Ледзяная прыгажуня (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ледзяная прыгажуня (казка)
Ледзяная прыгажуня (казка)
У вялікі горад прыйшла сапраўдная зіма – выпаў першы снег. Уся зямля пакрылася пухнатым белым покрывам. Больш за ўсіх радаваліся гэтаму дзеці. З раніцы, вызірнуўшы ў вокны і ўбачыўшы на зямлі, дахах хат, галінках дрэў белы іскрысты снег, яны радасна крычалі сваімі звонкімі галасамі:      – Ура! Снег! Можна пагуляць у снежкі і нават выляпіць снежную бабу!
     Быў выхадны дзень, у школу ісці не трэба, таму двор вялікага шматпавярховага дома хутка запоўніўся дзецьмі. Яны ўсміхаліся, у дзіцячых вачах гарэлі агеньчыкі захаплення. Праз некаторы час пасярод двара з'явілася снежная баба, вылепленая з першага снегу рукамі гэтых няўрымслівых дзетак.
     Дзяўчынка Саша ўважліва паглядзела на снежную бабу, на імгненне пра штосьці падумала, затым акуратна, быццам скульптар, падправіла яе твар, вочы, доўгую белую сукенку. Потым дзяўчынка прынесла з хаты і апранула снежнай бабе на галаву самаробную карону. І адбыўся цуд! Снежная баба ўраз папрыгажэла і памаладзела, ператварыўшыся ў сапраўдную Снягурку!
     Так не зусім звычайным, можна нават сказаць, чароўным спосабам дзяўчынка Снягурка з дапамогай дзетак пасялілася ў двары іх шматпавярховага дома.
     Зіма з самага пачатку атрымалася снежнай і марознай, такой, якой ёй і варта было быць. Таму Снягурка не магла растаць. Яна стаяла пасярод двара і цешыла ўсіх жыхароў свайго дома. Праходзячы міма Снягуркі, людзі ўсміхаліся і глядзелі ў яе вялікія прыгожыя вочы. Яна ж усміхалася ўсім, як бы кажучы: "Праўда, я прыгожая? Хутка Новы год, і вы будзеце сустракаць яго разам са мной!"
     Дзеці любілі і бераглі сваю Снягурку. Яны падпраўлялі ўсе заганы, якія часам узнікалі з-за раставання снегу і лёду. Так усю зіму казачная дзяўчынка і жыла ў двары вялікага дома. Вакол яе ляжаў снег, сама ж яна ўся абледзянела. Калі ж яркае зімовае сонца прабівалася з-за снежных аблокаў, Снягурка азаралася чароўным святлом. Здавалася, што яе карона і сукенка пераліваюцца на сонцы мільёнамі перламутравых зорачак. Ледзяная прыгажуня глядзела на ўсё, што адбывалася ў двары, і цешылася марознай і снежнай зімой, тым, што нарадзілася на белы свет і жыве! Небарака і не здагадвалася, што з надыходам вясны яна растане...
     Аднойчы да Снягуркі падышоў малады хлопец. Ён не жыў у вялікім доме гэтага двара, проста праходзіў міма. Снежная прыгажуня чамусьці нагадала яму дзяўчыну, з якой ён калісьці сябраваў, каханне да якой яшчэ захоўвалася ў яго сэрцы. Хлопец сказаў Снягурцы:
     – Ах, якая ж ты прыгожая! – і злёгку правёў далонню па яе твары.
     Вочы яго блішчалі ад здзіўлення і нечаканых успамінаў. А Снягурка? Хіба яна магла ведаць, што рабілася ў душы гэтага маладога чалавека! Але яго дабрыня прымусіла схамянуцца яе ледзяную душу. З таго часу яна кожны дзень узіралася ў твары людзей і чакала яго. Але хлопец не прыходзіў. Дарма яна думала пра яго. Снягурка хоць і была прыгажуняй але, на жаль, яна зроблена са снегу і лёду. Усе, акрамя яе, разумелі гэта. Праз некаторы час скончыцца зіма, і надыйдзе вясна. Прыгрэе сонейка, і Снягурка растане. Растане ўся яе краса, ператварыўшыся ў звычайную талую ваду.
     Мілая бедная Снягурка! Ты ні ў чым не вінаватая. Тваё ледзяное сэрцайка білася моцна-моцна, яно чакала кахання і цяпла. Але нічаму гэтаму не наканавана было здзейсніцца...
     А што ж здарылася з хлопцам? Неяк улетку, ізноў праходзячы праз гэты двор, ён раптам успомніў пра ледзяную прыгажуню, якой любаваўся тут узімку, і толькі ціхая і добрая ўсмешка прабегла па яго твары…
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.12.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100