адлюстроўвалася ад яго ледзяных сцен і даху. Але як жа, не бачачы, адшукаць там Аленя? І тады хлопец пачаў клікаць свайго сябра. Ён клікаў яго так настойліва, столькі тугі было ў яго голасе, што абледзянелае сэрца Аленя пачало адтаваць. Алень прачнуўся ад ледзянога сну і імкліва кінуўся насустрач свайму сапраўднаму гаспадару. Хлопец у міг ускочыў на Аленя, і яны памчаліся дахаты!
     Снежная Каралева кінулася за імі наўздагон, але была спынена гарачымі прамянямі Сонейка. Яе сукенка пачала раставаць. Спалохаўшыся, што яна можа растаць уся, Каралева развярнулася на сваіх санках і панеслася назад. Яна схавалася вельмі далёка ад людзей і сонечных прамянёў. А яе палац, застаўшыся без гаспадыні, паступова растаў, ператварыўшыся ў ручаі адталай вады.
     
     Цёплая вада ад расталага снегу панесліся на поўдзень, па дарозе падтопліваючы лясы, палі, лугі, апавяшчаючы ўсіх жыхароў гарадоў і вёсак аб надыходзе вясны.
     
      Гэтая казка на рускай мове
08.01.17
Каталог TUT.BY Rambler's Top100