Таямніца сіняга Мора - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Таямніца сіняга Мора
Таямніца сіняга Мора
У маленькай бухце каля прычала стаялі караблі – вялікія і маленькія, лёгкія і цяжкія. Стары чалавек глядзеў на іх і ўспамінаў даўнія сустрэчы з бывалым Ветразнікам, на спатканне да якога ў марскую бухту штораніцы прыходзіў у сваім дзяцінстве.      Якая неабсяжная наша Зямля! Колькі цудоўных адкрыццяў чакае тых, хто любіць вандраванні! Бывалы Ветразнік у той час ужо не адпраўляўся ў вандраванні, але колькі цікавых гісторый ён мог распавесці таму, хто з ім пасябраваў!
     Свайму новаму сябру, дапытліваму хлапчуку, Ветразнік паведаў пра адно дзіўнае вандраванне, у якім яму пашчасціла пабываць у юнацкасці. Тады ён таксама быў адважным і вельмі дапытлівым. У юнага Ветразніка было шмат сяброў, такіх жа адважных парусных караблёў. У тыя далёкія часы сябры часта адпраўляліся ў плаванні па марскіх абшарах. Юныя караблі навучыліся змагацца з моцнымі хвалямі і нават бурамі, але ні разу не змаглі наблізіцца да марскога гарызонту, каб паглядзець, што ж знаходзіцца далей, за ім?
     Колькі б адважныя караблі ні плылі ў далечыню, але да таго самага месца, дзе мора зліваецца з небам, яны ніяк не маглі даплысці. Гарызонт увесь час аддаляўся ад іх, і дабрацца да яго было проста немагчыма! Кожны раз караблям прыходзілася вяртацца ў родную бухту, так і не спазнаўшы сакрэту марскога гарызонту.
     Аднойчы ціхай летняй раніцай самы адважны парусны Карабель запытаўся ў Сонца:
     – Шаноўнае Сонца! Ты ж усё ведаеш! Калі ласка, растлумач нам, што знаходзіцца далей, за марскім гарызонтам?
     – Я прывяду вас туды, і вы самі ўсё ўбачыце, – адказала Сонца.
     – Як жа ты прывядзеш нас туды? Да марскога гарызонту дабрацца немагчыма!
     – Я папрашу сіняе Мора, яно адкрые вам сваю таямніцу. Аднак, каб дабрацца да гарызонту да вечара, вам прыйдзецца плыць на ўсіх парусах!
     
     На дасвітку, ледзь Сонца кранула паверхню Мора, моцныя і адважныя парусныя караблі адправіліся ў падарожжа. Увесь дзень яны плылі па марской дарожцы, якая асвятлялася яркімі сонечнымі прамянямі, а лепшы сябар, марскі Вецер, раздзімаў іхнія тонкія белыя ветразі. І вось, калі караблі, нарэшце, дасягнулі канца сонечнай дарожкі, яны ўбачылі тое, пра што вельмі хацелі даведацца!
     Так, так! Гэта быў той самы гарызонт! Там мора злівалася з небам і ператваралася ў аблокі!
     – Я паплыву туды, за гарызонт! – адзін за адным пракрычалі самыя адважныя і адчайныя караблі!
     І здарыўся цуд! Яны з сілай ірвануліся ў неба, але не зваліліся ўніз! Іх падхапіў Вецер! Ветразнікі ўзняліся ўгару і паляцелі ў далечыню, нібы легкакрылыя Матылькі!
     Гэта праўда! Усё так і было. Шкада, што наш юны Ветразнік не змог паляцець услед за сябрамі. Не, ён не спалохаўся, проста вельмі стаміўся, і ў яго не хапіла сіл падняцца ў неба. Але ўсё-такі ён пабываў там і ўбачыў тое, што хаваецца за марскім гарызонтам…
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.10.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100