Калядны падарунак ад Снягуркі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Калядны падарунак ад Снягуркі
Калядны падарунак ад Снягуркі
У адным маленькім гарадскім мястэчку пралягла ціхая вулачка пад назвай Шчаслівая. І стаяла на гэтай вулачцы старэнькая драўляная хатка з размаляванымі аканіцамі і разнымі варотамі, са студняй у двары і вялікім фруктовым садам. А ў хаце той жылі бабуля з дзядулем. У іхнем двары не было сабакі, затое ў хатцы жылі іх дарагія сябры: вясёлая пявуння Канарэйка, залатыя рыбкі ў акварыуме і разумны зялёнавокі Кот.      Старыя ўлетку расцілі ў гародзе гародніну, даглядалі дрэвы і кусты ў садзе, а ўзімку адпачывалі. Вось толькі дзядуля з бабуляй не сядзелі цэлымі днямі каля акенца і не ляжалі на печы, а займаліся творчасцю.
     Бабуля вязала цёплыя шкарпэтачкі і прыгожыя шапачкі дзеткам. Не сваім. Свае ў яе даўно выраслі і ў вялікі горад жыць з'ехалі. Яна дарыла вязаныя вырабы дзецям-сіротам або тым дзеткам, у бацькоў якіх не хапала грошай на прыгожую абноўку свайму дзіцяці. Усякае ў нашых сем'ях бывае, і беднасць часта не жадае пакідаць людскія хаты.
     А дзядуля ў іншых справах быў майстар залатыя рукі. Ён умеў выразаць з дрэва конікаў і сабачак, коцікаў і мышак, нават птушачак драўляных майстраваў. Потым свае вырабы стары размалёўваў яркімі фарбамі і раздорваў дзеткам на Масленіцу і Каляды. Вось якія добрыя і ўмелыя людзі жылі ў той старэнькай хатцы!
     Неяк у сонечны і марозны зімовы дзянёк ішла міма іх хаты Снягурка. Тая самая, што з навагодніх казак. Куды ішла? Ды ў лясны маёнтак, дзе яе чакаў Дзядуля Мароз. Казачны лес з маёнткам размяшчаўся зусім побач з мястэчкам. Убачыла Снягурка на даху дзедавай хаткі штосьці яркае бліскучае, быццам з казкі. Падышла бліжэй. Паглядзела. А гэта ледзякі вісяць і на сонцы пераліваюцца. Хораша так!
     Узяла Снягурка ледзякі ў руку. А яны ў тое ж імгненне ў крыштальную карону ператварыліся. Ах, якая казачная карона атрымалася – зіхаціць так, што вачам балюча!
     "Каму ж мне гэтую карону падарыць? – падумала Снягурка. – Калі яна на даху гэтай хаткі ажыла, дык для гаспадыні, бабулі, і прызначана. Гэтая карона нават амаладзіць бабульку зможа!"
     
     Але бабуля не стала насіць чароўную карону. Сваёй унучцы Любачцы ў горад пераслала яе да Каляд, як падарунак ад Снягуркі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.11.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100