Нашы крылатыя сябры (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нашы крылатыя сябры (аповед)
Нашы крылатыя сябры (аповед)
З даўніх часоў на Зямлі растуць трава, кусты і дрэвы. Калі паглядзець на нашу планету з космасу, яна падобная на пухнаты зялёна-блакітны шарык. Усе дрэўцы, кусцікі, кветачкі, што растуць на Зямлі, імкнуцца стаць самымі лепшымі і непаўторнымі. Вось чаму на Зямлі такія прыгожыя паркі і лясы. Яны быццам прыйшлі да нас з казкі!      Птушкі вельмі любяць зялёныя паркі і лясы. Увесну яны ўладкоўваюць сабе на галінках дрэў, у дуплах і на зямлі ўтульныя гняздзечкі і гадуюць у іх сваіх маленькіх птушанят. І ты, мой маленькі дружа, напэўна таксама прыходзіш у лес, каб падыхаць гаючым лясным паветрам ці сабраць кошык грыбоў альбо ягад.
     Даўным-даўно, калі людзі ўпершыню прыйшлі ў лес, яны пачулі, як з усіх бакоў, нібы звонкія ручайкі, ільюцца і льюцца вясёлыя і радасныя галасы птушак. Вядома ж, людзям захацелася паглядзець на маленькіх крылатых спевакоў. Аднак птушкі баяліся незнаёмцаў і хаваліся ад іх у глыбіні лесу. І толькі з надыходам халоднай зімы яны адважваліся і падляталі да жылля людзей. А людзі, бачачы галодных і змерзлых птушачак, шкадавалі іх і клалі ім у кармушкі ежу.
     Паступова птушкі прывыклі да людзей, і цяпер у парках і на дрэвах ля хат шматлікія птушкі будуюць свае гнёзды. І ты, мой дарагі дружа, вядома, не раз назіраў за сінічкай, верабейкам, варонай ці галчанём, за галубамі і чайкамі. А можа быць, табе нават пашчасціла ўбачыць у горадзе сароку-белобоку і пачуць яе трашчотку ці нават паслухаць спеў салавейкі, які схаваўся за пухнатымі галінкамі елкі, сасны або якога-небудзь іншага дрэва. А прыехаўшы ўлетку на адпачынак да сваёй бабулі ў вёску ці выбраўшыся з горада на дачу, табе, магчыма, пашчасціла ўбачыць белакрылага бусла, які ўладкаваў сабе гняздо на воданапорнай вежы або слупе. Вось толькі чорны бусел, родны брацік белага, ніколі не прылятае да людзей з лесу. Ён вельмі палахлівы, таксама як і шматлікія іншыя лясныя птушкі. Затое ластаўкі лепяць сабе гнёзды прама пад дахамі хат і нават на сценах цэркваў і касцёлаў. Такія хаткі ў іх атрымліваюцца трывалымі і цёплымі. Нават чайкі і качкі не баяцца і жывуць на рэках у вялікіх гарадах. Узімку і ўлетку яны не супраць паласавацца смачным пачастункам. І калі ля твайго акна вісіць кармушка для птушак, у якую ты снежнай зімой кладзеш кавалачкі хлеба ці зярняты, дык гэта вельмі добра, бо птушкі – нашы крылатыя сябры, і нам трэба ім дапамагаць.
     
      Гэтая казка на рускай мове
6.12.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100