Восеньскія клопаты і радасці (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Восеньскія  клопаты і  радасці (аповед)
Восеньскія клопаты і радасці (аповед)
Неяк занадта хутка ўслед за гарачым сонечным летам насталі восеньскія халады. Неба зрабілася шэрым і хмарным. Апрача таго зачасціў халодны надакучлівы дождж. Горад, яшчэ ўчора такі вясёлы, рознакаляровы і сонечны, стаў шэрым і непрыветлівым.      Але радыё бадзёрым голасам абяцала:
     – Сябры! Не хвалюйцеся, яшчэ будзе бабіна лета!
     І народ, падбадзёрыўшыся, стаў чакаць. Аднак дзесьці там, наверсе, мабыць вырашылі па-іншаму. З кожным днём халады толькі ўзмацняліся. У кватэрах стала зусім няўтульна, холадна і волка.
     Сёння Алег прыйшоў са школы стомлены. За лета ён адвык ад школьных нагрузак, і зараз яму прыходзілася прыкладаць неймавернае намаганне, каб уцягнуцца ў вучобу. Хоць сёмы клас яшчэ не адзінаццаты. Час ёсць, каб добра падрыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Хлопчык заўсёды марыў у будучыні стаць такім, як яго бацька: працаваць у добрай перспектыўнай фірме, мець зносіны з цікавымі, разумнымі і талковымі людзьмі і, вядома ж, паездзіць па свету ў замежкамандыроўкі.
     У бацькі праца – клас! Але стаць такім, як ён – цяжкая задача. Пры думцы аб гэтым Алег хмурыўся і апускаў галаву ўніз. Што і казаць, матухна-лянота часта падводзіла яго. І калі б ні мама!
     Яна ва ўсім дапамагала яму. Нават пра тое, што ў Палацы Моладзі, за возерам, працуе чатырохгадовы гурток па праграміраванню, яна першая пазнала і параіла запісацца. "Так! Сёння ж у шаснаццаць гадзін занятак!" – успомніў Алежка і, наспех перапрануўшыся, пабег на кухню. А там – дзед. Сядзіць, штосьці піша.
     – Дзед! Што ты пішаш? – Алег зірнуў на запісы.
     – Гэта я так, для сябе. Пішу, каб не забыцца, – дзед з ухмылкай паглядзеў на ўнука. – Вось мама табе ежу пакінула. Садзіся абедаць.
     – У мяне сёння яшчэ гурток у чатыры.
     – Тады спяшайся. А ўрокі калі будзеш вучыць?
     – Я ўчора алгебру і гісторыю зрабіў. Так што сёння лягчэй.
     – Добра.
     На тым гутарка і скончылася. Паабедаўшы і памыўшы за сабой посуд, Алежка пабег у свой пакой і сеў за ўрокі...
     
     Потым, ідучы на заняткі, унук сутыкнуўся з дзедам ужо на парозе кватэры:
     – Дзед, ты куды?
     – Пайду, прайдуся. Восень пройдзе, а я яе і не ўбачу. А потым ляжа снег, слізка будзе.
     – Правільна, ідзі, пагуляй у парку каля возера. Там цяпер хораша!
     Алежка пабег наперад у кірунку да парку, а ўслед за ім патупаў дзед. Ён глядзеў на ўнука і трохі зайздросціў яго лёгкай юнацкай паходцы. Калісьці і ён хутка бегаў і зусім не задумваўся пра старасць. Але яна неяк непрыкметна, усё ж, прыйшла.
     "Каб быць бадзёрым у старасці, трэба больш рухацца", – успомніліся парады, якія не раз давалі старым па радыё і тэлебачанню. Дык, як жа можна ўседзець у хаце, калі на дварэ залатая восень! Няхай яна халодная, няхай з дажджамі, з шэрым небам. Але ж бываюць і ўвосень выдатныя сонечныя дзянькі!
     А вось і ён, парк, стары-стары, яшчэ даваенны, зусім спусцелы чакае яго. Дзед падышоў да прычала. Улетку тут спыняецца невялікі прагулачны катэр. А цяпер нікога няма. Паглядзеў на возера – плёскае хвалямі, быццам жадае штосьці сказаць. "Пацямнела, астывае вада, – падумалася старому. – А дрэвы на астраўках яшчэ не абсыпалі залатую лістоту. Прыгажосць!"
