Зачараваныя сястрычкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зачараваныя сястрычкі
Зачараваныя сястрычкі
У цудоўным квітнеючым садзе на беразе ракі стаяла вялікая драўляная хата з чарапічным дахам і высокім ганкам. У гэтай хаце жылі дзве прыгожыя дзяўчынкі-блізняткі разам са сваім бацькам. Маці іх памерла ад невылечнай хваробы, і дзяўчынак выхоўваў бацька. У хаце жыла старэнькая бабуля і сабачка Тяпа. Дзяўчынак звалі Оля і Таня, а тату – Саша. Увосень дзяўчынкам трэба было паступаць у школу. Сястрычкі ўжо ўмелі чытаць і лічыць да ста, але больш за ўсё ім падабалася спяваць і танчыць. У горадзе, дзе яны жылі, была спецыяльная школа з музычным ухілам. Дзяўчынкі хацелі ісці вучыцца менавіта ў яе.      Цяпер жа, у такі яркі вясновы дзянёк, блізняткі гулялі ў садзе.
     – Оля! Паглядзі на гэтую яблыню! Яе кветкі самыя буйныя і самыя пахкія! – казала Таня, паказаўшы на высокую яблыню, абсыпаную бела-ружовымі кветкамі.
     – Я ведаю, гэта белы наліў. Тата пасадзіў яе, калі мы нарадзіліся. Давай назавём нашу яблыню Прынцэсай! – прапанавала Оля сястры.
     Узяўшыся за рукі, дзяўчынкі закруціліся вакол Прынцэсы, напяваючы вясёлую песеньку. Усе дрэвы ў садзе любаваліся маленькімі пявуннямі. Нават птушачкі, седзячы высока на галінках, загледзеліся на іх. Гэтыя бялявыя блакітнавокія "весялушкі" ў яркіх паліто з вялікімі бантамі ў валасах былі чароўныя! Ім бы жыць-пажываць у вясновым садзе і цешыць тату! Але каварная бяда чуе, дзе каго "ўшчыпнуць", каму шчасце сапсаваць...
     
     Ішла па беразе ракі злая Ведзьма. Не старая, а маладая, ды шалапутная. Не было ў яе ні хаты, ні дзяцей. Хадзіла яна па гарадам і па мястэчкам, усё выглядвала, як бы нашкодзіць добрым людзям. Умела нягодніца вядзьмарыць, нячыстую сілу да сябе прыцягваць. І была ў яе прыхавана "чорная магія" ў выглядзе тонкай іголкі. Кальне Ведзьма ёю чалавека ці якую іншую жывую істоту, і тая ў драўляную цацку ператворыцца. У чамаданчыку вядзьмаркі ўжо ляжалі тры няшчасныя зачараваныя істоты: Сабачка, Коцік і Салавейка. Іх усіх яна ў цацачных марыянетак ператварыла.
     На плошчах мястэчкаў і гарадоў, Ведзьма адчыняла свой чамаданчык і прымушала цацачных марыянетак танчыць пад музыку так, як умеюць гэта рабіць простыя лялькі ў лялечным тэатры. А потым з усіх гледачоў яна сабірала плату за прадстаўленне. Гэтым і жыла.
     Праходзячы міма хаты з садам, Ведзьма ўбачыла прыгожых блізнятак і вырашыла іх у марыянетак ператварыць. Падкралася яна да дзяўчынак ззаду і ўкалола абедзвюх сваёй вядзьмарскай іголачкай. Як толькі зладзюжка гэта зрабіла, Оля і Таня зніклі. А замест іх у руках Ведзьмы з'явіліся дзве лялячкі – маленькія копіі жывых дзяўчынак. Узрадавалася Ведзьма, схавала іх у чамаданчык і паспяшалася непрыкметна ўцячы далей з чужога саду. Вось толькі яблыня Прынцэса паспела ўчапіць яе сваёй галінкай і сарваць з сукенкі зладзейкі тонкую бліскучую чорную стужачку.
     Увечар тата прыйшоў з працы і не знайшоў у хаце сваіх дзяцей.
     – Дзе Оля і Таня? – спытаў ён у бабулі. А тая толькі рукамі развяла. Не ведае, куды дзеліся сястрычкі, бо старая яна за імі сачыць.
     Адчуў тата Саша штосьці нядобрае, паклікаў Тяпу і пайшоў шукаць дочак. Як толькі да яблыні падышоў, тая галінку апусціла і стужачку яму аддала. Маўляў, шукай яе, Ведзьму праклятую, вось табе яе маёмасць! Тяпа стужачку панюхаў і тут жа "ўзяў" след зладзюжкі.
     Пабеглі яны ўздоўж ракі па слядах Ведзьмы. Доўга беглі, пакуль зусім не сцямнела, але да зладзюжкі дабраліся. А тая ўжо заначавала ў палатцы ля ракі. Тяпа ж, малайчына, адразу пачуў, дзе Ведзьма схавала свой чамаданчык, і гаспадару паказаў. Адчыніў Саша чамаданчык і ўбачыў пяць лялек-марыянетак.
     Але, як жа, іх вызваліць ад чар! І тут тата ўспомніў, як дзяўчынкам казкі пра ведзьмаў і ведзьмакоў чытаў. Адшукаў ён на дне чамаданчыка іголку, разламаў яе на дзве часткі і ўтапіў у рацэ. І ў той жа міг усе пяць марыянетак з чамаданчыка зніклі. А замест іх жывыя цэлыя і здаровыя Салавейка, Коцік і Сабачка, Оля з Таняй побач з ім апынуліся. Салавейка пырхнуў угару на неба, а Коцік з Сабачкай дахаты пабеглі.
     – Татачка! Тяпа! Пайшлі адгэтуль, – шапнулі сястрычкі і пацягнулі сваіх збавіцеляў далей ад злога месца.
     А праз хвіліну чамаданчык разам з палаткай згарэлі начыста. І не засталося ад іх нічога, акрамя чорнага дыму. Злая Ведзьма не то згарэла, не то ўцякла за трыдзевяць зямель. Але з тых часоў яе ніхто ніколі больш не бачыў.
     
     На наступную раніцу тата Саша і яго дачушкі абдымалі сваю дарагую яблыньку Прынцэсу і дзякавалі ёй за тое, што яна дапамагла ім у бядзе. І Тяпа быў тут жа. Ён радасна скакаў і віляў хвастом шчаслівы ад таго, што злая бяда ўцякла з іх хаты прэч.
     – Значыць, добрую яблыньку я ў садзе вырасціў! – цешыўся тата.
     
     А Оля і Таня былі шчаслівыя ад таго, што ў іх такая дружная сям'я, дзе ўсе клапоцяцца адно аб адным і ніколі не пакінуць у бядзе.
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.10.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100