Чароўная Зорачка (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўная Зорачка (чытае аўтар)
З неба на зямлю падаў снег. Вялікія камякі з халодных сняжынак лажыліся на цёплыя дахі хат, на зялёную траву і пяшчаныя дарожкі дзіцячага садка. Але яны тут жа раставалі, ператвараючыся ў маленькія лужынкі. На календары быў канец па-восеньскаму цёплага снежня. Спадарыня Зіма ведала гэта, таму вырашыла зрабіць першы зімовы падарунак усім людзям – дзеткам і дарослым…      
     У двары дзіцячага садка расла Ялінка, пухнатая вечназялёная прыгажуня. Калі яе іголачкі пакрыліся кропелькамі расталага снегу, Ялінцы адразу стала неяк няўтульна. Яна паварушылася і стрэсла з сябе халодную ваду.
     – Змерзла? – спытаў у яе чорны Крумкач.
     Ён часам прылятаў з лесу, дзе было яго гняздо, у двор дзіцячага садка, каб паглядзець, як тут жывуць дзеці. Крумкач падлятаў да акна і глядзеў, чым у пакоях займаюцца малышы. Яму заўсёды хацелася зрабіць для іх што-небудзь добрае і цікавае!
     – Хутка Новы год, – паведаміў Ялінцы Крумкач. – Было б добра, калі б выхавальнікі дзіцячага садка здагадаліся ўпрыгожыць цябе да свята. Тады б і я змог павесяліцца разам з дзецьмі тут, каля цябе, на навагоднім ранішніку.
     – Добра было б, – падтрымала яго Ялінка. – Мяне яшчэ ні разу ў жыцці не прыбіралі ў навагоднія ўпрыгажэнні.
     На дварэ быў вечар, але праз некаторы час усюды стала цёмна, як уначы. Гэта адбылося таму, што ўзімку сонца сыходзіць з неба нашмат раней, чым улетку. Крумкач паспяшаўся адляцець у лес, дзеці разыйшліся па хатах разам са сваімі бацькамі. Ялінка засталася адна ў пустым панадворку. Толькі ёй чамусьці не спалася. Яна марыла пра навагодняе свята. У летуценнях дрэўца ўяўляла сябе казачнай прынцэсай у чароўным уборы, упрыгожаным рознакаляровымі перламутравымі агеньчыкамі.
     А тым часам на небе адбываліся цуды!
     Там спадарыня Зіма стварала снежныя аблокі і адпраўляла іх да Зямлі. Часцей за ўсё яна любіла гэта рабіць ноччу, калі людзі ўжо ўлегліся ў свае цёплыя пасцелі. Зіме падабалася думаць пра тое, што раніцай, зірнуўшы ў акно, хтосьці здзіўлена скажа:
     – Дзеці, паглядзіце, колькі за ноч выпала снегу! Усё навокал стала белым: дрэвы, кусты, машыны, дарожкі, дахі. Як гэта падобна на казку!
     Апрача таго, Зіма не забылася яшчэ пра адну важную справу. Ёй трэба было стварыць чароўныя сняжынкі для навагодняга ўбору Снягуркі. Гэты ўбор ужо быў пашыты галоўнымі майстрыхамі Зімовага Каралеўства. Заставалася толькі ўпрыгожыць яго чароўнымі сняжынкамі.
     Спадарыня Зіма дастала з ледзяной скрыначкі сваю чароўную палачку і правяла ёю па небу так, быццам апісала круг. І тут жа ў гэтым крузе зазіхацелі, зайгралі рознакаляровымі агеньчыкамі тысячы маленечкіх сняжынак. Усе яны былі выдатныя, быццам вытканыя з найчыстай і найбелай нябеснай павуцінкі!
     – Добра. Чароўныя сняжынкі ўжо гатовыя. Раніцай я перадам іх Снягурцы. Хай сама думае, як лепш прымацаваць іх да новага навагодняга ўбору, – прамовіла спадарыня Зіма і паляцела адпачываць у сваё Каралеўства.
     А на Зямлю ўсё яшчэ падаў снег з тых снежных аблокаў, якія яна стварыла. І толькі аблачына з чароўных сняжынак, прызначаных Снягурцы, вісела ў небе і чакала раніцы. Неўзабаве ўсе чароўныя сняжынкі, акрамя адной, самай цікаўнай, заснулі.
     Цікаўная Сняжынка не спала, яна разглядала зорнае неба і Зямлю. А ў гэты час і ў небе, і на Зямлі гарэлі і мігацелі агеньчыкі! Вы, дзеці, вядома, ведаеце, што за агеньчыкі зіхацяць уначы ў небе (зоркі) і на Зямлі (ліхтары, ілюмінацыя ў гарадах). Цікаўная Сняжынка гэтага не магла ведаць, бо яна толькі нарадзілася на свет. Ёй вельмі хацелася дакрануцца хоць да аднаго агеньчыка! Таму яна выпырхнула з чароўнай аблачыны і накіравалася ўгару, да зорак, адчайна размахваючы шасцю ажурнымі крыштальнымі лапкамі.
     Аднак усім вядома, што сняжынкі – стварэнні вельмі далікатныя. Яны ляцяць да Зямлі асцярожна, імкнучыся не варушыцца. А чароўная Сняжынка зусім забылася пра асцярожнасць. Яна так круцілася, што яе найтонкія крыштальныя лапкі абламаліся. У няшчаснай чароўнай Сняжынкі цэлым засталося толькі цельца!
     – Што я нарабіла! – спалохалася чароўная Сняжынка і рванулася назад да сваёй аблачыны. Ёй стала непрыемна за такую неасцярожнасць...
     