     Дзед прысеў на лаўку ля прычала. Яшчэ раз агледзеўся. Пуста. Ніводнага чалавека. А ўлетку тут кроку не ступіць – вакол народ гуляе. Але каля ног, на зямлі, ужо круцяцца галубы, галкі, вераб'і, да берага плывуць качкі. Значыць, заўважылі яго, чакаюць, раптам пакорміць іх гэты сівавалосы чалавек.
     "Не баяцца. Прывыклі да людзей", – стары ўсміхнуўся, дастаў з кішэні пакецік з хлебнымі скарынкамі. Яго зубы. Яны ўжо дрэнна жуюць. Вось і застаюцца пасля ежы цвёрдыя скарыначкі хлеба. Але дзед іх не выкідвае, збірае для птушак. Яму радасць ад зносін, і птушкам хоць нейкая ежа.
     Вунь там, наводдаль ад галубоў, маладзенькія вароны, ганарлівыя прыгажуні, таксама сядзяць, чакаюць. Стары распакаваў мяшочак і стаў карміць птушак. Качкі ажывіліся, закракалі, выхопліваючы корм з вады і тут жа праглынаючы. Галубы тапталіся ля ног старога, даядаючы крошкі. А вароны – разумныя, усё робяць з сэнсам. Не спяшаючыся, набіраюць у дзюбу столькі кавалачкаў, колькі можна панесці, і адлятаюць у бок. Дзед заўважыў, як варона з'ела адзін кавалачак хлеба, а другі прыхавала – закапала ў зямлю пад кустом.
     "Разумная птушка – варона, – падумаў дзед. – Ды і добра прыжылася ў горадзе. Усякай ежы тут шмат. А яна ўсёедная".
     Пагутарыўшы з птушкамі, стары паволі пайшоў далей, да сваёй любімай алеі, дзе растуць высокія старыя ліпы.
     – Прывітанне! – ён прыклаў далонь да шурпатага ствала знаёмага дрэва, імгненна адчуўшы яго цяпло, яго дыханне! Здавалася, і дрэва адчула дакрананне старога. Вядома ж, менавіта так усё і было. У гэта імгненне чалавек і ліпа дакрануліся душамі!
     – Жыві! Расці! Я ведаю, ты будзеш доўга жыць, станеш тоўстай, у тры абхваты. Але ты памятай мяне. А я абяцаю, што пражыву яшчэ гадоў дваццаць і буду абавязкова прыходзіць да цябе!
     Лісце – жоўтыя, чырванаватыя, бардовыя высцілалі дарожку, па якой ішоў стары. Яны ляжалі ўсюды – на лаўках, на зялёнай траве, нават плавалі па вадзе ля берага возера. Вялікі прыбярэжны парк адпачываў у цішыні залатой восені.
     Стары ішоў па любімай ліпавай алеі, не спяшаючыся, паглыбіўшыся ў свае ўспаміны. Халаднаваты ветрык злёгку абдзімаў яго твар. А там, за возерам, на высокім беразе ракі ў Палацы Моладзі яго ўнук рупліва спасцігаў прамудрасці праграміравання. Удалечыні, за ціхімі і бязлюднымі алеямі парку кіпела вячэрняе жыццё вялікага горада. Канчаўся працоўны дзень, і людзі спяшаліся раз'ехацца па хатах, да сваіх сем'яў, да спраў і клопатаў. На прыпынках тоўпіліся людзі, ахінаючы шыі ў цёплыя шалікі. То тут, то там чуўся нечы кашаль. Раптоўныя халады чамусьці заўсёды прыносяць восеньскія недамаганні. Але, трэба жыць, не маркоцячыся і нічога не баючыся, цешачыся кожнаму дню, пражытаму на гэтай выдатнай Зямлі, і верыць у шчаслівы заўтрашні дзень.
     
      Гэты аповед на рускай мове
24.08.16
Каталог TUT.BY Rambler's Top100