     Раніцай спадарыня Зіма адправіла ўсе чароўныя сняжынкі да Снягуркі. Сняжынка, у якой абламаліся крыштальныя лапкі, не паляцела разам з усімі. Яна засталася са сваёю бядою, усё яшчэ спадзяючыся на цуд. Але крыштальныя лапкі ўжо не маглі вярнуцца да яе.
     – Што я магу для цябе зрабіць? – хвалявалася разам з ёй спадарыня Зіма. – Цяпер чакай ночы. Я адпраўлю цябе разам з новым снежным воблакам на Зямлю, але вярнуць табе твае страчаныя лапкі ўжо не змагу.
     Пачуўшы гэта, бедная Сняжынка горка заплакала. Ёй было так крыўдна, так крыўдна! Яна ж не простая сняжынка, а чароўная, хоць і без ажурных крыштальных лапак. Ёй бы красавацца на сукенцы або кароне Снягуркі, а зараз прыйдзецца растаць на зямлі і ператварыцца ў лужынку вады.
     Чароўная Сняжынка плакала і плакала, і з яе сярэдзінкі цяклі струменьчыкі чароўнай вадзіцы.
     – Вось яшчэ! Ты хочаш зрабіць тут мора вады! – незадаволена прамовіла Зіма, калі позна ўвечары ўбачыла заплаканую Сняжынку.
     – Прыйдзецца пашкадаваць цябе. Зараз я замарожу струменьчыкі тваіх слёзак, і ты станеш зорачкай. Няхай не сапраўднай, а цацачнай. Апусцішся на зямлю, хто-небудзь знойдзе цябе і прымацуе на верхавіну навагодняй Ёлкі. Там ты заблішчыш, быццам Віфліемская Зорка!
     Спадарыня Зіма ўзмахнула чароўнай палачкай, і адбыўся новы цуд. Чароўная Сняжынка ператварылася ў навагодні ўбор для Ёлкі! Разам са сняжынкамі, створанымі спадарыняй Зімой гэтай ноччу, яна паляцела да зямлі і выпадкова патрапіла ў двор таго самага дзіцячага садка. Сняжынка нічога не бачыла ў цемры ночы і, стомленая, імгненна заснула.
     Раніцай у двор дзіцячага садка зноў прыляцеў чорны Крумкач. Ён заўважыў штосьці яркае на зямлі і зразумеў, што гэта навагодні ўбор для верхавіны Ёлкі.
     – Мабыць, табе хтосьці даслаў з неба гэтую Зорачку. Зараз я надзену яе на тваю верхавіну, – паведаміў ён Ялінцы.
     Крумкач спрытна падняў чароўную Сняжынку, а цяпер ужо чароўную Зорачку з зямлі і прымацаваў яе да верхавіны Ялінкі. Зорачка прачнулася. Яна зразумела, што знаходзіцца на верхавіне Ялінкі і так абрадавалася, што тут жа зазіхацела чароўнымі агеньчыкамі! А ціхоня Ялінка замерла ад захаплення. Ніколі яшчэ на яе верхавіне не ззяла чароўная Зорачка.
     – Якая прыгажосць! – здзівіўся чорны Крумкач. – Я распавяду ўсім, што выдатней цябе няма ніводнай навагодняй Ёлкі! Хай цябе ўсю, Ялінка, апранаюць у навагодні ўбор.
     І вось, калі на шпацыр у панадворак дзіцячага садка выйшлі дзеці разам з выхавальніцамі, Крумкач зрабіў так, каб усе зразумелі яго высакародную задуму. Ён рупліва махаў вялікімі чорнымі крыламі і падлятаў да Ялінкі, паказваючы людзям на яе верхавіну.
     Нарэшце, усе заўважылі зіхатлівую Зорачку.
     – Зорачка! Няўжо, яна прыляцела да нас у садок з неба? – здзівіліся выхавальніцы. – А давайце прыбяром нашу Ялінку да Новага года! Тут, побач з Ялінкай, мы правядзём навагодні ранішнік, – вырашылі ўсе.
     
     Якое ж гэта было шчасце для Ялінкі, для чароўнай Зорачкі-Сняжынкі, для чорнага Крумкача, для дзяцей і для ўсіх запрошаных!
     У прызначаны дзень галоўнае навагодняе свята дзіцячага садка прайшло ў панадворку ля святочна ўпрыгожанай, сапраўднай жывой навагодняй Ёлачкі! Дзеткі ў карнавальных касцюмах вадзілі вакол яе карагоды, спявалі песні і чыталі вершы. Дзядуля Мароз і Снягурка дарылі ўсім малышам падарункі.
     На верхавіне Ёлачкі ззяла чароўная Зорачка-Сняжынка. Ніхто з людзей не ведаў яе таямніцу. Толькі аднойчы хтосьці з гасцей, зірнуўшы ўверх, сказаў:
     – Ведаеце, гэтая Зорачка незвычайна яркая, яна вельмі падобная на Віфліемскую Зорку!
     
     А ў гэты час з неба на Зямлю глядзела сапраўдная Віфліемская Зорка. Яна цешылася, бачачы шчаслівыя тварыкі дзетак, і жадала ўсім людзям самага лепшага, самага чароўнага Новага года!
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.12.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100